Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дыплямат у Бразыліі: Вышыванкі і культура спрыяюць будаваньню гандлёвых адносінаў


Саветнік амбасады Сяргей Лукашэвіч
Саветнік амбасады Сяргей Лукашэвіч

Дыпляматычныя прадстаўніцтвы Беларусі за мяжой далучаюцца да кампаніі прамоцыі нацыянальных сымбаляў. Так, у беларускай амбасадзе ў Бразыліа выстаўленыя ўзоры традыцыйных строяў, а адмысловы плякат тлумачыць таямніцы элемэнтаў беларускага арнамэнту.

«Беларускую культуру — у шырокія бразыльскія масы»

Паўгода таму, на пачатку сваёй кадэнцыі на пасадзе саветніка амбасады Беларусі ў бразыльскай сталіцы, Сяргей Лукашэвіч з уласнай ініцыятывы аформіў у фае дыппрадстаўніцтва міні-экспазыцыю ў нацыянальным стылі: два манэкены ў традыцыйных жаночым і мужчынскім строях, у рамцы — тлумачэньне фрагмэнтаў арнамэнту на партугальскай мове. Ці апраўдаў сябе экспэрымэнт? Як на дэманстрацыю традыцыйнай культуры мала вядомай тут Беларусі рэагуюць наведнікі?

Саветнік амбасады Сяргей Лукашэвіч
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:52 0:00
Наўпроставы лінк

«Бразылія — краіна, дзе большую частку насельніцтва складаюць мігранты з розных куткоў сьвету. Калі ўмоўна падзяліць на тры складнікі, то гэта выхадцы з Эўропы, Афрыкі і Блізкага Ўсходу. Мабыць, таму бразыльцы маюць цікавасьць да любых праяваў культуры, адрознай ад той, што ляжала на пачатку асваеньня імі Бразыліі. Наша культура — славянская, беларуская — таксама іх цікавіць, бо яна адметная. Увогуле, мясцовыя адкрытыя да новых уражаньняў, да культурнага супрацоўніцтва. І калі наведваюць нашу амбасаду, невялічкая выстава заўсёды выклікае зацікаўленьне. Падыходзяць, разглядаюць, пытаюцца: дзе такі куток, якія там традыцыі? А хто мае карані ў славянскіх краінах — прыкладам, у Польшчы ці Ўкраіне — адчуваюць унутраную повязь: маўляў, і ў нас падобныя перапевы, значыць, роднасныя душы. Такія выставы прасоўваюць нашы культурныя ўплывы ў Бразыліі — мякка, ненавязьліва, але эфэктыўна».

Нацыянальныя вышыванкі ў Бразыліі
Нацыянальныя вышыванкі ў Бразыліі

У беларускай місіі спадар Лукашэвіч адказвае перадусім за пытаньні культуры. Але ж любое дыппрадстаўніцтва — рэжымны аб’ект, і проста з вуліцы туды ня трапіш. То на які асьветніцкі эфэкт ён разьлічвае?

«Гэта менавіта так, па ўсім сьвеце існуе адмысловая норма: ня кожны чалавек можа вольна зайсьці ў дыппрадстаўніцтва, туды мае доступ пэўная катэгорыя грамадзянаў на падставе пэрсанальнага запрашэньня. Але гэта не азначае, што мы зафіксаваліся толькі на гэтай плянцы і паказваем нашы нацыянальныя строі для нейкай эліты. У амбасадзе існуюць праекты, каб распаўсюдзіць гэта сярод насельніцтва ў нашмат большых памерах. У прыватнасьці, ёсьць дамоўленасьць зь мясцовымі ўладамі гораду Бразыліа, каб напрыканцы году, дзесьці ўвосень, наладзіць выставу ў сьценах, назавём так, бразыліянскага „гарвыканкаму“. То бок заплянавана мерапрыемства культурнага характару, падчас якога мы пакажам і гэтыя строі, і іншыя вышыванкі, а таксама адметныя нацыянальныя сувэніры, характэрныя толькі для нашай краіны, друкаваную прадукцыю і г.д. То бок пусьцім нашу культуру ў „шырокія бразыльскія масы“. Як усё адбудзецца ў выніку — пакажа бліжэйшы час, але такія пляны ёсьць».

Прэзэнтацыйныя матэрыялы пра Беларусь. Старадаўні арнамэнт растлумачаны па-партугальску і дранікі на бразыльскі лад
Прэзэнтацыйныя матэрыялы пра Беларусь. Старадаўні арнамэнт растлумачаны па-партугальску і дранікі на бразыльскі лад

«Маладыя дзяўчаты-беларускі як касьцяк новай міграцыі»

Ці ўдалося вылучыць у агульнай масе насельнікаў 200-мільённай дзяржавы беларусаў? Якая прапорцыя землякоў адносна згаданых ужо наведнікаў з польскімі, украінскімі, расейскімі каранямі? Паводле Сяргея Лукашэвіча, пэўную частку выхадцаў зь Беларусі да беларусаў можна аднесьці хіба ўмоўна: хтосьці асыміляваўся сярод іншых этнасаў, а камусьці да нацыянальнай ідэнтычнасьці няма справы:

«Наша гісторыя цікавая ўжо тым, што незразумела, ад якога часу лічыць беларускую самастойнасьць. Ну, сапраўды: адкуль пачынаць незалежнасьць, які час браць за пункт адліку, казаць, што вось адсюль пайшлі беларусы? За мяжой гэта яшчэ больш заўважна. Скажам, большая частка людзей, якія ў ХХ стагодзьдзі выехалі з Заходняй Беларусі ці ў Аргентыну, ці ў Бразылію, ці ў іншыя краіны Лацінскай Амэрыкі, лічаць сябе палякамі. Наведваюцца ў суполкі палякаў, ходзяць да касьцёла (зрэшты, каталіцкая краіна, таму з касьцёлам зразумела). Пытаньне само па сабе цікавае: ці ёсьць беларусы? Я разумею і бачу, што яны ёсьць, іншая справа — наколькі яны самі адчуваюць сябе беларусамі? У межах новага закону „Аб беларусах замежжа“ так і прапісана: беларус, калі сябе ім адчувае і нешта дзеля гэтага робіць. Дык вось такіх людзей у Бразыліі няшмат — ня тое, каб даводзіў, што беларус, а каб хоць неяк зразумець, хто ён у душы. Новая хваля міграцыі зь Беларусі ў лацінаамэрыканскія краіны спэцыфічная, на ёй суполак не наробіш. Маладыя дзяўчаты, жанчыны, якія складаюць яе касьцяк, найперш шукаюць кавалераў, шукаюць больш удалага лёсу. І, можа, на якім месцы дзясятым, а хутчэй нават дваццатым, будуць у далёкай Бразыліі думаць, дзе тая Беларусь, як пра яе клапаціцца і ці клапаціцца ўвогуле. Вядома, сустракаюцца сярод іх і выключэньні, якія дбаюць пра беларускую культуру і традыцыі, але на тое гэта і выключэньні».

«Беларусы і Алімпіяда ў Рыё-дэ-Жанэйра: зь візай ці без?»

Праз год у бразыльскім мэгаполісе Рыё-дэ-Жанэйра стартуе фэерычная дзея — летнія Алімпійскія гульні. А ці адышла краіна ад мінулагодняга чэмпіянату сьвету па футболе, падрыхтоўка і правядзеньне якога суправаджаліся крытыкай за «выпампоўваньне» і без таго дэфіцытнага бюджэту? Дыплямат кажа, што пэўныя высновы з папярэдняй спартовай кампаніі ўлады зрабілі:

«Алімпіяда — заўсёды матэрыяльна затратная рэч, што тут казаць. Але бразыльцы падышлі да падзеі зь вельмі моцнай прапагандай. Найперш, Алімпійскія гульні ўпершыню адбудуцца на гэтым кантынэнце, у Паўднёвай Амэрыцы. Па-другое, гэта для іх дадатковы імпульс да разьвіцьця, гэта рухавік гандлю, рухавік турызму, тое, што будзе далей спрыяць росквіту і разьвіцьцю краіны. Таму яны ў гэтай дзеі зацікаўленыя надзвычай. Натуральна, гэта не азначае, што ўсе грамадзяне Бразыліі дзьвюма рукамі за Алімпіяду, бо ёсьць аргумэнты адносна таго, што зусім не патрэбныя гульні, якія спустошваюць дзяржаўную казну, што лепш грошы раздаць бедным і г.д. Можна згадаць, што перад футбольным чэмпіянатам сьвету па краіне прайшлі акцыі пратэсту, хоць футбол для мясцовых жыхароў — сапраўдная рэлігія, інакш і быць ня можа. Што паказальна, улады зрабілі высновы, і фундацыя Алімпіяды-2016 — гэта збольшага сродкі інвэстараў, зацікаўленых кампаніяў. То бок грошы не дзяржаўныя. Прынамсі, з тых лічбаў, якія публікуюцца ў СМІ, вынікае, што амаль 60% адрасных сродкаў — не зь бюджэту дзяржавы, гэтыя грошы не „адбіраюцца ў народа“ і не „закопваюцца ў зямлю“. Досыць цікавая форма, асабліва што тычыцца Лацінскай Амэрыкі».

Панарама са спартовымі аб’ектамі
Панарама са спартовымі аб’ектамі

Ці змогуць беларусы трапіць на Алімпіяду бязь візавых абмежаваньняў? Сяргей Лукашэвіч тлумачыць, што фармальна ўнутрыдзяржаўныя працэдуры ратыфікацыі пагадненьня паміж урадамі Беларусі і Бразыліі аб скасаваньні візаў для кароткатэрміновых паездак завершаныя. Менск ратыфікаваў згаданы дакумэнт у апошнія дні 2014 году, цяпер чарга — за Бразыліа:

«Акурат цяпер ідзе працэс, калі двухбаковыя дамоўленасьці павінны ўступіць у сілу, і я спадзяюся, што да пачатку Алімпіяды канчатковае рашэньне будзе прынятае. Бо цяпер пытаньне на баку бразыльскіх заканадаўцаў. Найперш пытаньне юрыдычнае, бо ўсе палітычныя і эканамічныя моманты вырашаныя, засталося іх аформіць юрыдычна-працэсуальна. Таму фармальна патрэбна зусім няшмат, каб міждзяржаўныя пагадненьні набылі моц. У такім разе беларусам, вядома, значна прасьцей будзе трапіць на тую ж Алімпіяду, бо бразыльскае дыппрадстаўніцтва ў Менску візаў не выдае, дзеля гэтага трэба ехаць у Маскву, што цяжка, нязручна і цягне за сабой пэўныя складанасьці. А так будзе ўсё прасьцей: набыў квіток, калі ёсьць грошы, і паляцеў у Бразылію. Хочацца верыць, што да пачатку Гульняў папярэднія дамоўленасьці будуць рэалізаваныя. Паўтаруся: з нашага, беларускага боку, зроблена дастаткова — дакладней, зроблена ўсё магчымае, цяпер — чарга бразыльскіх партнэраў».

«Беларускія турысты ў Бразыліі — суцэльная экзотыка»

Згодна зь міжнароднымі нормамі дакумэнт набудзе моц пасьля атрыманьня афіцыйнага паведамленьня ад бразыльскага боку пра заканчэньне ўнутраных працэдураў па яго ратыфікацыі. Тым часам турыстычны паток зь Беларусі ў Бразылію сьціплы і збольшага абмяжоўваецца індывідуальнымі турамі:

«Зразумела, што Бразылія — гэта не даступная большасьці беларусаў Турэччына і ня танны Эгіпет. Так, сюды беларусы раз-пораз наяжджаюць, збольшага гэта турызм індывідуальны, які сабе могуць дазволіць далёка ня ўсе грамадзяне нашай краіны. Але ўсё ж сюды наведваюцца, і, што адметна, чым далей ад радзімы, тым цікавейшых людзей тут сустракаеш. Бо зьяўляюцца і нейкія падарожнікі на матацыклах, і нейкія людзі, якія пехатой ідуць ад полюсу да полюсу. Іншымі словамі, здараюцца досыць нечаканыя сустрэчы. То бок, здавалася, ніякіх шанцаў наткнуцца на чалавека, зь якім наўрад ці калі лёс зьвёў бы нават у Менску, а тут — раз, і шляхі скрыжаваліся».

Зь беларусамі замежжа на фэстывалі ў Менску
Зь беларусамі замежжа на фэстывалі ў Менску

Перакіданьню міжкультурных мастоў аб’ектыўна перашкаджае геаграфічная аддаленасьць улюбёнай краіны Астапа Бэндэра ад Старога сьвету — авіяквіток у абодва бакі транзытам праз эўрапейскія аэрапорты каштуе ў эквіваленце пад 2 тысячы даляраў на чалавека. Дык наколькі сталіца вечнага карнавалу — прынцыпова іншы сьвет у вачах памяркоўнага беларуса?

«Не зусім ужо і іншы сьвет, бо перадусім гэта хрысьціянская краіна, а значыць, пэўныя падыходы перагукаюцца з эўрапейскімі, беларускімі традыцыямі. Што асабіста мне падабаецца — людзі вельмі адкрытыя да кантактаў; усьміхаюцца, падбадзёрваюць, калі бачаць, што чалавек зь іншай краіны. Я б сказаў, што бальшыня лацінаамэрыканскіх краінаў — і ня толькі Бразылія — гэта месцы, дзе сябе пачуваеш досыць камфортна. Калі мець на ўвазе перадусім адчуваньні сацыяльныя, адчуваньні, калі можна так казаць, душэўныя. У дадзеным выпадку ня будзем закранаць тэму бясьпекі, бо па ўсёй Лацінскай Амэрыцы з гэтым пытаньнем ня ўсё гладка. Але калі чыста мае ўражаньні, то гэта краіна, у якой цікава і працаваць, і знаходзіцца ў якасьці турыста, а магчыма, і жыць як мігранту. Магчыма, бо наконт апошняга дакладна ня ведаю».

Бразыльскі карнавал
Бразыльскі карнавал

Што да крымінагеннай сытуацыі, якой краіны Лацінскай Амэрыкі сумна праславіліся далёка за сваімі межамі, то яна ўжо стала адным з элемэнтаў «нацыянальнай адметнасьці». Нават тамтэйшыя аналітыкі ня могуць патлумачыць: ці то проста ў паліцыі не хапае рэсурсаў, ці то злачынныя групоўкі настолькі магутныя? Сяргей Лукашэвіч на праблему глядзіць такім чынам:

«Цяжка даваць нейкія камэнтары, бо супрацоўнікі беларускай амбасады там знаходзяцца досыць кароткі тэрмін. Дапусьцім, прыяжджаеш на год-два, хтосьці на тры-чатыры, пасьпяваеш інтэгравацца ў мясцовую супольнасьць на зусім непрацяглы тэрмін. Чаму такая сытуацыя? Ну, а чаму яна існуе ў нас? Пытаньне досыць рытарычнае. Існуе, відаць, таму, што грамадзяне, якія там жывуць, даюць для гэтага падставу. Чаму ў большых памерах, чым у Беларусі? Дык гэта добра, што ў нас лепш, чым там. Усё ж трэба параўноўваць памеры. Бо некаторыя прывыклі скардзіцца: ой, як дрэнна тут і як добра там, дзе такі крышталёва чысты сьвет. Але часта насамрэч гэты сьветлы чысты сьвет зусім не такі ўжо і сьветлы. Зноў жа, складанае пытаньне — чаму? Таму што так ёсьць, так склаліся абставіны, так яны сябе паводзяць, такія законы існуюць і так яны іх выконваюць».

Заморская Бразылія
Заморская Бразылія

Вяртаючыся да імправізаванай выставы нацыянальных строяў, Сяргей Лукашэвіч адзначае, што праз вышыванку і гісторыю ўдаецца і прасунуцца да матэрыяльных праектаў. Іншымі словамі, праз культуру і пазытыўнае ўражаньне аб краіне — падштурхнуць уплывовых бразыльскіх бізнэсоўцаў да выбудоўваньня гандлёвых адносінаў зь Беларусьсю.​

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG