Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка бываў на мяжы жыцьця і сьмерці і перанёс дзясятак апэрацый, — Уладзімер Падгол


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Інфармацыя новай прэс-сакратаркі кіраўніка дзяржавы пра апэрацыю на каленным суставе Аляксандра Лукашэнкі выклікала шырокі розгалас у грамадзтве. Дагэтуль пра стан здароўя першай асобы дзяржавы галосна ў Беларусі гаварыць было не прынята, таму хадзіла шмат чутак, інтэрпрэтацыяў і домыслаў. Што беларусы ведаюць пра хваробы Лукашэнкі і пра тых дактароў, якія яго лечаць? Наагул, ці павінен народ ведаць пра стан здароўя і хваробы свайго лідэра?

На пачатку прэзыдэнцтва Лукашэнкі зьвесткі пра яго здароўе зьяўляліся. Увосень 1994 году беларускае тэлебачаньне паведаміла, што ён пацягнуў сухажыльлі падчас трэніроўкі. Тады ж у яго зьявілася і асабістая лекарка — эндакрыноляг з 9-й клінікі, якая суправаджала кіраўніка дзяржавы ў паездках. Дарэчы, падчас адной такой паездкі Лукашэнка і прадставіў яе журналістам: «Ірына Сьцяпанаўна Абельская, мой асабісты лекар». Але потым пра здароўе Лукашэнкі народ мог толькі здагадвацца...

Праўда, у сваіх выступах і інтэрвію Лукашэнка сам часьцяком казаў, што пачувае сябе добра, жыць зьбіраецца як мінімум да 90 гадоў (7 кастрычніка 2011 году на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ). І нават запрасіў карэспандэнта Радыё Свабода паспаборнічаць: «Калі ў вас ёсьць сумневы па здароўі, надзявайце канькі, бярыце клюшку альбо лыжы, заўтра з вамі паспрабуем. Вы маладзейшы за мяне. Вось і паглядзім. Хочаце, сёньня пры ўсіх? Бяром 10 кілямэтраў. Калі вы прыходзіце першым, вы заўтра будзеце прэзыдэнтам па здароўі» (прэс-канфэрэнцыя 15 студзеня 2012 году).

Распавядаў Лукашэнка і пра свае траўмы: як на шалёнай хуткасьці ўпаў на левае калена, падвярнуў нагу, пашкодзіў мэніск. Распавёў, што праапэраваў калена.

Паводле газэты «Народная Воля» за 25 лістапада 2014 году, у 2000 годзе Лукашэнка перанёс апэрацыю на каленным суставе, і рабіў яе хірург-артапэд з Францыі. Што да апошняй апэрацыі, кіраўніца Рэспубліканскага клінічнага цэнтру, цяпер ужо былая лекарка Лукашэнкі Ірына Абельская паведаміла «„Комсомольской правде“ в Белоруссии», што «апэрыравалі нашы лекары ў нашым мэдычным цэнтры». Але прозьвішчаў не назвала.

Палітоляг Уладзімер Падгол сьцьвярджае, што гэта ня першая і не другая апэрацыя кіраўніка дзяржавы:

Уладзімер Падгол
Уладзімер Падгол

«Па-першае, Лукашэнку ўжо дзясятак разоў рабілі апэрацыі рознай складанасьці за час, калі ён прэзыдэнт. Ён бываў у фізычным стане на мяжы жыцьця і сьмерці. Паводле падлікаў маіх экспэртаў, на некаторыя апэрацыі пайшлі сотні тысяч даляраў. Але пра гэта абсалютна нічога не паведамлялася і плётак ніякіх не ўзьнікала. А вось цяпер, калі паведамілі рэальна, што зроблена апэрацыя — цэлая куча домыслаў. Я ня бачу тут падстаў для чутак і плётак вакол гэтай апэрацыі. Больш пра гэта я не скажу нічога».

Карэспандэнтка: «Але апэравалі беларускія ці замежныя спэцыялісты?»

Падгол: «І пра гэта не скажу. Хоць ведаю. Але не скажу».

Пра некаторыя апэрацыі пасьля гульні ў хакей Лукашэнка распавядаў і сам:

«Колькі разоў мне твар зашывалі! Пакладуць на стол, замарозяць і зашываюць. У Бабруйску (на адкрыцьці Лядовага палаца) шарахнулі так, што я ў борт галавой ляцеў, потым ледзь выцягнулі адтуль, зьвярнулі сьпіну...»

Зьяўляліся чуткі і пра больш сур’ёзныя хваробы. Некалькі гадоў таму некаторыя незалежныя інтэрнэт-рэсурсы цытавалі інфармацыю Wikileaks, дзе са спасылкай на матэрыялы дыпляматычнай перапіскі паведамлялася, што, нібыта, паводле казахскага дыплямата Аўнасава, пасьля выбараў 2006 году Лукашэнка выклікаў трох лекараў з маскоўскага Галоўнага вайсковага клінічнага шпіталя імя Бурдэнкі. У якасьці магчымага захворваньня Аўнасаў згадвае рак прастаты. Аднак ніякага пацьверджаньня гэтай інфармацыі зь іншых крыніцаў не зьяўлялася.

Выказваліся здагадкі, што ў 2002 годзе Лукашэнка лячыўся ў Аўстрыі, у 2010-м — у Швайцарыі. Але таксама афіцыйнага пацьверджаньня не было.

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч

Станіслаў Шушкевіч перакананы, што здароўе — гэта асабістая справа кожнага чалавека:

«Я лічу, што, калі ідзе на выбары, і там якая-небудзь ракавая хвароба, то, можа, што да кандыдатаў, патрэбна нейкае лекарскае заключэньне. Але думаю, што ў нашых умовах, умовах постсавецкіх, тут ня можа быць створана адпаведнага ўзроўню лекарскай камісіі, каб яна толькі лекарскімі справамі займалася, бо гэта ня ўтойваецца... Таму я думаю, што гэта асабістая справа і ня трэба туды лезьці.

Я таксама перанёс апэрацыю, і ваш субрат па прафэсіі сустрэў мяне ў Варшаве, калі я ішоў на лекцыю. Калі я сказаў, што не магу так хутка ісьці, бо трапіў да лекараў, ён літаральна праз 5 хвілін на ўсіх сайтах раструбіў, што я перанёс апэрацыю. Фактычна ён згусьціў гэтыя фарбы, і мне было страшэнна непрыемна: каго ні спаткаю — яны дзівяцца, што я яшчэ не памёр. А тут — вы ж разумееце, што можа быць? Таму я лічу, што ня трэба лішне распавядаць. Як ён сам лічыць — так трэба і рабіць. Гэта прыватнае жыцьцё — здароўе».

У большасьці дэмакратычных краінаў кіраўнікі краіны рэгулярна праходзяць мэдычнае абсьледаваньне, і вынікі становяцца вядомымі грамадзкасьці. У Беларусі такое не прынята, стан здароўя кіраўніка Беларусі па-ранейшаму застаецца таямніцай. Палітоляг Уладзімер Падгол лічыць, што здароўе кожнага чалавека, у тым ліку і прэзыдэнта, — гэта асабістая, прыватная справа:

«Гэта дыфэрэнцыявана. Усё залежыць ад хваробы. Вось я нават не хачу, калі б быў прэзыдэнтам, каб людзі ведалі пра некаторыя мае хваробы. А пра некаторыя — калі ласка, падумаеш: расьцяжэньне ці пералом! Як цяпер зь ягоным каленам — рэальная мужчынская траўма. Але ёсьць хваробы, якія сапраўды павінны быць таямніцай. Нават у прэзыдэнта».

Карэспандэнтка: «А што тычыцца лекараў, якія яго лечаць? Народ павінен ведаць, хто лечыць і як?»

«Я лічу, што не абавязкова. Я ведаю некаторых лекараў, якіх запрашалі на сталую працу зь ім, вельмі высокакваліфікаваных лекараў, але некаторыя адмовіліся. Ня тое, што сказалі — і пабеглі на дыбачках. Не. Розныя людзі, і некаторыя адмаўляюцца, хаця б мелі ў некалькі разоў больш і грошай, і льготы розныя».

Беларускія лекары рэгулярна кансультуюць Аляксандра Лукашэнку, але даюць падпіску аб неразгалошваньні. Вельмі мала зьвестак і пра асабістага лекара Аляксандра Лукашэнкі — Сьвятлану Канашэнку. Вядома толькі, што яна тэрапэўт, у 2008 годзе атрымала першую катэгорыю як лекар Службы бясьпекі прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG