Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар культуры: На помнік Барадуліну няма грошай


Барыс Сьвятлоў, архіўнае фота
Барыс Сьвятлоў, архіўнае фота

Помнік карове ў Менску будзе, а помнікаў Рыгору Барадуліну, Васілю Быкаву і Генадзю Бураўкіну давядзецца чакаць — такія высновы Радыё Свабода зрабіла з адказаў міністра культуры Барыса Сьвятлова на пытаньні падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску.

«На сайце Міністэрства культуры разьмешчаная інфармацыя пра конкурс на помнік карове. У той жа час у нас дагэтуль не ўшанаваная памяць Барадуліна, Быкава, Бураўкіна. Няма ані вуліц, ані помнікаў, ані мэмарыяльных дошак. Нядаўна было 80-годзьдзе Рыгора Барадуліна, а сваякі зьбіраюць грошы на ягоны помнік праз інтэрнэт. Што робіць Міністэрства культуры? Калі зьявяцца помнікі гэтым асобам? — так мы сфармулявалі сваё запытаньне да міністра культуры Барыса Сьвятлова.

Барыс Уладзімеравіч адказаў, што рашэньне пра ўсталяваньне помніка карове прымалася яшчэ да «трагічных падзеяў, якія здарыліся з асобамі, якіх вы назвалі». Але паабяцаў вырашыць пытаньне «у бліжэйшы час».

Варта нагадаць, што Васіль Быкаў памёр у 2003 годзе. Камень, усталяваны на ягонай магіле на Маскоўскіх могілках у Менску, падараваны горадам Хэльсынкі, у якім Быкаў пражыў два гады ў выгнаньні. На прэсавай канфэрэнцыі Барыс Сьвятлоў згадваў сярод мерапрыемстваў, якія зьдзейсьніла Міністэрства культуры ў 2014 годзе, адкрыцьцё дачы-музэя Васіля Быкава ў Ждановічах. Дача была перададзеная дзяржаве асабістым рашэньнем удавы пісьменьніка Ірыны Міхайлаўны Быкавай. Яна адкрытая для наведваньняў толькі ў цёплую пару — з мая па кастрычнік.

У Гародні, дзе Быкаў пражыў 25 гадоў, грамадзкі музэй быў створаны ў 2004 годзе намаганьнямі энтузіястаў.

На ўдакладняльныя пытаньні ўдалося атрымаць ад міністра культуры больш дэталёвы адказ:

«Калі я даю нейкія абяцаньні, то яны павінны быць падмацаваныя грашыма. Гэта будзе, калі будуць грошы. Калі б я валодаў інфармацыяй, што ў мяне гэтыя грошы будуць у 2015 годзе, дык я вам адказваю так, што ў 2015 годзе грошай у мяне на гэта ня будзе. Так што давайце будзем спадзявацца, што грошы на гэта будуць у 2016 годзе. Але пакуль што бюджэту на гэты год няма. Я вам адказаць канкрэтна, што гэта будзе ў 2016 годзе ў такім і такім месяцы, не магу. Тое, што пытаньне абмяркоўваецца і што яно будзе вырашанае, то, канечне, гэта так. Канкрэтны тэрмін залежыць сёньня ад грошай, вы ведаеце фінансавае становішча».

На заўвагу, ці не магло б Міністэрства культуры падказаць Менгарвыканкаму, што помнік карове можа пачакаць, а нам патрэбныя іншыя помнікі, Барыс Сьвятлоў адказаў наступнае:

«Давайце ня будзем адно з адным блытаць. І на адну дошку ня трэба гэта ўсё ставіць. Ёсьць Барадулін, а ёсьць помнік карове».

Пракамэнтаваць прыярытэты Міністэрства культуры мы папрасілі старшыню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыса Пятровіча. Саюз амаль год таму ўжо зьвяртаўся ў Міністэрства культуры з канкрэтнымі прапановамі па ўшанаваньні памяці Рыгора Барадуліна.

Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч: «Я проста ня маю слоў, каб выказаць думкі, якія агортваюць мяне пасьля паведамленьня, што будзе помнік карове, у той час як няма помніка славутым людзям нашай зямлі. І ня толькі пісьменьнікам, але і тым, хто жыў у 15–17 стагодзьдзях, хто думаў пра Беларусь, змагаўся за Беларусь.

Я не ўяўляю, што сабе думаюць нашы дзяржаўныя чыноўнікі, калі плянуюць такія рэчы».

«Ня сродкаў няма, а жаданьня», — сьцьвярджае Барыс Пятровіч.

Ён кажа, што дзяржава магла пачаць хоць бы з простага перайменаваньня вуліц і пазбавіцца ад соцень «савецкіх, дзяржынскіх, ульянаўскіх і сьвярдлоўскіх» назваў на карысьць дзеячаў беларускай культуры.

Скульптар Генадзь Лойка — аўтар помніка на магіле Анатоля Сыса. Грошы на тое надмагільле таксама зьбіралі грамадой. Лойка кажа, што дзяржава, вядома, знайшла б грошы на помнікі і Барадуліну, і Быкаву, калі б мела жаданьне. А з дапамогай дзяржавы Лойка за сваё жыцьцё скульптара зрабіў толькі адну замову.

Генадзь Лойка
Генадзь Лойка

Генадзь Лойка: «За ўсё жыцьцё я атрымаў адзін заказ на камбінаце. Мэмарыяльная дошка нейкага партызана, якога я сам ужо забыўся, як завуць. Здаецца, Цімчук Іван Цімафеевіч. Я такую адну дошку вырабіў. У дзяржавы ёсьць патрэба, каму ставіць. Яны ўжо ня ведаюць каму. Але абавязваюць. Могуць рабіць. А калі Быкава не шанавалі пры жыцьці, то ўсё тая ж самая дзяржава і сёньня не шануе».

Пакуль Міністэрства культуры назвы вуліц мяняць не зьбіраецца і мэмарыяльныя дошкі не ўсталёўвае, грамадзкасьць дзейнічае самастойна:

Барыс Пятровіч: «Мы абвясьцілі збор грошай на надмагільле Барадуліна, бо мы ведаем, што сям’я ня ў стане сабраць грошы на тое, каб паставіць помнік. Гэта дзяржава скінула на родных, сям’ю, блізкіх, сяброў. Тое самае можна сказаць пра Генадзя Бураўкіна, пра Алеся Кудраўца, напрыклад, які летась нас пакінуў. Раней дзяржава, машэраўская, скажам, гэтым займалася. Савет міністраў прымаў пастановы, выдаваліся зборы твораў, чапляліся шыльды на дамах, дзе яны жылі, і ставіліся помнікі на іх магілах. Наступнай справай было адкрыцьцё музэяў на радзіме. Усім гэтым беларуская дзяржава некалі займалася».

Пералічыць грошы на ўсталяваньне помніка Рыгору Барадуліну на магіле паэта ў Вушачах можна на дабрачынны рахунак, адкрыты на імя ўнучкі паэта. Праект помніка распрацаваны скульптарам Мікалаем Байрачным і ўхвалены сваякамі.

ААТ «Беларусбанк», філіял 514, код 614, УНП 100420097,
код віду ўклада 9004 (дамова дабрачыннага рахунка № 000039), атрымальнік Кліміна Дамініка Канстанцінаўна,
прызначэньне плацяжа — добраўпарадкаваньне пахаваньня

Пералічыць грошы можна ў любым аддзяленьні банку, а таксама праз інфакіёскі або інтэрнэт-банкінг (выбраць: «Плацяжы» — «Адвольныя плацяжы» — «Плацёж па рэквізытах» — нумар транзытнага рахунку 3819382102369), — паведамляе сайт грамадзкай кампаніі «Будзьма беларусамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG