Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Малітва» разладу. Рэпартаж з працэсу «Моўчан супраць Шпакоўскай»


Алег Моўчан і Наста Шпакоўская, Вярхоўны суд
Алег Моўчан і Наста Шпакоўская, Вярхоўны суд

Вярхоўны суд пастанавіў правесьці 24 сакавіка працэс па пазове кампазытара Алега Моўчана да сьпявачкі Насты Шпакоўскай. Такое рашэньне 3 сакавіка прыняла судзьдзя Іна Цысік. У якасьці сьведак на працэс выкліканыя журналіст Сяргей Будкін і музыкі гурту «Naka», якія бралі ўдзел ў новай аранжыроўцы песьні «Малітва» з рэпэртуару «Песьняроў».

3 сакавіка судзьдзя Іна Цысік правяла папярэднія слуханьні па пазове кампазытара да сьпявачкі. Алег Моўчан паўтарыў сваю пазыцыю: ён лічыць, што сьпявачка Наста Шпакоўская парушыла ягоны аўтарскія правы, калі перарабіла безь ягонай згоды напісаную ім песьню «Малітва» і выканала яе 12 лістапада 2014 году на канцэрце ў межах праекту «Re:Песьняры», прысьвечанага 45-й гадавіне славутага гурту. У пазове Алег Моўчан ацаніў шкоду ў 18 мільёнаў беларускіх рублёў і на папярэдніх слуханьнях ад гэтай сумы кампэнсацыі не адмовіўся.

Артыстка тэатру, аўтарка і выканаўца песень гурту «Naka» Настасься Шпакоўская сваю віну ў парушэньні аўтарскага права Алега Моўчана на песьню «Малітва» ўжо на папярэднім слуханьні прызнала. Сьпявачка толькі ня згодная з памерам кампэнсацыі. Яна гатовая заплаціць максымум 1 мільён рублёў, а суму ў 18 мільёнаў назвала «неадэкватнай». Пры гэтым Настасься Шпакоўская ў судзе засумнявалася ў тым, што Алегу Моўчану сапраўды могуць належаць выключныя правы на песьню «Малітва» з рэпэртуару «Песьняроў». Паводле Шпакоўскай, ідэя напісаньня гэтай песьні належыць Уладзімеру Мулявіну, які замовіў яе Алегу Моўчану, калі той працаваў у дзяржаўным ансамблі «Песьняры», то бок быў дзяржаўным службоўцам і выконваў дзяржаўны заказ. «Не аспрэчваю правы Алега Моўчана на музыку да песьні, але мяркую, што сама яна мусіць належыць дзяржаве», — заявіла сьпявачка ў судзе.

Кампазытар Алег Моўчан апавёў суду, што сталася зь ягонай музыкай да песьні «Малітва» ў выкананьня Настасьсі Шпакоўскай. Паводле Моўчана, зьніклі некаторыя кавалкі пройгрышу, быў зьменены рытм, а таксама зусім зьмянілася аранжыроўка, якую ён сам рабіў. «У тым ліку былі ўведзеныя інструмэнты, якія ніяк не адпавядаюць сутнасьці песьні, я не пазнаў свой твор», — казаў Алег Моўчан пра новую аранжыроўку «Малітвы». Калі яшчэ да канцэрту ён праслухаў сваю песьню ў новым выглядзе, то ня даў згоды на яе выкананьне і ўключэньне ў адмысловы дыск, але быў ня супраць узгадніць некаторыя зьмены. Аднак безь ягонай згоды песьня прагучала на канцэрце. Пасьля гэтага аўтар вырашыў падаць у суд, бо палічыў свае аўтарскія правы парушанымі.

Моўчан і Naka не дамовіліся пра «Малітву». 24 сакавіка будзе суд
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:01 0:00

Чаму спатрэбілася перарабляць музыку Алега Моўчана і хто гэта зрабіў? Паводле Настасьсі Шпакоўскай, прапанову ўдзельнічаць у праекце «Re:Песьняры» яна атрымала ад журналіста, арганізатара праекту Сяргея Будкіна. Ёй спадабалася мэта праекту, якую вызначылі як прапаганда спадчыны «Песьняроў» праз выкананьне рэпэртуару ансамбля сучаснымі гуртамі. Настасься Шпакоўская прызналася суду, што гэта была яе ідэя зрабіць новую аранжыроўку менавіта «Малітвы», яна ж прыдумала і рокавы стыль песьні. Але цалкам новую аранжыроўку «Малітвы» яна стварала не адна, а разам з музыкамі гурту «Naka», для якога ўжо 10 гадоў сьпявае і піша творы. Пры гэтым Настасься адмовілася перакладаць частку магчымай судовай адказнасьці на калегаў і выказалася за тое, каб сяброў гурту заслухалі ў судзе толькі ў якасьці сьведак. Песьню «Малітва», паводле сьпявачкі, яна выканала на канцэрце па сваёй ініцыятыве, з папярэдняй абвесткай, што ў такім выглядзе песьня «выконваецца ў першы і апошні раз». «Ня ведала, што для гэтага патрэбны дазвол. А ў інтэрнэт я яе не выкладала», — заявіла суду Шпакоўская.

Суд пастанавіў выклікаць на рагляд пазову 24 сакавіка ў якасьці сьведкі журналіста Сяргея Будкіна. Камэнтуючы гэтае рашэньне, Сяргей Будкін сказаў, што ня бачыць для сябе праблемы ў тым, каб прыйсьці ў суд і зноў паўтарыць тое, што ён ужо даводзіў публічна:

Гэты праект быў не камэрцыйны, грошай зарабіць на ім мы не зьбіраліся, і таму такія прэтэнзіі для мяне даволі дзіўныя

«Паколькі Алег Моўчан ужо спрабаваў мяне прыцягнуць да адказу за гэтую сытуацыю, я ўжо выкладаў сваю пазыцыю і асабіста Алегу Моўчану, і ў пісьмовым выглядзе. І рабіў усё магчымае, каб гэты канфлікт залагодзіць. Таму мне цяжка нешта дадаць. Са свайго боку песню ў інтэрнэт мы не выкладалі. Пазыцыю Насты што да выкананьня песьні можна ўхваляць ці не ўхваляць, але пры гэтым трэба разумець, што мы, як і Наста, ставілі на мэце ўшанаваць творчасьць „Песьняроў“, Уладзімера Мулявіна асабіста і паэзію Янкі Купалы. Гэты праект быў не камэрцыйны, грошай зарабіць на ім мы не зьбіраліся, і таму такія прэтэнзіі для мяне даволі дзіўныя».

Алег Моўчан лічыць пытаньне аўтарскіх правоў прынцыповым. Паводле кампазытара, яшчэ па 6 песьнях з рэпэртуару «Песьняроў», якія прагучалі на канцэрце, у выканаўцаў могуць узьнікнуць праблемы, зь якімі ўжо сутыкнулася Настасься Шпакоўская. Сяргей Будкін таксама мяркуе, што працэс паволе пазову Алега Моўчана ў гэтым сэнсе можа стаць прэцэдэнтным: «Адносна кожнай песьні можна спрачацца, бо гэтая тэма цяжкая, спрэчная, бо правы належаць шмат каму. Я намагаўся дзейнічаць па законе, падпісаў, дзе можна было падпісаць, магчымыя паперы з Цэнтрам абароны інтэлектуальнай уласнасьці і сплаціў пасьля канцэрту аўтарскія грошы. Але не да канца ўсё ж зразумела, чаму выключныя аўтарскія правы належаць Алегу Моўчану. Магчыма, трэба разьбірацца. Песьня замоўленая Ўладзімерам Мулявіным, пра гэта сам Моўчан казаў, створана ў складзе дзяржаўнага ансамбля, прэзэнтавана ў праграме на „Славянскім базары“, які спансіравала міністэрства культуры, — а правы на песьню належаць выключна Алегу Моўчану? Правы на аўтарства, што ён напісаў музыку, гэта ніхто не аспрэчвае, але чаму выключныя правы на ўсю песьню?»

Кампазытар Алег Моўчан паведаміў журналістам, што ягоныя аўтарскія правы на песьню «Малітва» зарэгістраваныя цалкам паводле закону яшчэ ў сярэдзіне 1990-ых гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG