Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абароніць Аляксандар Лукашэнка беларушчыну ад шклоўскіх чыноўнікаў?


Надпіс на геральдычным знаку ў Шклове
Надпіс на геральдычным знаку ў Шклове

У Шклове ўсталявалі новы геральдычны знак — герб гораду на адзінаццацімэтровай стэле. На ўрачыстым адкрыцьці знака заяўлялася, што ён стане яшчэ адной пазнавальнай адметнасьцю райцэнтру. Рупліўцы беларушчыны тым часам зьвяртаюць увагу на непаважлівае стаўленьне чыноўнікаў да беларускай мовы і мясцовай гісторыі. На геральдычным знаку назва гораду пададзеная толькі на расейскай мове, а ў якасьці даты першай летапіснай згадкі пазначаны год, калі Шклоў быў спалены маскоўскімі войскамі. Гэтак сьцьвярджала савецкая гістарыяграфія.

У савецкія часы лічылася, што ўпершыню Шклоў згадалі ў 1535 годзе. Горад тады быў захоплены і спалены маскоўскім ваяводам Васілём Шуйскім. Гэтая дата і пазначана на пастамэнце новай шклоўскай славутасьці. На ўрачыстым адкрыцьці знака ня згадвалі, што за падзея адбылася ў Шклове ў 1535 годзе.

«Атрымліваецца парадокс, — зазначае шклоўскі краязнаўца Аляксандар Грудзіна. — Горад спалілі ў 1535 годзе, і лічыцца, што тады яго і заснавалі. Дык гэта бязглузьдзіца нейкая. Гэтая дата перадалася Шклову з савецкіх часоў. І дагэтуль яе выкарыстоўваюць, нібыта працягваюць жыць у Савецкім Саюзе».

Аляксандар Грудзіна кажа, што на пачатку 1990-х гадоў удзельнічаў у падрыхтоўцы раённай хроніка-дакумэнтальнай кнігі «Памяць». Паводле яго, ужо тады былі вядомыя ранейшыя даты, калі Шклоў згадвалі ў пісьмовых крыніцах. Напрыклад 1520 год. Тады пра горад падчас свайго падарожжа ў Масковію пісаў аўстрыйскі дыплямат Сыгізмунд фон Гербэрштэйн.

Чаму вырашылі шклоўскія чыноўнікі прыняць за дату заснаваньня гораду той год, калі ён быў спалены, Аляксандар Грудзіна патлумачыць ня можа. Аднак выказвае меркаваньне, што «такі падыход сьведчыць пра абыякавае стаўленьне да мясцовай гісторыі тых людзей, якія прымалі рашэньне пра ўсталяваньне геральдычнага знака».

Геральдычны знак у Шклове
Геральдычны знак у Шклове

«Чыноўнікам трэба было больш адказна падысьці да прыняцьця рашэньня адносна надпісаў на гэтым знаку», — кажа Аляксандар Грудзіна.

У Шклоўскім краязнаўчым музэі зь меркаваньнем краязнаўцы не пагадзіліся. Заявілі, што афіцыйнай датай заснаваньня гораду дагэтуль лічыцца 1535 год.

«Цяпер ідзе працэс састарваньня гораду. Так, археолягі адшукалі артэфакты, якія пацьвярджаюць, што Шклоў старэйшы. Аднак афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Таму год заснаваньня гораду — 1535», — кажуць у музэі.

Адзінае слова на геральдычным знаку — «Шклов» — напісана на расейскай мове. У райвыканкаме на просьбу патлумачыць, чаму няма беларускага адпаведніка, заявілі: «У Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы: расейская і беларуская. Таму і выбралі расейскую».

Гравюра з ратушай
Гравюра з ратушай

Жыхара Шклова, намесьніка старшыні партыі БНФ Рыгора Кастусёва факт, як ён кажа, непаважлівага стаўленьня шклоўскіх чыноўнікаў да беларускай мовы ня дзівіць. Паводле яго, на ўезьдзе ў горад даўно пазьнікалі надпісы на беларускай мове.

«Ужо даўно заўважыў, што на мерапрыемствах, якія ладзіць мясцовая ўлада, беларуская мова выцясьняецца. Уязныя знакі дык расейскамоўныя стаяць паўсюль. Людзям, якія маюць уладу ў райвыканкаме, да лямпачкі, як гэты новы геральдычны знак будзе выглядаць: ці будзе ён адпавядаць гістарычным фактам, ці не. Паставілі, зрабілі сьвята, і ўсё. Гэта сьведчыць, што ў Шклове не беларуская ўлада. Адпаведна, робіцца ўсё, каб умацаваць у жыхароў прарасейскае бачаньне гісторыі іх горада», — заяўляе Рыгор Кастусёў.

Гэта сьведчыць, што ў Шклове не беларуская ўлада

Партыец заўважае, што на геральдычным знаку няма згадкі пра магдэбурскі пэрыяд шклоўскай гісторыі, — а герб, які на знаку, кажа ён, нададзены Шклову менавіта ў тыя часы.

Паводле Кастусёва, ад імя нефармальнай суполкі «Шклоўскі магістрат» дасылаўся зварот да мясцовай улады з прапановаю разам абмеркаваць гістарычнае значэньне магдэбурскага права для Шклова. Чыноўнікі адпісалі, што зварот, ім дасланы, не адпавядае закону «Аб масавых мерапрыемствах».

Шклоў — адзіны горад на Магілёўшчыне, у якім за савецкім часам не разбурылі знак магдэбурскага мінулага — будынак ратушы. Калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка, то гэты занядбаны на той час будынак адрамантавалі. Гравюра ратушы з гандлёвымі радамі на новым геральдычным знаку ёсьць.

Рыгор Кастусёў не выключае, што зьвернецца да Аляксандра Лукашэнкі, каб абараніць ад шклоўскіх чыноўнікаў і беларушчыну, а таксама дамагчыся выпраўленьня моўных і гістарычных хібаў на геральдычным знаку.

Шклоўская ратуша цяпер
Шклоўская ратуша цяпер

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG