Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байкот: на шляху да новага адраджэньня?


Павал Вусаў
Павал Вусаў

Напэўна, ніколі пытаньне ўдзелу ці няўдзелу ў выбарчай кампаніі не стаяла так востра перад беларускім грамадзтвам, і, напэўна, за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі апазыцыя не знаходзілася ў такім глыбокім стратэгічным і ідэалягічным крызісе як зараз. Адсутнасьць бачаньня, што і як рабіць далей, прывяло да таго, што апазыцыя падышла да прэзыдэнцкай кампаніі разгубленай і дэзарыентаванай. Адны яе прадстаўнікі ня ў стане зразумела патлумачыць, чаму яны ўдзельнічаюць у кампаніі, а іншыя — чаму не. Разам з гэтым доказы і рацыянальныя развагі ніяк не адбіваюцца на рашэньнях асобных палітычных груповак.

Галоўны крытэр эфэктыўнасьці любога асэнсаванага, а не імітацыйнага палітычнага дзеяньня — гэта дасягненьне рэальнай мэты (прамежкавых мэтаў). Асноўнай мэтай выбарчай дзейнасьці, безумоўна, зьяўляецца зьмена ўлады альбо ўплыў на яе (прымушэньне да саступак). Інтэрмэты — гэта:

а) умацаваньне арганізацыйных структураў і мабілізацыя прыхільнікаў;

b) кансалідацыя вакол артыкуляванай фігуры адзінага кандыдата.

Рэалізацыя дзьвюх апошніх павінна прывесьці да рэалізацыі галоўнай мэты.

Бязь яснага вызначэньня гэтых мэтаў і мэханізмаў іх рэалізацыі ўдзел у выбарчых кампаніях (як і ў іншых) ня мае сэнсу.

Як мы бачым, за гады ўдзелу апазыцыі ў выбарах, ніводная з гэтых мэтаў не была дасягнутая. Да 2015 года апазыцыя страціла амаль ўсе свае людзкія рэсурсы, яна ня ў стане аказваць які-кольвек уплыў на грамадзтва і на бягучыя працэсы ў краіне. Нягледзячы на сумную сытуацыю ў апазыцыі, тактычныя паразы на выбарах усіх узроўняў, невялічкая група, якая адносіць сябе да апазыцыі, актыўна ўключылася ў выбарчую кампанію.

Перш за ўсе, гэтая група заяўляе пра сур’ёзны намер перамагчы Лукашэнку і ўсімі сіламі заклікае людзей пайсьці на выбары і прагаласаваць. Менавіта такую мэту агучыў А. Дзьмітрыеў, кіраўнік выбарчага штабу кандыдата на пасаду прэзыдэнта Т. Караткевіч.

«Для мяне вынік удзелу у выбарах — гэта, каб Лукашэнка даведаўся, што ён не набраў 50% галасоў».

Дзьмітрыеў і ягоныя паплечнікі ўпэўненыя (прынамсі такое складаецца ўражаньне) у тым, што калі людзі прагаласуюць супраць Лукашэнкі, улада сама па сабе абрынецца. Такім чынам, у Беларусі паўторыцца сцэнар Чылі 1988 года. (Да пытаньня Чылі мы яшчэ вернемся). Пры гэтым Дзьмітрыеў і Караткевіч падкрэсьліваюць выключна мірны характар пераменаў у краіне. Менавіта той факт, што ўдзельнікі кампаніі Караткевіч ня могуць даць яснага адказу, якім чынам яны зьбіраюцца паўплываць на ўладу, выклікае сумнеў у шчырасьці гэтых людзей. Збольшага ўсе гэтыя словы паказваюць тое, што «палітыкі» не разумеюць альбо не жадаюць разумець сытуацыі ў краіне, сутнасьці беларускага рэжыму і намагаюцца маніпуляваць думкамі грамадзянаў.

Як перамагчы аўтарытарны рэжым

У Беларусі два дзесяцігодзьдзі функцыянуе кансалідаваны аўтарытарны рэжым з эфэктыўнай сыстэмай фальсыфікацыяў і маніпуляцыяў выбарамі. Гэта азначае, што ўлады могуць сфабрыкаваць які заўгодна вынік выбараў. Больш за тое, даволі вялікая група людзей, якія сьвядома займаюцца фальсыфікацыямі, упэўненыя ў тым, што такім чынам ратуюць краіну. Гэты фэномэн я называю «казус аморалі» — прынясеньне ў ахвяру сваіх каштоўнасьцяў і прынцыпаў, апраўданьне няпраўных дзеяньняў у імя дабра краіны.

Супрацьстаяць фальсыфікацыям і тым больш узьдзейнічаць на ўладу ў межах аўтарытарнай сыстэмы можна выключна шляхам масавых пратэстаў. Уявім сабе, што на выбарах 2015 года Лукашэнка не набраў сваіх 50%, але ЦВК намалявала яму 80%. Якімі у гэтай сытуацыі будуць дзеяньні альтэрнатыўнага кандыдата, то бок Караткевіч? Адказваю: ніякія. Бо група Караткевіч нават ня думае пра сцэнар вулічнай барацьбы і не заклікае людзей адстойваць свой выбар, а гэта азначае, што ўдзел гэтай групы ў выбарчай кампаніі — імітацыя барацьбы. Удзел у выбарах сам па сабе, безь перацяканьня ў рэвалюцыйную сытуацыю не зьяўляецца эфэктыўным, а значыць, не выконвае сваёй галоўнай мэты.

У большасьці аўтарытарных краінаў палітычная трансфармацыя праз выбары была магчымая толькі дзякуючы рэвалюцыйнаму ціску на кіроўныя эліты. Грузія, Малдова, Украіна, Кіргізія, Югаславія, Інданэзія і г. д. — дзяржавы, дзе выбары прынесьлі вынік толькі і выключна дзякуючы масавым пратэстам — рэвалюцыі. Выбары ў недэмакратычных краінах — гэта брамы да рэвалюцыі, яны ў пэўным сэнсе зьяўляюцца прававой матывацыяй для вулічных дзеяньняў, якія даюць адзіную магчымасьць адстаяць законную перамогу. Ідэя рэвалюцыі ад самага пачатку закладаецца ў выбарчую кампанію: грамадзтва пераконваюць у тым, што пратэст — адзіная магчымасьць змусіць улады прыняць рэальны вынік галасаваньня. Па такой схеме рэалізоўваўся выбарчы сцэнар у Беларусі ў 2001, 2006, 2010 гадах, калі агітацыя за рэвалюцыю была першасным, а выбары — другасным элемэнтам. На сёньняшні дзень апазыцыя проста ня ў стане заклікаць да рэвалюцыі, ня тое што рэалізаваць рэвалюцыйны сцэнар. Гэтаму ёсьць наступныя тлумачэньні: 1. Рэха ўкраінскага майдану; 2. Неэфэктыўнасьць папярэдніх рэвалюцыйных сцэнароў у Беларусі, асабліва 2010 году; 3. Адсутнасьць лідэра і кансалідаванай апазыцыйнай сілы.

Гутарка пра тое, што зьмены могуць адбыцца праз простае галасаваньне — падман. Прыхільнікі «мірных пераменаў» даволі часта ўзгадваюць падзеі ў Чылі ў 1988 годзе. Нібы там зьмены адбыліся дзякуючы таму, што людзі прагаласавалі супраць Піначэта (тагачаснага прэзыдэнта гэтай краіны).

Я ня буду засяроджвацца на ўсей спэцыфіцы і гісторыі рэжыму Піначэта, зьвярну ўвагу толькі на наступныя факты: 1. Яшчэ за два месяцы да плебісцыту ў Санцьяга пачаліся жорсткія сутыкненьні з вайскоўцамі, у выніку былі забітыя і параненыя больш за тысячу арыштаваных; 2. Апазыцыя была настроеная на сур’ёзнае супрацьстаяньне з уладай (уключаючы ўзброенае), перад самым галасаваньнем на дэманстрацыю пратэсту ў Санцьяга выйшаў мільён чылійцаў. У выпадку, калі б Піначэт адмовіўся сысьці, то масавага праліцьця крыві немагчыма было б пазьбегнуць; 3. Улада ў Чылі фактычна ўяўляла сабой калектыўную вайсковую хунту, якую падтрымлівалі ЗША. У канцы 80-х, калі «халодная вайна» скончылася, Піначэт быў ужо не патрэбны, таму, між іншым, ягоная адстаўка была магчыма дзякуючы ціску Вашынгтона.

Таму ўдзел у выбарчай кампаніі без намеру адстойваць свой выбар і змагацца з уладай я разглядаю як палітычную імітацыю, выгадную выключна дзейнай уладзе. Больш за тое, такія паводзіны людзей, што называюць сябе апазыцыяй, дэмаралізуюць грамадзтва і спрыяюць умацаваньню палітычнай пасіўнасьці.

Выбары як фармаваньне гібрыднай апазыцыі

Безумоўна, калі б у краіне існавала сур’ёзная аб’яднаная апазыцыя, то ўдзел у выбарах можна было разглядаць як элемэнт доўгатэрміновай стратэгіі дзеля кансалідацыі і пашырэньня палітычнага ўплыву. Выбары маглі б быць штуршком для далейшага разьвіцьця структураў ды ўмацаваньня аўтарытэту лідэра. Але, як я ўжо казаў, за гады ўдзелу ў разнастайных кампаніях апазыцыйныя структуры не змаглі выкарыстаць прастору для ўмацаваньня сваіх пазыцыяў. Найбольш яскравы прыклад — гэта парлямэнцкая кампанія 2012 года, якая сталася правальнай для яе ўдзельнікаў.

Што тычыцца «Гавары праўду», то дзейнасьць гэтай структуры выклікае шмат пытаньняў адносна палітычнай шчырасьці і прынцыповасьці яе кіраўнікоў. Гэта датычыць і фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі і справы, зьвязанай са зборам подпісаў за Караткевіч (сумнеў у тым, што каманда сабрала 100 тысяч подпісаў). А калі нейкая структура, якая прэтэндуе на ролю «новай апазыцыі», будуе сваю дзейнасьць на маніпуляцыях і махінацыях, то яе ні ў якім разе нельга лічыць рухавіком пераменаў. Я ўпэўнены ў тым, што «Гавары Праўду» і Караткевіч выконваюць асаблівую ролю ў палітычнай гульні беларускіх уладаў. Гэтая арганізацыя і яе прадстаўніца складаюць новы палітычны фэномэн — «гібрыдную апазыцыю». Гэта зьява выяўляецца ў імітацыі барацьбы з уладай, стварэньні вобразу зручнага праціўніка і, галоўнае, выключае рэальную канфрантацыю з палітычным рэжымам. Гібрыдную апазыцыю немагчыма разглядаць як фактар палітычных зьменаў, наадварот — гэта адзін з элемэнтаў стабілізацыі існай сыстэмы. Дзеячы такой «апазыцыі» гатовыя да інтэграцыі ў аўтарытарную сыстэму безь яе прынцыповых зьменаў, пра што неаднаразова заяўляла Караткевіч. Не разумею, як можна лічыць гэтага чалавека «новым лідэрам», калі яна, у адрозьненьні ад іншых змагароў з аўтарытарызмам, не зьбіраецца пайсьці на нястачы дзеля зьменаў у краіне: страціць свабоду, здароў’е і, магчыма, жыцьце, але зьбіраецца «змагацца за перамены» ва ўтульным чынавенскім крэсьле.

Іншымі словамі, «гібрыдная апазыцыя» дзейнічае дзеля рэалізацыі мэтаў улады, а не выражае інтарэсы грамадзтва. У сваю чаргу, «апазыцыйнасьць» — гэта толькі фасад, маркер, які патрэбны для вядзеньня «палітычнага бізнэсу», між іншым, і з заходнімі фондамі.

Байкот як магчымасьць палітычнага адраджэньня

Улічваючы немагчымасьць паўплываць праз выбары на ўладу, арганізаваць вулічны супраціў ці аб’яднацца вакол «новай апазыцыі», бо яе няма, дэмакратычнай супольнасьці застаецца толькі адна магчымасьць — ігнараваць гэтую кампанію.

Безумоўна, байкот у сёньняшняй палітычнай сытуацыі збольшага мае сымбалічнае значэньне. Гэта хутчэй спосаб выражэньня асабістай нязгоды з фактам агульнадзяржаўнага падману ва ўмовах адсутнасьці іншых мэханізмаў узьдзеяньня, у тым ліку — пратэстнага. Нават калі б большасьць насельніцтва не пайшла на выбары, і апазыцыя змагла б даказаць гэты факт, без прамога палітычнага дзеяньня (пратэсту) сытуацыя застанецца нязьменнай. Апазыцыя ня мае рэсурсаў для адкрытага супрацьстаяньня ўладзе.

У выніку, адзінай карыснай функцыяй няўдзелу, акрамя адмовы апанэнтаў улады быць палітычнай дэкарацыяй, зьяўляецца ўнутраная рэформа апазыцыі (ізаляцыя ўсіх дыскрэдытаваўшых сябе палітыкаў) і кансалідацыя праціўнікаў рэжыму. Але на дадзены момант частка апазыцыі, якая ігнаруе выбары, ня мае бачаньня таго, як выкарыстаць байкот дзеля перафарматаваньня сваёй дзейнасьці. Існуе сур’ёзная пагроза таго, што апазыцыя застанецца ў стане ўнутранай стагнацыі на доўгія гады, а значыць, і працэс новага палітычнага адраджэньня, будзе пад вялікім пытаньнем.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG