Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея можа падтрымаць Беларусь на два мільярды даляраў


Старшыня беларускага ўраду Андрэй Кабякоў заяўляе, што дамовіўся з Расеяй аб рэфінансаваньні беларускіх плацяжоў па дзяржаўнай пазыцы ў 2015 годзе. Паводле беларускага прэм’ера, гэтая дамова ахоплівае таксама і пазыку Беларусі з Антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС. Як гэтыя дамоўленасьці могуць дапамагчы беларускім уладам у год прэзыдэнцкіх выбараў?

З заявы Андрэя Кабякова вынікае, што пытаньне аб рэфінансаваньні фактычна вырашана:

«Ёсьць адпаведныя рашэньні і дамоўленасьці, і іх фармалізацыя знаходзіцца на фінішнай стадыі».

Аднак у заяве прэм’ер-міністра не называецца ніводнай лічбы. Якую суму ён мог мець на ўвазе? Задаю гэта пытаньне Антону Болтачку — экспэрту Лібэральнага клюбу:

«На жаль, гэтую інфармацыю не раскрываюць ні Міністэрства фінансаў, ні іншыя нашы дзяржаўныя органы. І тым ня менш пэўныя лічбы ўсё ж існуюць. Летась мы пазычылі ў Расеі шэсьць мільярдаў даляраў. Частка зь іх намінаваная ў далярах, частка ў расейскіх рублях.

Сёлета мы пазычылі яшчэ 110 мільёнаў даляраў, якія, праўда, намінаваныя ў расейскіх рублях. Але якая канкрэтна частка выплаты даўгоў прыпадае на бягучы год, нідзе не сказана. Калі мець на ўвазе 2–2,5 мільярда даляраў, якія Беларусь раней прасіла ў Расеі, то можна казаць, што для нашага бюджэту гэта сур’ёзныя грошы. Я думаю, што Кабякоў, як і расейскі прэм’ер Мядзьведзеў, які раней казаў пра магчымае рэфінансаваньне часткі беларускага доўгу, мелі на ўвазе суму да двух мільярдаў даляраў».

Для шэраговых беларусаў магчымае рэфінансаваньне азначае пэўную фінансавую стабільнасьць і падтрыманьне больш-менш устойлівага курсу рубля адносна даляра і эўра.

«Аднак гэтая сувязь цяпер не настолькі выразная», — лічыць Антон Болтачка:

«Хаця б таму, што цяпер мы маем прывязку да кошыка валют. І мы бачым, што кошты эўра, даляра і расейскага рубля зьмяняюцца менавіта пад ціскам такой палітыкі курсаўтварэньня. Таму пагашэньне пазыкаў ня так моцна адбіваецца на валютным рынку.

І тым ня менш могуць быць два сцэнары. Першы — доўг рэфінансуецца, і тады Нацбанк будзе і надалей працягваць утрымліваць кошт валютнага кошыка. І другі — Расея ня пойдзе на рэфінансаваньне. Тады будзе паскораны пошук рэсурсаў за межамі Беларусі. У прыватнасьці, гэта могуць быць эўрабонды, пра што таксама гаварыў Кабякоў. І будзе паскораны працэс атрыманьня валютных сродкаў праз валютныя аблігацыі Міністэрства фінансаў Беларусі».

Палітычны аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Паўлюк Быкоўскі не выключае, што за абяцаньнямі Крамля рэфінансаваць беларускія пазыкі стаіць жаданьне Ўладзімера Пуціна падтрымаць у год беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандра Лукашэнку:

«Натуральна, мы ня ведаем канкрэтных умоваў гэтай дамовы аб рэфінансаваньні. Але раней падобныя рэчы прымаліся ў пакеце. І тады ўзьнікла патрэба прадаваць „Белтрансгаз“ ці праводзіць нейкія іншыя падобнага кшталту рэчы. Таму цяпер нам застаецца толькі чакаць, калі падрабязная інфармацыя ўсплыве на паверхню».

Паводле афіцыйных дадзеных, дзяржаўны доўг Беларусі на 1 студзеня 2015 году складаў 197,5 трыльёна беларускіх рублёў, альбо 25,4% усяго валавога ўнутранага прадукту. За мінулы год ён узрос на 1,7%.

Сёлета Беларусь мусіць пагасіць зьнешні дзяржаўны доўг у памеры 4 мільярды даляраў. 3 мільярды складаюць плацяжы па асноўнай пазыцы, і яшчэ 1 мільярд ідзе на абслугоўваньне пазыкаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG