Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакрэтная справа Жамчужнага спараджае шмат пытаньняў


Міхаіл Жамчужны, 2013 год
Міхаіл Жамчужны, 2013 год

Прызначаны на 6 кастрычніка ў Вярхоўным судзе касацыйны разгляд прысуду заснавальніка расфармаванай сёлета ўвесну грамадзкай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» 60-гадовага жыхара Віцебску Міхаіла Жамчужнага перанесены на больш позьні час. Гэта зьвязана з пратэстам пракурора, які палічыў ранейшы вэрдыкт абласнога суду — шэсьць гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі для паўторна асуджаных — мяккім і настойвае на сямі гадах утрыманьня Жамчужнага за кратамі. Сам асуджаны пакуль не этапаваны ў Менск для таго, каб прысутнічаць на касацыйным пасяджэньні.

Вядома, што маючае адбыцца недзе праз тыдзень-другі слуханьне, таксама як і дагэтуль працэс, пройдзе ў закрытым рэжыме. З боку Жамчужнага будзе толькі яго адвакат, які яшчэ на этапе папярэдняга расьсьледаваньня даў падпіску аб неразгалошваньні матэрыялаў справы. Такую ж падпіску даў і сам Жамчужны. Тым ня менш на волю ад яго ўсё ж трапілі некаторыя дакумэнты па судовай справе, у тым ліку перапісаная ад рукі рэзалюцыйная частка прысуду. Жамчужны, згодна зь ёй, асуджаны за «наўмыснае разгалошваньне службовых сакрэтаў, незаконнае набыцьцё сродкаў для негалоснага атрыманьня інфармацыі, а таксама даваньне хабару» (артыкул 376, частка 1, 2, артыкул 375, частка 1, артыкул 331, частка 1, 2).

Закрытасьць крымінальнай справы, а да таго ж ня меншая закрытасьць самой асобы колішняга дацэнта Віцебскага тэхналягічнага інстытуту, кандыдата тэхнічных навук, які свой першы тэрмін (2007—2012) атрымаў за злоўжываньні ў гаспадарча-дамоўнай навукова-практычнай дзейнасьці, спараджаюць чым далей тым болей самых розных пытаньняў. Напрыклад, чаму так шмат сакрэтнасьці вакол гэтай справы, якую нават не назвалі шпіёнскай? Ці чаму, паводле зьвестак, якія неафіцыйным шляхам трапілі з-за кратаў, Міхаіл праходзіць па справе адзін, бяз тых, хто атрымліваў ад яго хабар, і тых, каму далей перадавалася сакрэтная інфармацыя? Хто тыя, каму Міхаіл перадаваў незаконна здабытыя зьвесткі? Адкуль гэты, мякка кажучы, далёка не заможны чалавек браў грошы для даваньня хабару? Якая будучыня можа чакаць у калёніі, дзе ўтрымліваюцца паўторна асуджаныя або рэцыдывісты, вязьня пэнсійнага веку (паводле дзейных законаў ён не павінен працаваць), але безумоўна таленавітага канструктара-практыка, навукоўца, унівэрсытэцкага выкладчыка? І нарэшце пытаньне рытарычнае: ці ня больш па-гаспадарску ставілася да талентаў, пры ўсёй сваёй рэпрэсіўнасьці, таталітарная савецкая турэмна-лягерная сыстэма зь яе «шарашкамі»? Відавочна, на многія з гэтых пытаньняў мы атрымаем адказы ня хутка.

З апошняга інтэрвію: «Каб ацаніць сыстэму, трэба выйсьці за яе межы»

Публічным чалавекам Міхаіл ня быў. Блізкіх родных, прынамсі ў Беларусі, у яго няма. Наколькі вядома, жонка і дачка даўно зьехалі за мяжу. Недзе ў замежжы і брат. Ва ўсякім разе, пакуль Жамчужнага трымалі ў СІЗА, нейкіх запытаў ад людзей з бліжэйшага атачэньня ў заснаваную ім «Плятформу інавэйшн» не паступала.

Пасьля першай адседкі ён нідзе не працаваў. На ранейшае месца выкладчыка, зразумела, уладкавацца ня змог. Дзейнасьць у праваабарончай арганізацыі была валянтэрскай. Чым перабіваўся — невядома. Абсалютны бытавы мінімалізм гэтага чалавека пераконвае: ён і ўзбагачэньне праз хабарніцтва ды перадачу нейкіх сакрэтаў — рэчы несумяшчальныя.

Міхаіл Жамчужны, архіўнае інтэрвію
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:54 0:00

Гэтая размова была запісаная ў яго дома ў Віцебску. За некалькі месяцаў да арышту, якога не чакаў, Міхаіл Жамчужны вырашыў сваімі рукамі зрабіць у кватэры грунтоўны рамонт. У перапынках расказваў пра першую і на той час адзіную адседку, а таксама пра пляны на бліжэйшыя гады. Пра тое, што перамены пры ягоным жыцьці наўрад ці настануць, але сядзець склаўшы рукі таксама нельга:

«Незаконна рэпрэсаваных у Беларусі нямала, — гаварыў Міхаіл. — Тыя, хто быў асуджаны, хто адматаў свой тэрмін. Яны паглядзелі на гэтае жыцьцё з усіх бакоў, а згодна з тэорыяй сыстэм — каб ацаніць сыстэму, трэба выйсьці за яе межы — дык вось яны пажылі некаторы час па-за межамі гэтай сыстэмы, за дротам. Асабіста я, аналізуючы сытуацыю схільны лічыць, што за гэтым дротам насамрэч жывуць многія з так званых вольных. Больш вольным, аднак, адчуваеш сябе там. Там людзі больш шчырыя, хоць падонкаў таксама багата. Аднак такога „беспредела“, як тут, там усё ж няма. Атрымаўшы тую школу, зразумела, ня хочаш мірыцца з тым бязьмежжам прававым, а таксама абмежаваньнямі магчымасьцяў жыць так, як хацелася б самому... Таму я не зьбіраюся прагінацца пад дзейны рэжым і чакаць пэнсіі ды шчасьлівага пераходу ў іншыя сьветы. Я пляную змагацца з рэжымам, зьбіраць да будучых выбараў інфармацыю адносна хібаў гэтай сыстэмы».

«Калі б мець уяўленьне, куды далей ішла тая інфармацыя...»

— Што вам вядома пра жаданьне вашага колішняга калегі Міхаіла Жамчужнага адпомсьціць некаму ці нечаму, напрыклад, той жа сыстэме МУС, за свой першы тэрмін? Ці гаварыў ён вам пра гэта? — з такога пытаньня пачалася размова з колішняй кіраўніцай «Плятформы», а цяпер кіраўніцай новай праваабончай арганiзацыi «Рэгіён 119» Алёнай Красоўскай-Касьпяровіч.

Алёна Красоўская-Касьпяровіч
Алёна Красоўская-Касьпяровіч

Алёна Красоўская-Касьпяровіч: «Мне здаецца, Міхаіл выдатна разумеў, хто кінуў яго за краты першы раз — а гэта былі ягоныя інстытуцкія кіраўнікі па навуковай працы. Міхаіл быў гатовы зь імі змагацца, як і з той практыкай, калі няўгодным затыкаюць рот. Тым ня менш, я ніколі ня чула ад яго, што ён зьбіраецца адпомсьціць менавіта сыстэме МУС. І толькі азнаёміўшыся з тымі дакумэнтамі справы, якія Міхаілу ўдалося перадаць напачатку яго арышту, зразумела, што ён зьбіраў інфармацыю па міліцыі, яе нейкіх унутраных распараджэньнях ды дакумэнтах. У любым выпадку пры мне ім быў перададзены ў „Плятформу інавэйшн“ толькі адзін дакумэнт, які тычыўся ўнутраных спраў сыстэмы МУС. Гэта была копія спэцданясеньня міністру ўнутраных спраў, то бок дастаткова сур’ёзны дакумэнт, які зьяўляецца службовай таямніцай. Мы нават напісалі паводле таго матэрыялу невялікі артыкул. Размова ішла пра сьмерць затрыманага ў Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня. У тым данясеньні таксама ўтрымлівалася заключэньне лекараў — дыягназ, меры па аказаньні мэдычнай дапамогі. Вынікала, што нябожчык быў алькаголікам, у яго быў сындром адмены і менавіта на гэтым фоне зь iм здарыўся прыступ, які і стаў прычынай лятальнага выніку... Як мы потым паспрабавалі высьветліць, так усё і было. Больш ніякай інфармацыі ад Міхаіла не было. Як выглядае, ён зьбіраў нейкія дакумэнты, датычныя сыстэмы МУС. Калі б мы мелі ўяўленьне, куды далей ішла тая сабраная ім інфармацыя, нам было б лягчэй зразумець, што там адбывалася».+

Паводле Алёны Красоўскай-Касьпяровіч, Міхаіл наўпрост працаваў з Андрэем Бандарэнкам. Падчас знаходжаньня на «Валадарцы», паводле яе словаў, да Андрэя прыяжджалі супрацоўнікі КДБ і адзінага з усёй «Плятформы» дапытвалі пра Міхаіла.

«Свабода ў турмах»: «Лічыцца, што незаконны збор і продаж сакрэтнай інфармацыі аплачваецца зацікаўленымі пакупнікамі вельмі някепска. Ведаючы надзвычай сьціплы лад жыцьця Міхаіла, робіш выснову, што ён ня меў за сваю працу нічога... Яшчэ больш дзіўна, адкуль ён мог браць грошы, каб даваць хабар іншым?»

Красоўская-Касьпяровіч: «Хто даваў Міхаілу грошы на так званае набыцьцё сакрэтнай інфармацыі — гэта мне таксама невядома. З дасланых Міхаілам дакумэнтаў у „Плятформу“ вынікала, што сума хабару была невялікай. У дакумэнтах зьвесткі пра тры эпізоды. Уладальніку інфармацыі было заплачана па 100 даляраў. Ведаючы Мішу не адзін год, магу сказаць, што гэты чалавек ніколі ня гнаўся за даходамі. Для яго галоўным была ідэя, ён заўсёды заставаўся сумленным, і я думаю, што даючы хабар супрацоўніку МУС за атрыманьне інфармацыі, ён нічога не пакідаў сабе. Проста такі сумленны чалавек. Сёньня гэта рыса падаецца многім нейкай паталёгіяй. Напэўна, так паставілася да Міхаіла і ягонае былое кіраўніцтва, якое і пасадзіла яго за краты. Менавіта як да чалавека, які не адпавядаў іх сыстэме каштоўнасьцяў».​

Калі няма каму перадаць шкарпэткі...

Аркуш аднаго зь лістоў
Аркуш аднаго зь лістоў

...Міхаіла затрымалі летам на вуліцы ў тым, у чым ён быў — апранутым у лёгкія джынсы, майку, тапкі, бязь зьменнай пары бялізны (шкарпэтак, трусоў і г. д.), без гігіенічных сродкаў. Ня кажучы ўжо пра неабходныя для далейшага ўтрыманьня цёплыя рэчы. Паколькі СІЗА падобным сваіх сядзельцаў не забясьпечвае, усё гэта чалавеку, якому чакаць перадачы няма адкуль, трэба за нейкія сродкі набываць самому... Што тычыцца паслугаў кваліфікаванага адваката, ад якога наўпрост можа залежаць вырак ды працягласьць тэрміну, то гэта так і застаецца для многіх сядзельцаў нязьдзейсьненай марай. У такіх няпростых, аб’ёмных ды працяглых справах, як у Жамчужнага, падобныя паслугі каштуюць дзясяткі мільёнаў беларускіх рублёў.

«Фінансавай ды юрыдычнай падтрымкай Міхаіла падчас яго ўтрыманьня ў СІЗА займаліся мы, — кажа Алёна Красоўская-Касьпяровіч. — Гэтак жа, як і ў выпадку з Бандарэнкам, нам дапамагала „Вясна“, за што мы ёй вельмі ўдзячныя. Калі чалавек, тым больш самотны, утрымліваецца ў сьледчым ізалятары месяцамі, яму патрэбна шмат чаго. Мы аплачвалі адваката, перадачы, таксама хатнія рахункі Міхаіла... Нейкай іншай дапамогі звонку яму, наколькі нам вядома, не паступала».

Кіраўніца «Рэгіёну 119» адзначае, што неўзабаве, пасьля таго як будзе разгледжаная касацыя, Міхаіла перавядуць для адбыцьця пакараньня ў калёнію. І тут не сваякі асуджанага ўжо ня змогуць падтрымліваць яго нейкімі перадачамі. Адзінае, што магчыма, гэта пералічваць Міхаілу грошы на разьліковы рахунак.

Як і раней, Алёна Красоўская-Касьпяровіч лічыць, што ў гісторыі Міхаіла Жамчужнага пытаньне «палітычны — непалітычны» не настолькі ўжо істотнае. Яна мяркуе, што гэты чалавек цяпер ізноў у выніку нейкіх чарговых інтрыгаў выкарыстоўваецца як стрэлачнік. Ягоны інтэлектуальны патэнцыял зноў нікому на радзіме не патрэбны.

«Піша, што вельмі ўдзячны малітоўцам»

Кіраўніца грамадзкага аб’яднаньня «За волю» Ганна Шапуцька, якая разам з групай актывістаў настойвае, каб Жамчужнаму надалі статус палітвязьня, даведалася пра яго толькі з мэдыяў, калі ён ужо сядзеў у СІЗА. З таго часу Ганна і сябры актыўна лістуюцца зь Міхаілам.

Ганна Шапуцька
Ганна Шапуцька

Шапуцька: «Я нядаўна атрымала ліст ад Міхаіла Жамчужнага. Парадавала, што такі бадзёры. Лепшы, чым папярэдні, паводле настрою. У тым быў настрой прыгнечаны, не чакаў чалавек, што яму дадуць шэсьць гадоў зьняволеньня... А тут ліст — на беларускай мове. Ён заўсёды адказваў па-расейску. А цяпер сам паспрабаваў пісаць на беларускай, хоць і з памылкамі, але гэта вельмі добра. Таксама Міхаіл напісаў пра маючае адбыцца 6 кастрычніка а 9:30 касацыйнае пасяджэньне ў Вярхоўным судзе і пра тое, што любое рашэньне Вярхоўнага суду яго ня зломіць».

Праваабарончым арганізацыям, каб вызначыцца адносна статусу Міхаіла Жамчужнага, трэба больш інфармацыі наконт ягонай справы. Аднак атрымаць яе пакуль немагчыма.

Паводле словаў Ганны Шапуцькі, сам Міхаіл лічыць сваю справу палітычнай. Ён зьбіраецца даказаць, што ягоная справа сфабрыкаваная. Яму прыемна, што група «За волю» лічыць яго палітвязьнем.

Ганна Шапуцька кажа, што пасьля вызваленьня шасьці палітвязьняў трэба зьвярнуць увагу на справы Андрэя Бандарэнкі і Міхаіла Жамчужнага. На яе думку, асабліва Жамчужны падпадае пад крытэры Рады Эўропы што да вызначэньня палітвязьняў.

Скарга Жамчужнага ў Вярхоўны суд
Скарга Жамчужнага ў Вярхоўны суд

Шапуцька: «Чалавек сам займаўся праваабарончай дзейнасьцю, узначаліў установу „Плятформа“, узяў на сябе такую адказнасьць. Частка праваабаронцаў лічыць палітвязьнямі абодвух — і Жамчужнага, і Бандарэнку. Апазыцыйныя палітыкі таксама падтрымліваюць гэта. Мікола Статкевіч, Лябедзька, Сіўчык, Някляеў падпісалі заяву аб неабходнасьці неадкладнага вызваленьня Жамчужнага і Бандарэнкі і аб прызнаньні іх палітвязьнямі».

Кіраўніца групы «За волю» мяркуе, што цяпер ім варта разам дамагацца, каб на міжнародным узроўні іх лічылі палітзьняволенымі.

А што з дапамогай Міхаілу Жамчужнаму, які пакуль знаходзіцца ў сьценах СІЗА?

Шапуцька: «Пакуль з нашага боку ідзе больш маральная дапамога. Ён піша, што гэта самае галоўнае. Ці сапраўды гэтак так — ня ведаю. Піша таксама, што вельмі ўдзячны малітоўцам каля Чырвонага касьцёла, якія моляцца за яго ды іншых зьняволеных. І кожны раз падкрэсьлівае, што малітва дзейнічае. Хоць сам Жамчужны ня лічыць сябе вернікам, ён адчувае гэтую падтрымку. Яшчэ Міхаіл Жамчужны напісаў, што новыя арыштаваныя, якія паступілі ў СІЗА, яму расказалі, што каля турмы стаялі маладыя дзяўчаты з плякатам „Волю — Жамчужнаму Міхаілу!“ Хто мог арганізаваць такую акцыю, мне невядома... Калі пытаесься ў лістах: ці трэба яму нечым дапамагчы, перадаць нешта? Адказвае: не хвалюйцеся, ня трэба пакуль».

У сваім апошнім лісьце з-за кратаў Міхаіл Жамчужны хвалюецца за Андрэя Бандарэнку, таксама пытаецца, ці выйшаў Ігар Аліневіч. У яго не было дакладнай інфармацыі, каго канкрэтна выпусьцілі. Улетку Жамчужны, як ён напісаў, месяц адседзеў у карцэры і быў пазбаўлены перапіскі, кажа Ганна Шапуцька. А паколькі ліст цяпер ад яго дайшоў, то ён ужо быў у камэры. Праўда, прасіў у наступным лісьце не пазначаць яе нумар, бо ня ведае наперад, дзе будзе.

«Мне незразумела: што такія людзі ўвогуле робяць у турме?»

Былы палітвязень Ігар Аліневіч, які нядаўна выйшаў на волю, знаёмы зь Міхаілам Жамчужным, які цяпер знаходзіцца за кратамі. Праўда, ліставацца ім не даводзілася. Што мяркуе Ігар Аліневіч наконт тэарэтычнай магчымасьці прызнаньня Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем, чаго пакуль не адбылося?

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

Аліневіч: «Калі гаворка ідзе пра тое, каб прызнаць чалавека палітычным вязьнем, гэта пытаньне прынцыпу. І для Міхаіла, я перакананы на сто адсоткаў, гэта менавіта так. Наступствы могуць быць розныя, гэта залежыць ад палітычнай каньюнктуры. Але калі чалавек сапраўды дзейнічаў у гэтым рэчышчы, гэта павінна быць ацэнена. У першую чаргу ня з боку міжнародных структураў, а з боку самога беларускага грамадзтва, таму што для яго Міхаіл і стараўся».

Наколькі Ігару Аліневічу вядома, Міхаіл Жамчужны выкладаў і ў Віцебску, і нейкі час у Менску: «У прыватнасьці, ён быў выкладчыкам на катэдры праектаваньня і вытворчасьці радыёэлектронных сродкаў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, дзе я вучыўся. Ён быў вельмі пасьпяховым навуковым супрацоўнікам. І я памятаю, як менавіта на гэтую катэдру пастаянна прыяжджалі дэлегацыі зь Японіі. Для нейкіх сумесных распрацовак. На фоне маркотнасьці нашай сыстэмы адукацыі гэтая кафэдра выдавала сапраўды нейкія сур’ёзныя вынікі».

Міхаіл Жамчужны да першага зьняволеньня і падчас яго
Міхаіл Жамчужны да першага зьняволеньня і падчас яго

Былы палітвязень Ігар Аліневіч успамінае сваё знаёмства зь Міхаілам Жамчужным:

«Пазнаёміліся мы зь Міхаілам Жамчужным у лягеры, у карантыне папраўчай калёніі № 10. Яго перакінулі туды з калёніі № 3, таму што ён там пастаянна змагаўся з адміністрацыяй. Пісаў на іх скаргі. Ён быў настолькі для іх галаўным болем, што ад яго вырашылі пазбавіцца. У адносінах тых, хто піша скаргі, гэта распаўсюджаная практыка.

Мы кантактавалі зь ім каля дзевяці месяцаў, чыталі навукова-папулярныя часопісы. У яго былі ягоныя навуковыя манаграфіі, якія ён напісаў яшчэ ў 1990-я гады. І для мяне было вялікім шокам убачыць, што чалавек займаўся тымі распрацоўкамі, якія толькі цяпер сталі шырока ўжывацца. Мне прыходзіць часопіс „Папулярная мэханіка“, я чытаю там пра пэрспэктывы вадародных рухавікоў, а Міхаіл мне дае сваю манаграфію, дзе ён гэта ўсё распрацоўваў яшчэ пры канцы 1980-х. І ў іх усё было дастаткова сур’ёзна, абгрунтавана. І мне незразумела: што такія людзі ўвогуле робяць у турме? Калі краіна павінна імі ганарыцца. Але паўтараецца сытуацыя 1937 году, калі навуковы патэнцыял краіны зьмясьцілі ў лягерах. Толькі там хоць „шарашкіны“ канторы стваралі, а тут нават гэтага няма. Таму што гэтая ўлада зусім ужо дэградавала».

Ігару Аліневічу адно вядома, што ў 3-й калёніі Міхаіл Жамчужны «рабіў некаторыя абнаўленьні для электрычных рухавікоў» і пра яго там вельмі добра адгукаліся.

Беларускі навуковец: Мы рабілі 3D-прынтары яшчэ ў 1986 годзе
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:25 0:00

Якія магчымасьці ў калёніях мець кнігі, каб старацца не дэградаваць? Ігар Аліневіч гаворыць:

«Адносна бібліятэк я магу сказаць, што чым старэйшы лягер, тым бібліятэка там лепшая. Усё-ткі кнігі назапашваюцца. І паступова на пасаду бібліятэкара выбіраюць болей і болей адэкватных людзей. Якія самі чытаюць, а ня проста займаюць цёпленькае становішча „лягернага актывіста“. А што датычыць лягераў са строгім рэжымам, то нягледзячы на такую назву, рэжым там насамрэч лепшы. Таму што сядзяць людзі больш сталыя, зь нейкім парадкам у галаве, з трывалымі паводзінамі. І магчымасьцяў там для самаадукацыі больш, чымсьці ў так званых калёніях агульнага рэжыму».

Праўда, з кнігамі стала горш, успамінае былы палітвязень Ігар Аліневіч:

«На жаль, у апошнія гады сталі забараняць дасылаць кнігі ў лістах, як гэта было раней. Напрыклад, у ПК-10 забаранілі дасылаць так кнігі летам 2012 году. Сказалі, што толькі ў літаратурных бандэролях. А гэта ўсяго толькі па дзьве бандэролі на два кіляграмы за год. Колькі так кніг можна даслаць чалавеку, які чытае? Гэта — да пытаньня аб парадках у беларускіх лягерах, аб іхняй сапраўднай функцыі. Паколькі самаадукацыя, падобна, што задачай ня ставіцца, а толькі дэкляруецца ў афіцыйных дакумэнтах».

«Часам лепш маліцца»

І зноў да пытаньня: ці можна лічыць Міхаіла Жамчужнага палітвязьнем? Паводле юрыста праваабарончага цэнтру «Вясна» Паўла Сапелкі, пакуль інфармацыі для таго, каб прыняць падобнае рашэньне бракуе.

Павал Сапелка
Павал Сапелка

Сапелка: «Сказаць, ня ведаючы нічога, што ён палітзьняволены, толькі на падставе таго, што ён добры хлопец ды быў фармальным заснавальнікам „Плятформы інавэйшн“, гэта ня наш мэтад. Ёсьць паводле вызначэньня пэўныя прыкметы выпадкаў палітычнага перасьледу: перасьлед за погляды, за нейкую дзейнасьць. Адносна Жамчужнага я магу толькі разьвесьці рукамі. Гэтага чалавека я ня ведаю асабіста. Усё закрыта. Хай ён, калі апынецца ў калёніі, сам скажа нешта пэўнае. Мы абсалютна нічога ня маем. Адна справа, калі чалавек хоча зафіксаваць факты катаваньняў, то тут у нашым разуменьні ўсё сродкі добрыя, нават такое набыцьцё гэтых зьвестак. Бо іншых спосабаў атрыманьня падобнай інфармацыі няма. Іншая справа, калі нехта хоча рознымі шляхамі дыскрэдытаваць нейкага чыноўніка...»

«Свабода ў турмах»: «Аднак у сацыяльных сетках можна сустрэць шмат крытыкі на адрас „Вясны“ менавіта ў сувязі зь яе пазыцыяй па Міхаілу Жамчужнаму ды Андрэю Бандарэнку».

Сапелка: «Я чытаў гэтыя камэнтары... Давайце ўзгадаем наркамана, зь якога зьбіраліся зрабіць ледзь не аднаго з самых галоўных палітвязьняў. Гэта той, хто пачынаў працаваць разам з Бандарэнкам. Звычайны наркаман, у якога, як і ў кожнага, свая слабіна. Самае слушнае, што робіцца ў дачыненьні да гэтых людзей — гэта малітвы. Адносна Жамчужнага яшчэ ёсьць пытаньні. А за таго ж Бандарэнку застаецца маліцца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG