Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паміж францускім Брэстам і беларускім Берасьцем — расейскія праблемы нацыянальнай ідэнтычнасьці


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

11–12 лютага ў памяшканьні амбасады Францыі ў Менску адбудзецца міжнародная канфэрэнцыя «Ад Брэста да Берасьця», прысьвечаная разуменьню праблем ідэнтычнасьці ў Эўропе.

Мэта канфэрэнцыі — абмеркаваць адрозьненьні ў разуменьні нацыянальнай ідэнтычнасьці ў краінах Заходняй і Ўсходняй Эўропы.

Як тлумачыць адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, судырэктар Франка-беларускага цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў Ксаўе Ле Тарывэлек, выбар Беларусі для правядзеньня канфэрэнцыі невыпадковы:

«У кантэксьце геапалітычных трэньняў паміж Эўразьвязам і Расеяй роля дыпляматычнага пасярэдніка, узятая на сябе ўрадам Беларусі, а таксама выхад на першы плян унутры краіны падвойнай эўрапейска-славянскай ідэнтычнасьці ператвараюць Беларусь у ідэальнае месца для паглыбленай дыскусіі ў параўнальнай і тэарэтычнай пэрспэктыве пра розныя разуменьні ідэнтычнасьці ў Эўропе».

Францускі дасьледчык прывёў прыклад: апошнія падзеі на ўсходзе Ўкраіны пазначылі мяжу ўспрыманьня. Расейскамоўнага грамадзяніна Ўкраіны на Захадзе лічаць украінцам, а ў Расеі, у большасьці выпадкаў, — расейцам:

«У гэтым сэнсе дасьледаваньні, якія вядуцца сёньня ў францускай Брэтані, дапамогуць па-новаму паглядзець на праблему ідэнтычнасьці ў параўнальнай пэрспэктыве», — кажа судырэктар Франка-беларускага цэнтру эўрапейскіх дасьледаваньняў Ксаўе Ле Тарывэлек.

У праграме канфэрэнцыі некалькі дакладаў францускіх, ірляндзкіх, аўстрыйскіх дасьледчыкаў. А таксама шмат выступаў расейскіх дасьледчыкаў. Напрыклад, галоўны навуковы супрацоўнік Расейскай Акадэміі навук выступіць з дакладам «„Свае“ і „чужыя“: дыскурс ідэнтычнасьці ў Расеі і ў Францыі». Некалькі дакладаў будзе пра праблемы ідэнтычнасьці на Ўрале, у Башкірыі.

На пытаньне, чаму так шмат расейскай праблематыкі — здавалася б, паміж францускім Брэстам і беларускім Берасьцем Расеі няма, — беларускі дакладчык, прафэсар-этноляг Павал Церашковіч адказаў:

Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

«Гэта такая прыгожая мэтафара — ад францускага Брэста да нашага Берасьця. Але галоўная думка ў тым, што ўспрыняцьце этнічнасьці, нацыянальных супольнасьцяў у Заходняй Эўропе, асабліва ў Францыі, вельмі адрозьніваецца ад нашай традыцыі.

А зыходзячы з таго, што Беларусь была такой пляцоўкай перамоваў па ўкраінскім пытаньні, было прынята рашэньне працягнуць, наладзіць дыялёг з расейскімі навукоўцамі менавіта тут, у Беларусі.

Мне здаецца, што гэта добрая ідэя, таму што размаўляць трэба.

І гэтая канфэрэнцыя — такая спроба паразуменьня, знаходжаньня агульнага поля, у якім можна было б весьці дыскусію. З гэтага пункту гледжаньня канфэрэнцыя абяцае быць вельмі і вельмі цікавай».

Беларускі бок прэзэнтуе тры даклады. Тэма выступу прафэсара Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры Юліі Чарняўскай — «Мадыфікацыі беларускай ідэнтычнасьці: мэдыйнасьць і штодзённасьць». Дэкан факультэту міжнародных адносін БДУ Віктар Шадурскі распавядзе пра чатыры асноўныя групы нацыянальнай ідэнтычнасьці ў сучаснай Беларусі. Экспэрт Грамадзкага Балёнскага камітэту Павал Церашковіч распавядзе пра канструяваньне ідэнтычнасьцяў у народаў Палесься.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG