Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсіф Сярэдзіч патлумачыў, чаму «Народнай Волі» ніколі ня будзе на выставе «СМІ ў Беларусі»


У Менску адкрылася ХІХ Міжнародная спэцыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі», прысьвечаная сёлета 70-годзьдзю Перамогі.

Адкрывала выставу міністар інфармацыі Лілія Ананіч, сымбалічную стужку разразалі віцэ-прэм’ер Натальля Качанава, намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Ігар Бузоўскі. На імпрэзу прыйшло шмат міністраў, іх намесьнікаў, іншых высокіх чыноўнікаў. На цырымоніі адкрыцьця з вуснаў чыноўнікаў не прагучала ніводнага слова па-беларуску, толькі назва выставы — «СМІ ў Беларусі» — выкананая на беларускай мове.

Затое шмат расейскай сымболікі, георгіеўскіх стужак у афармленьні стэндаў удзельнікаў выставы.

З навінак на выставе прадстаўлены «Адзіны партал беларускіх СМІ». Ён працуе як агрэгатар навінаў зь дзяржаўных СМІ. За інфармацыйную палітыку адказвае рэдакцыя «СБ. Беларусь сегодня». Партал мае толькі расейскамоўную вэрсію.

У астатнім на выставе — стэнды як стэнды. Сярод наведнікаў — вядомы тэлежурналіст, кінадакумэнталіст Леанід Міндлін:

«Вельмі звычайная выстава, таму што сёньня ёсьць такія тэхналёгіі для вытворчасьці выстаў, што гэта ўжо мінулае стагодзьдзе. Ёсьць вельмі цікавыя мультымэдыйныя тэхналёгіі, цікавыя спосабы падачы. Таму тое, што сёньня мы бачым, — гэта проста адстой».

Карэспандэнтка: «Ну, а тое, што толькі дзяржаўныя СМІ прадстаўленыя, акрамя «„Комсомольской правды“ в Белоруссии» і тыднёвіка «Аргументы и факты?»

«Гэта ўжо традыцыя. Некалькі гадоў таму яшчэ траплялі на такія выставы асобныя недзяржаўныя выданьні, вельмі сьціплае месца займалі, а сёньня сапраўды я нікога ня бачу».

Чаму ў выставе не бярэ ўдзелу, да прыкладу, недзяржаўная «Народная Воля», наклад якой перавышае наклады шмат якіх дзяржаўных СМІ, прадстаўленых на выставе, — 24 420 экзэмпляраў? Галоўны рэдактар «Народнай Волі» Ёсіф Сярэдзіч тлумачыць гэта такім чынам:

Ёсіф Сярэдзіч
Ёсіф Сярэдзіч

«„Народная Воля“ ніколі ня будзе браць удзел у такіх спэктаклях. Няўжо сёньня трэба некаму даказваць, што ёсьць на сьвеце газэта „Советская Белоруссия“, што ёсьць „Звязда“, што ёсьць „Сельская газета“? Што гэта за прапаганда? Што, сёньня 20-я гады мінулага стагодзьдзя, калі трэба даносіць слова прэсы ў аддаленыя вёскі, дзе мужыкі, можа, раз на год бачаць альбо трымаюць у руках газэту? Што гэта за рэкляма СМІ за кошт дзяржаўных сродкаў, падаткаў? Ідзі купляй і чытай! Цікавая газэта? Яна з рук у рукі будзе перадавацца. А калі яна застаецца ляжаць непрададзенай у шапіках тысячамі — „прыхлопніце“ яе, вы ж дзяржава. Я б за такія выставы караў самым сур’ёзным чынам усіх тых чыноўнікаў, якія арганізоўваюць вось гэтыя відавочныя ў дрэнным сэнсе спэктаклі. Гэта ганьба для ўлады — сёньня арганізоўваць такія выставы».

Акрамя беларускіх дзяржаўных мэдыяў, у выставе бяруць удзел СМІ Кітая, Вэнэсуэлы, Кубы, ну і, натуральна, Расейскай Фэдэрацыі, Саюзнай дзяржавы.

Узмацненьне расейскай прапаганды і даволі спрэчнай рыторыкі, адрасаванай беларускаму гледачу, заўважаюць ужо не апанэнты ўлады, але і чыноўнікі, кіраўнікі беларускіх СМІ. Рэдактар «СБ — Беларусь сегодня» Павал Якубовіч выказаў меркаваньне ў праграме «Клюб рэдактараў» на канале «Беларусь-1», што прыйшоў час «больш рэзка казаць пра ўплыў расейскага тэлебачаньня на тэлегледачоў». Тады спадар Якубовіч прызнаўся, што перасільвае сябе, каб паглядзець перадачы Салаўёва:

«Ён пастаянна выпускае Жырыноўскага ў эфір, які ўвесь час трансьлюе нагнятаньне самых дзікунскіх, адыёзных фашысцкіх ідэяў. Ён сее нянавісьць, заклікае спапяліць Украіну. Мы ня можам да гэтага спакойна ставіцца, бо расейскае тэлебачаньне ў нас займае ледзь не вядучае месца ў рэйтынгах прагляду».

Павал Якубовіч на выставе «СМІ ў Беларусі»
Павал Якубовіч на выставе «СМІ ў Беларусі»

На пытаньне Радыё Свабода, як цяпер спадар Якубовіч ацэньвае ўплыў расейскіх каналаў на беларусаў, ён адказаў так:

«Я ніколі ня думаў, што дажыву да таго часу, калі будуць настройваць рускіх супраць украінцаў і наадварот, і спрабаваць беларусаў „прабудзіць“ (у двукосьсі), каб яны таксама прынялі ўдзел у гэтым цалкам несумленным нагнятаньні жарсьцяў, спрабаваць укалоць беларусаў складаным „кісялёўска-салаўёўска-мамантаўскім“ прыёмам — ня буду паўтараць усе пэрсанажы, яны вядомыя. Таму мне вельмі горка, балюча».

Карэспандэнтка: «Ну, а можна забараніць у Беларусі асобныя праграмы на расейскіх тэлеканалах?»

«Забараніць — слова вельмі жорсткае. Вы ўяўляеце, што можа быць, калі гаворка пойдзе аб забароне?»

Яшчэ адзін наведнік выставы, журналіст Вадзім Гігін, які апошнім часам стаў запрашаць у сваё ток-шоў «Справа прынцыпу» апазыцыйных журналістаў, эканамістаў, палітолягаў — Валера Карбалевіча, Аляксандра Класкоўскага, Антона Болтачку, эканамістаў Сяргея Чалага, Яраслава Раманчука ды іншых, — таксама кажа, што забараняць расейскія каналы ў Беларусі ніхто ня будзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG