Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Доля беларускага пэнсіянэра — гэта галеча, і канца ёй ня бачна...»


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Ня так даўно, згадваючы пра 50-годзьдзе прыходу да ўлады ў БССР Пятра Машэрава, мы пыталіся ў мінакоў на вуліцах, калі ім жылося лепш — тады ці цяпер. На гэтае ж пытаньне спрабуе адказаць у сваім лісьце на Свабоду наша слухачка Ада Кудатам зь Ліды:

«На маю думку, і тады было дрэнна, а цяпер — яшчэ горш. Многае, вядома, падзабылася: дужа шмат часу мінула. Але што цікава: нашы людзі, як тыя прусакі — прыстасоўваюцца да ўсялякай атруты.

У эпоху Машэрава неяк весялей было. Нам тады дэкляравалі, што вось-вось надыдзе камунізм — таму што і электрыфікацыю правялі (як завяшчаў правадыр), і трактароў навыраблялі ўдосталь, і кожная кухарка навучылася кіраваць дзяржавай... Да камунізму, праўда, справа так і не дайшла.

Цяперашняя ўлада камунізму не будуе. Яна ўвогуле мала што будуе, асабліва ў рэгіёнах — болей усё зьнішчае, што было пабудавана да яе. У нас у Лідзе, напрыклад, зьнішчылі новыя цэхі ліцейнага заводу; разрабаваны практычна новы завод „Ізатрон“; дэмантаваны новы аб’ект культуры і спорту абутковай фабрыкі; тое ж зрабілі з новым мясакамбінатам. Увогуле, у 2010 годзе зьнішчылі масу яшчэ добрых, моцных будынкаў, якія маглі б служыць не адно дзесяцігодзьдзе. І дзеля чаго ўсё? Дзеля нейкага штучнага паказнога сьвята? Добра, што цяпер яго, здаецца, ужо адмянілі....».

Спадарыня Ада, відавочна, мае на ўвазе агульнабеларускія Дажынкі 2010 году, дзеля якіх у Лідзе многае пабудавалі, многае перабудавалі, а шмат што і зьнішчылі — каб не псавала сваім занядбаным выглядам агульную ўрачыстую атмасфэру.

Сапраўды, для многіх у Беларусі стала поўнай нечаканасьцю, калі год таму Аляксандар Лукашэнка раптам абвясьціў, што такіх «Дажынак» з татальнай перабудовай цэлых гарадоў у Беларусі болей ня будзе. Натуральна, зроблена гэта зусім не таму, што ўлада раптам расчаравалася ў гіганцкім, разьлічаным галоўным чынам на паказуху праекце. Проста няма адкуль браць на гэта грошы. Кожныя «Дажынкі» клаліся вялікім цяжарам на агульнадзяржаўны бюджэт. На перабудову Ліды, напрыклад, запатрабавалася ўзяць з агульнай скарбонкі 350 мільярдаў рублёў у цэнах 2010 году.

✉ ✉ ✉

Пра клопаты і трывогі беларускіх пэнсіянэраў разважае ў сваім новым лісьце на Свабоду Анатоль Чачотка зь Менску:

«Уражваюць зьвесткі пра заробкі беларусаў, якія рэгулярна друкуе Белстат. Вось, напрыклад, напрыканцы мінулага году фінансавыя работнікі атрымлівалі больш як 13 мільёнаў рублёў, будаўнікі — каля 9 мільёнаў. Не нашмат меней зараблялі і работнікі транспарту і сувязі, прамысловасьці, гандлю.

А вось даходамі пэнсіянэраў Белстат чамусьці ня хваліцца. А нас, між іншым, больш як два з паловай мільёны. Шмат гадоў мы сваёй працай кавалі сілу дзяржавы. І што маем? Зь нядаўняй публікацыі ў „Народнай Волі“ даведваюся, што сярэдняя працоўная пэнсія беларуса летась у траўні складала 2 358 000 рублёў. Гэта ж проста сьлёзы, а ня пэнсія. І гэта ў той час, калі, напрыклад, у Фінляндыі мінімальная пэнсія — 1500 даляраў, у Нарвэгіі — 2400, Японіі — 900. Нават у былых савецкіх рэспубліках пажылыя людзі атрымліваюць значна болей (у Эстоніі — 470 даляраў, у Латвіі — 372). У былых сацыялістычных краінах нашы равесьнікі таксама значна лепш забясьпечаныя: польскі пэнсіянэр атрымлівае мінімальна 550 даляраў, чэскі — 565. У гэтых краінах нават тыя людзі, якія не працуюць, атрымліваюць ад дзяржавы дапамогу, якая значна большая, чым пэнсія беларуса з 40-гадовым працоўным стажам.

Я больш як 20 гадоў уважліва сачу за эканамічным разьвіцьцём Беларусі. Ад кіраўніка краіны ўвесь гэты час чую заявы пра тое, што абраны ім курс — адзіна правільны. Раней думалася, што гэты курс прывядзе да росквіту. З аднаго боку, сапраўды, за гэтыя гады набудавалі шмат розных прыгожых і пампэзных будынкаў. Але што з таго нам, пэнсіянэрам, калі наша жыцьцё ня толькі не палепшылася, але ў нечым нават стала горшым (калі параўноўваць з савецкай эпохай)? Адных толькі скваркі ды чаркі малавата для шчасьця. І, на жаль, нашаму ўбоству канца пакуль ня бачна».

За мінулы год пэнсіі беларусаў зьмяніліся нязначна. Самая апошняя статыстыка — за люты: тады сярэдняя пэнсія склала 2 мільёны 658 тысяч рублёў. Гэта значыць, з улікам інфляцыі і дэвальвацыі яна ня толькі ня вырасла ў параўнаньні з траўнем, зьвесткі пра які вы, спадар Анатоль, прыводзіце, а нават і зьнізілася.

Параўноўваць беларускія пэнсіі зь фінскімі ды нарвэскімі не зусім карэктна. Там людзі ніколі не будавалі камунізм і не наладжвалі сацыялістычных рэвалюцыяў: у іх былі зусім іншыя стартавыя эканамічныя магчымасьці. Больш дарэчы — параўнаньне з балтыйскімі краінамі. Думаю, у беларускіх пэнсіянэраў пэнсіі былі б прыблізна такія самыя, як у літоўскіх ды латвійскіх — калі б у 1994 годзе яны абралі іншую ўладу.

✉ ✉ ✉

І на заканчэньне — фрагмэнт зь ліста нашага даўняга слухача Міхаіла Лекаха з Рыгі. Ён лічыць, што некаторыя аўтары лістоў на Свабоду занадта павярхоўна камэнтавалі студзеньскі трагічны выпадак у Парыжы, калі ісламісты расстралялі рэдакцыю сатырычнага часопіса «Шарлі Эбдо»:

«Краіны Заходняй Эўропы (Францыя, Нямеччына, Галяндыя ды іншыя) паступова ператвараюцца з хрысьціянскіх у мусульманскія. Гэтаму спрыяе, з аднаго боку, легальная ды нелегальная іміграцыя, а з другога — тое, што мусульманскія сем’і, адрозна ад хрысьціянскіх, нараджаюць шмат дзяцей.

Спрабуючы зьвярнуць увагу грамадзкасьці на небясьпеку гэтых працэсаў для будучыні Францыі, францускія журналісты заплацілі ўласным жыцьцём».

Так, спадар Міхаіл, гэтая праблема становіцца ўсё больш сур’ёзным выклікам для Заходняй Эўропы. І тое, што за апошні год у Францыі трэцяй палітычнай сілай дзяржавы стала ўльтраправая партыя «Нацыянальны фронт» пад кіраўніцтвам Марын Ле Пэн, якая заклікае радыкальнымі спосабамі змагацца супраць ісламізацыі і наплыву эмігрантаў, — зусім не выпадкова.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, паштовая скрынка 111.

Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG