пятніца, 18 красавіка 2014, Менск 23:43

Форум

Барыс Пятровіч

Барыс ПятровічБарыс Пятровіч
x
Барыс Пятровіч
Барыс Пятровіч
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Барыс Пятровіч (Сачанка) нарадзіўся ў 1959 г. у вёсцы Вялікі Бор, што на Гомельшчыне. Скончыў факультэт журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту. Працаваў у "Гомельскай праўдзе", "Звяздзе", "ЛіМе".

Аўтар некалькіх кніг прозы. Ягоны зборнік “Шчасьце БЫЦЬ…”, паводле апытаньня ”Нашай Нівы”, названы найлепшай кнігай 2004 г.

Адзін з заснавальнікаў і галоўны рэдактар літаратурна-мастацкага часопісу “Дзеяслоў”.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: Цікаўны
15.12.2011 15:20
Самае простае пытаньне. Для чаго ўвогуле патрэбны сёньня Саюз пісьменьнікаў? Гэта прафсаюз ці ідэйная арганізацыя ці што?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:09
Пытаньне не такое простае, як можа падацца. Але скажу: дзеля чаго пчолы зьбіраюцца ў рой? Каб бараніць вульлі свае… Калі больш за 400 чалавек аб’ядноўваюцца ў Саюз, значыць, гэта ім трэба, каб бараніць свае інтарэсы. У кожнага пісьменьніка будзе сваё тлумачэньне, чаму ён уступіў у Саюз і не выходзіць зь яго, нягледзячы на тое, што знаходжаньне ў ім дае сёньня адныя праблемы… У нас, можа быць, толькі цяпер Саюз пісьменьнікаў становіцца такім, якім ён і павінен быць: не разьмеркавальнікам нейкіх дабротаў, як было пры СССР, а аб’яднаньнем творцаў на прафэсійнай аснове.
Дарэчы, Саюзы, ПЭН-цэнтры, у якія уваходзяць літаратары, зусім не прыдумка бальшавікоў і Сталіна. Былі аб’яднаньні пісьменьнікаў і да таго, існуюць і сёньня ва усіх краінах сьвету. І па некалькі… Якімі б эгаістамі ды прагматыкамі ні былі паводле нас людзі заходнія, яны, як і мы, аб’ядноўваюцца ў пісьменьніцкія арганізацыі дзеля абароны сваіх правоў на свабоду слова, друку, дзеля працы, даруйце за высокія словы, на захаваньне і разьвіцьцё роднай культуры і мовы.

Імя:: Не пісьменьнік
15.12.2011 17:05
Якая дынаміка за апошнія гады ў колькасьці сябраў СБП? Стала іх больш ці менш? Хто прыходзіць, хто пакідае Саюз?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:09
На жаль, літаральна за апошнія гады колькасьць сяброў Саюза беларускіх пісьменьнікаў зьменшылася. Прыблізна на сто чалавек. Скажу адкрыта: зьвязана гэта найперш са зьяўленьнем праўладнага Саюза пісьменьнікаў Беларусі. Ствараўся ён на базе сяброў нашага Саюза і ў яго адразу вымушаныя былі перайсьці большасьць з тых, хто працаваў у дзяржаўных структурах і выданьнях. Чарговы наступ на сяброў нашай арганізацыі адбыўся ў лютым мінулага года, калі ў дзяржаўныя установы і выданьні, дзе яны працуюць, прыйшоў ліст з высокіх структураў, у якім ад іх патрабавалі альбо выйсьці з СБП, альбо звальняцца з працы… Гэта быў цяжкі момант для ўсіх, але мы яго перажылі. Паўтарэньне той сытуацыі адбылося і перад самым апошнім зьездам – некалькі чалавек выйшлі з Саюза зноў жа пад ціскам сваіх кіраўнікоў... А увогуле Саюз пісьменьнікаў аб’яднаньне добраахвотнае, і выйсьці з яго лягчэй, чым уступіць… Уступіць, дарэчы, цяжкавата, Мы стаім на тым, каб прэстыж званьня пісьменьнік, прынамсі, у нашым Саюзе, не падаў і уступленьне ў Саюз было своеасаблівым прызнаньнем прафэсійнай годнасьці творцы… Але, тым ня менш, кожны год Саюз папаўняецца новымі сябрамі, найперш цікавай літаратурнай моладзьдзю.

Імя:: Hellicopter
15.12.2011 17:28
Што вы зрабілі перш за ўсё, за першы тыдзень кіраваньня Саюзам пісьменьнікаў? Дзякуй і посьпехаў?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:13
Дзякуй!..Што пасьпелі зрабіць? Надвор’е цёплае на Беларусь вярнулі, а то перад зьездам раптам такі сьнег паваліў…
А калі сур’ёзна, дык першы тыдзень прайшоў, на жаль, ня ў творчых клопатах. Давялося займацца падрыхтоўкай розных пасьлязьездаўскіх дакумэнтаў, гутарыць з тымі, з кім давядзецца працаваць у бліжэйшыя гады, бо вельмі важна стварыць калектыў аднадумцаў…

Імя:: Алена
15.12.2011 17:31
Ці можна лічыць пісьменніка беларускім, які жыве ў Беларусі і мае беларускі пашпарт, але піша свае кнігі толькі па-расейску?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:14
Складанае пытаньне. Ведаю, колькі дзідаў зламана ў розных спрэчках, каго кім лічыць. Напрыдумвалі розных новатвораў, якія гучаць ледзь не па-блюзьнерску, кшталту: “белорусский русскоязычный писатель”… І гэта не ў такой шматнацыянальнай краіне, якой зьяўляецца, да прыкладу, тая ж Расея. Ці ёсьць там “татарский русскоязычный писатель” ці “якутский русскоязычный писатель”? Можа, і нам трэба прасьцей глядзець на гэта? Пішаш па-руску, працуеш на рускую культуру, значыць пісьменьнік рускі. Пішаш па-татарску – татарскі…Гэта ў мастакоў прасьцей, бо ў іх “мова” творцы інтэрнацыянальная, агульная для усіх: фарбы. А таму прыналежнасьць мастака вызначаецца па месцы нараджэньня. Ван Гог галяндзкі мастак, хоць і пражыў большасьць жыцьця не на радзіме. І няма тут месца для крыўдаў: можна жыць у Францыі і быць (заставацца) рускім пісьменьнікам, як Бунін. Ніхто ж не называе яго французскім рускім пісьменьнікам… Пройдзе час, і ў нас усё усталюецца – і ня будзе успрымацца так балюча…

Імя:: Рыгор Горад:: Віцебск
15.12.2011 17:37
Дзень добры!
1. Чаму часопіс "Дзеяслоў" так цяжка знайсці і купіць? І чаму ён выходзіць так ня часта?
2. Які наклад часопіса на сённяшні дзень?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:15
На жаль, “Саюздрук” і “Белкніга”, куды мы ня раз зьвярталіся, “Дзеяслоў” на распаўсюд не бяруць з розных прычынаў і меркаваньняў... А таму часопіс распаўсюджваецца толькі па падпісцы і ў Менску толькі па некалькіх крамах…
Раю падпісацца. Зрабіць гэта можна ў любым паштовым аддзяленьні Беларусі (дарэчы, скарыстаюся момантам: наш падпісны індэкс 74813 і выпісаць часопіс яшчэ ня позна). Колькасьць падпісчыкаў у апошнія гады ў нас стабільная, як і наклад – 1000 асобнікаў. Далучайцеся!

Імя:: Александр Колядко Горад:: Гомель
15.12.2011 18:32
Уважаемый Борис Петрович!
Позвольте задать Вам вопрос, который уже традиционно задаю гостям «Свободы».
Готовы ли Вы поддержать коллективное требование 73-х белорусских блогеров о созыве Всебелорусского народного собрания НА ПОДЛИННО ДЕМОКРАТИЧЕСКОЙ ОСНОВЕ?
Речь идет не о номенклатурном собрании, коих мы видели уже четыре, а о собрании, делегаты которого ВПЕРВЫЕ должны быть избраны на основе всеобщего, равного и прямого избирательного права путем тайного голосования (причем непременно под международным контролем), а само собрание – наделено полномочиями ставить и обсуждать вопросы исключительно по усмотрению самих делегатов и принимать по ним решения, равнозначные решениям республиканских референдумов.
Соответствующие материалы Вы можете найти по ссылке:
http://kolyadko.livejournal.com/66554.html
Пользуясь случаем, позвольте также призвать поддержать нашу инициативу всех членов Союза белорусских писателей. Это наше общегражданское дело, и голос деятелей культуры тут должен прозвучать не менее громко, чем голос политиков или гражданских активистов.
Большое спасибо!
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:15
Падтрымліваю адназначна. Толькі, пэўна, як большасьць нашых суграмадзянаў, сумняваюся, што гэта рэальна ў сёньняшніх умовах... Але, каб пазбавіцца сумневаў, трэба працаваць у гэтым кірунку – плянамерна і паступальна. Тады, насуперак усім скептыкам, да якіх, на жаль, пакуль належу і я, Сход адбудзецца…

Імя:: Вячаслаў Горад:: Івацэвічы
15.12.2011 19:02
Спадар Барыс, скажыце калі ласка, чаму не выплочваюцца ганары аўтарам за папублікацыі ў "Літаратурнай Беларусі? Асабліва тым аўтарам, якія жывуць у рэгіёнах. Не адзін аўтар, пачынаючы з першага нумару не атрымаў ганарараў,хаця некаторыя друкаваліся па 5-10 разоў. Мы зараз сабярэмся і падамо Вас і Пашкевіча на суд, хопіць па нагламу рабаваць бедных пісьменнікаў.
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:16
Шаноўны спадар Вячаслаў! Які ўжо тут ганарар… Выжыць бы з гэтымі цяперашнімі коштамі на паперу і друк. “Літаратурная Беларусь” выходзіць, як дадатак да газэт “Новы час”. Пазванілі б у рэдакцыю і спыталі б, чым можна дапамагчы, тады б я вас зразумеў...

Імя:: Николай Горад:: Бобруйск
15.12.2011 19:05
Уважемый Петрович, если я пишу только по русски, примут меня в ваш союз? Есть у вас такие?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:20
Безумоўна! Ніякіх абмежаваньняў у нас не існуе. У нашым саюзе шмат творцаў, якія пішуць на розных мовах, у тым ліку і па-руску. Каго назваць? Ну хоць бы вядомую вам Сьвятлану Алексіевіч…

Імя:: Ігар
15.12.2011 19:07
Сп. Пятровіч,

калі вас запросяць на нараду ў адмінсірацыю разам з Чаргінцом - пойдзеце? Ёсьць пытаньні, якія вы з ім маглі б разам абмяркоўваць?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:21
Чаму абавязкова з Чаргінцом? Мікалая Іванавіча запрашаюць без нас… Больш за пяць гадоў існуе праўладны Саюз пісьменьнікаў і за гэты час ні разу старшыню Рады нашай арганізацыі не запрасілі на нейкае мерапрыемства, нават на Дні пісьменства і друку. Мяне не запрасілі на мінулагодняе сьвята на маю радзіму ў Хойнікі... Зрэшты, не запрашалі нас і раней.
Пытаньняў, якія варта абмяркоўваць шмат: пра гэта сьведчаць Заявы нашага Зьезда, першая з якіх аб катастрафічным стане беларускай мовы ў беларускай дзяржаве; другая – аб ушанаваньні памяці Васіля Быкава: за больш як восем гадоў з часу сьмерці Васіля Ўладзіміравіча ў краіне, дзе ён нарадзіўся і якой прынёс сусьветную славу, нічога дзеля яго ня зроблена, нават вуліца ў сталіцы не названая;у трэцяй– гаворыцца пра неабходнасьць увядзеньня ў нашай краіне мараторыя на сьмяротнае пакараньне і неадкладнае вызваленьне ўсіх палітвязьняў, у тым ліку і сяброў нашай арганізацыі Алеся Бяляцкага і Паўла Севярынца… У нашым Саюзе шмат паважаных пісьменьнікаў, з якімі варта было б раіцца па гэтых ды іншых пытаньнях. І я быў бы рады, каб у адміністрацыі, ці хоць бы ў міністэрстве культуры, знайшлі магчымасьць сустрэцца з Рыгорам Барадуліным, Нілам Гілевічам, Генадзем Бураўкіным, Анатолем Вярцінскім, Сяргеем Законьнікавым, Леанідам Дранько-Майсюком, Уладзімерам Арловым ды іншымі, у тым ліку і маладымі. Гэта было б ня лішнім…

Імя:: Грыцук Валерый Горад:: Менск
15.12.2011 23:16
Вы, спадар, Старшыня! Разумеяце ШТО ёсьць грунт культуры Беларусаў?
Ваш любімы ху- бін Бахаревіч руйнуе ГРУНТ КУЛЬТУРЫ БЕЛАРУСАЎ! Што такое , на ваш капыл, свабода Слова?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:22
На мой капыл свабода слова гэта найперш адсутнасьць ідэалягічнай цэнзуры і забароны на публікацыю меркаваньня, адметнага ад думкі большасьці. Выказацца мае права кожны. Як і аспрэчыць яго. Ня хочацца цытаваць знакамітыя словы: “я гатовы жыцьцё аддаць за тое, каб вы маглі вольна выказаць сваю думку”, але даводзіцца…
Мяжой для творцы можа быць толькі густ – рэч больш рэдкая, чым талент...
Яшчэ распачынаючы выданьне “Дзеяслова”, для сябе вызначыў, што цэнзуры, як такой, у часопісе ня месца. Друкавацца будзе усё, апроч тэкстаў з відавочнымі прыкметамі расізму, антысэмітызму, ксэнафобіі, гомафобіі, фашызму… Гэтага і стараюся трымацца…
Грунт культуры беларусаў не зруйнуе ніхто і нішто. Тым болей такія публікацыі, як Бахарэвічава ды іншыя. Іначай, што гэта за грунт, калі яго так лёгка адным артыкулам разбурыць…

Імя:: Зьміцер Горад:: Менск
16.12.2011 01:55
Дзень добры, спадар Барыс Пятровіч.

Распавядзіце, калі ласка, пра сябе крыху больш падрабязна, чым падала РС. Якая ў вас сям'я, і як вам (вашай сям'і) увогуле жывецца цяпер, ў наш час? Якія праблемы найбольш замінаюць у жыцьці па-за прафэсыйнай дзейнасьцю, і, наадварот, у чым знаходзіце натхненьне, што спрыяе аптымізму, чым сілкуеце, жЫвіце, душу? Якой вам бачыцца бліжэйшая будучыня краю?

Дзякуй за адказ.
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:23
Дзякуй за пытаньне. Пра сябе заўсёды расказваць цяжка і я ніколі не імкнуўся гэта рабіць. Родам з Палесься. З вёскі, якая дала Беларусі некалькі пісьменьнікаў, з якімі зьвязаны сваяцкімі сувязямі праз маці і бацьку. Такім чынам, на мне нібыта сышлося…
У літаратуры дэбютаваў позна – амаль у трыццаць гадоў, хоць пісаў з дзяцінства і працаваў журналістам у розных выданьнях. Не сьпяшаўся рабіць гэта, ды і пісаў не зусім па-савецку: арыентаваўся на мадэрновую, экспэрымэнтальную, авангардную на той час літаратуру.
Жанаты, маю двух сыноў. Старэйшы таксама журналіст (як і шмат хто з Сачанкаў і Бяспалых – прозьвішча маці). Малодшы – старшаклясьнік, але яго больш цікавяць дакладныя навукі. Люблю спорт, асабліва футбол. Гэта мой адпачынак. Магу спыніцца ў двары і дзясятак хвілінаў глядзець, як ганяюць мячык хлапчукі.
Часу хранічна не хапае. Найперш на уласную творчасьць. Таму пішу няшмат. Яшчэ з меншай ахвотай друкуюся, нават у “Дзеяслове”. У мяне ёсьць фрэска, якая называецца “Пас аддаць”, там выказана маё крэда: мне прыемней іншым дапамагчы, чым вылучыцца самому… Будучыню Беларусі бачу сьветлай і прыгожай, іначай навошта увогуле жыць.

Імя:: Pavlinka Горад:: Geneva
16.12.2011 03:42
Hallo uvazaemij Pyatrovi4! Kak vi otnotises k Niklyaevu i k 4ergenzu? U vas est` mnenie o belarusah kak o narode? Kak vi otnotetes k russkim,kozorie govoryat 4to Belaruskogo yazika ne sus4estvuet? moj plemyannik v Rossii u4itsya v 6kole i prohodit istoriyu o Belarii(6kolnaya programma) kak o tipa rabov rossii,i oni u4at 4to Belarusskogo yazika netu v pomine,sus4estvuet tolko dialekt. 4to vi mozete na eto otvetit`?
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:24
З павагай стаўлюся да ўсіх. Бо з дзяцінства засвоіў ісьціну: у любой сытуацыі ад пачатку да кожнага чалавека трэба ставіцца з павагай... Далей можна меркаваць па ўчынках і справах іхніх.
Як па мне, дык лепшага народа, чым беларусы, няма, а калі б нас яшчэ прымусілі быць беларусамі, як казаў незабыўны Янка Брыль, дык і увогуле ідэальны народ быў бы… Зразумела, гэта жарт. Але…
Шкадую рускіх, якія лянуюцца пацікавіцца сапраўднай беларускай гісторыяй і трымаюцца старых шаблёнаў. Суседа трэба паважаць, якім бы ён ні быў, інакш, як можна спадзявацца на добрыя адносіны? Ці трэба казаць тут, што ў беларусаў вялікая гісторыя і найпрыгажэйшая адметная мова. На жаль, сам вучыўся па падручніках, дзе ў фарбах расьпісвалася так званае “лядовае пабоішча” і ні слова не было пра бітву народаў – Грунвальдзкую, узносіўся Іван Фёдараў і зусім ня згадваўся Скарына... Гэта нашая бяда, што ня толькі суседзі, але і мы самі ня ведаем нашай гісторыі, што не шануем родную мову. Сёньня ёсьць інтэрнет, ёсьць незалежныя выданьні, шмат кніг, дзе можна знайсьці праўдзівыя зьвесткі пра Беларусь. Трэба толькі жаданьне. Для пачатку – жаданьне не пагадзіцца з тым, што вам кажуць і паспрабаваць аспрэчыць тое.

Імя:: liashkou_a Горад:: г. Добруш
16.12.2011 09:17
Дзень добры, сп. Пятровіч
Па-першае, віншую з абраньнем на пасаду старшыні СПБ.
Па-другое, карыстаючыся момантам, хачу спытаць банкаўскі рахунак пісьменьніцкай арганізацыі на які можна даслаць ахвяраваньне.
Па-трэцьцяе, скажыце калі ласка, які бліжэйшыя пляны ў СПБ, задачы ды мэты. Што будзіце рабіць?
Па-чацьвёртае, скажыце калі ласка, як можна зьвязацца з вашай арганізацыяй.
Загадзя дзякуй.
Адказаць

Імя:: Пятровіч
16.12.2011 14:25
Адказваю.
Па-першае, дзякуй, але мне трэба спачуваць, а не віншаваць...
Па-другое, рахунак СБП пакуль замарожаны, ня дзейнічае. Плянуем у хуткім часе яго раскрыць. Паведамім пра гэта на нашым сайце: lit-bel.org. Тады і можна будзе даслаць ахвяраваньне. Вельмі удзячны вам за гэта. Мусіць, першы плён гэтага он-лайну ужо ёсьць, бо дапамога Саюзу цяпер, як ніколі, патрэбная: сродкі з дзяржбюджэту ідуць на падтрымку толькі пісьменьнікаў з паралельнага праўладнага Саюзу.
Па-трэцяе… Некалькі словамі ня тут не адкажаш. Я ў Саюзе чалавек ня новы, таму найперш будзем працаваць над тымі тэмамі, над якімі працавалі і раней. Друкаваць свае выданьні, разьвіваць сайт, цясьней працаваць з рэгіёнамі і моладзьдзю. Плянуем распачаць выпуск бібліятэчкі з твораў пачынаючых літаратараў, паспрабуем зрабіць літаратурнае вэб-радыё, часьцей знаходзіць добрыя словы для нашых юбіляраў і проста сяброў, каб не адчувалі яны адарванасьць ад сваёй арганізацыі…
Па-чацьвёртае, нам можна патэлефанаваць: 8-017-200-80-91, можна напісаць на электронны адрас: sbp@tut.by

Імя:: Юрась Горад:: Гомель
16.12.2011 12:33
Прывітанне!
Маю пытанне: Ці лічыце Вы Рэп вершы літаратурай? Ці ведаеце творчасць беларускамоўных рэп выканаўцаў?
Адказаць

Імя:: Госьць
16.12.2011 14:49
Валянцін Акудовіч неяк сказаў мне, што сёньня, у часы постмадэрнізму, не існуе такога панятку, як графаманія. Дадам: як не існавала панятку графаманія ў паганскія часы, як няма яго ў фальклёры… Гэта ўвогуле пра творчасьць, незалежна ад жанраў. Некалі спрачаліся, ці паэзія -- словы песьняў. Гэта працяг той спрэчкі на новым этапе. Рэп своеасаблівая, але – літаратура. Новая літаратура новага пакаленьня. Як і інтэрнет-літаратура… Сам рэп практычна ня слухаю. У гэтым сэнсе я кансэрватар, застаўся ў добрых васьмідзясятых гадах. З беларускіх рэпэраў чуў толькі Vinsenta. Нічога так…

Імя:: Алесь
16.12.2011 12:35
Вы сказалі ў сваім інтэрвію "Свабодзе" пра абвінавачаньні на адрас Альгерда Бахарэвіча на пісьменьніцкім зьезьдзе: "На жаль, ніхто ў залі ня ўстаў, ня выйшаў і не абараніў Альгерда".

Калі "на жаль", дык чаму нельга было самому ўстаць і абараніць?
Адказаць

Імя:: Госьць
16.12.2011 14:50
Гэта адбылося падчас адной з паўзаў на зьезьдзе і я пры гэтым не прысутнічаў. Увогуле, паводле відавочцаў, гэта быў абсалютна нязначны эпізод, якому незаслужана надалі аграмадную увагу. Пасьля таго інтэрвію мне казалі, што спробы абараніць Бахарэвіча былі, але такія ж няўцямныя, як і сама нібыта дыскусія.

Імя:: Воля
16.12.2011 13:52
Сп. Пятровіч -- калі беларускай літаратуры было лепш - 20 гадоў перад незалежнасьцю ці 20 пасьля?
Адказаць

Імя:: Госьць
16.12.2011 14:58
Лепш было ў той кароткі прамежак, калі была незалежная дзяржава Беларусь, з 1991 па 1994 год, тады я дэбютаваў у літаратуры, выдаў сваю першую кніжку, тады былі залатыя часы для сучаснай беларускай літаратуры.

Імя:: Таццяна Горад:: Менск
16.12.2011 13:55
Паважаны спадар Пятровіч! Мой сябар жыве ў Ню-Йорку, выдаў шэраг кніг і актыўны сябра Міжнароднага ПЭНу. Але ніяк не можа (хоць жадае) стаць сябрам саюза пісьменнікаў на Радзіме --- усё неяк не знаходзілася у нашых часу на кантакты з адарваным ад Радзімы чалавекам. Ці прымаюць у саюз суайчыннікаў з=за мяжы? З кім і як звязацца для высвятлення падрабязнасцяў?Дзякуй за адказ.
Адказаць

Імя:: Госьць
16.12.2011 15:01
Зьвяжыцеся з намі па электронным адрасе, які я ўжо называў, і мы патлумачым сытуацыю. А ўвогуле ў нашым саюзе каля 50 сяброў, якія жывуць за межамі Беларусі, гэта ў асноўным тыя, хто ўступіў у саюз на радзіме, але так склалася, што зьехаў альбо на працу, альбо на сталае жыцьцё. Апроч таго, ў нас ёсьць ганаровыя сябры нашай арганізацыі, якія стала жывуць за мяжой.

Імя:: Ян
16.12.2011 14:03
Сп рэдактар, што будзе у 2012 - якия новыя значныя творы и аутары?
Адказаць

Імя:: Госьць
16.12.2011 15:04
Самае галоўнае, часопіс будзе выходзіць як і раней, што два месяцы, падпіска на яго ўжо абвешчана. Новых твораў і аўтараў вельмі шмат, і на жаль, утварылася нават невялікая чарга. У хуткім часе выйдзе чарговы 55 нумар, там будзе новы раман Алеся Пашкевіча, там будзе новая паэма Уладзімера Някляева, новыя вершы Генадзя Бураўкіна, новыя творы маладых аўтараў, крытыка, артыкулы пра мастакоў. Карацей, “Дзеяслоў" трымаецца на тым узроўні, які некалі для сябе заявіў.

Імя:: Вэб-рдактар
16.12.2011 14:37
На гэтым прыём пытаньняў скончаны. Дзякуй усім, хто браў удзел у онлайн-канфэрэнцыі
Адказаць

Імя:: Госьць
16.12.2011 15:09
Пытаньні былі вельмі цікавыя, добра, што яны тычыліся ня толькі Саюзу, але шмат было асабістых. Я пажадаў бы слухачам Свабоды, каб яны шчыльней цікавіліся сучаснай беларускай літаратурай, каб чыталі сучасных беларускіх аўтараў. І калі Вы задумваецеся, які падарунак зрабіць сваім родным на Каляды, то купіце добрую беларускую кнігу. Шчасьця, здароўя, плёну і перамен ў новым годзе!
Відэа