Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвяра аўралу


«Беларуськалій»
«Беларуськалій»

Сьмерць рабочага ў выніку аварыі на «Беларуськаліі» выкрыла праблемы з тэхнікай бясьпекі на прадпрыемстве.

25 красавіка ў Салігорску пры абвале зводу шахты загінуў праходчык, ягоны напарнік трапіў у шпіталь са шматлікімі траўмамі. Гэта былі працаўнікі падраднай арганізацыі «Шахтаспэцбуд», якая выйграла тэндэр на праходчыя працы.

Сёньня на нарадзе ў «Беларуськаліі» прагучала, што падрадная арганізацыя «Шахтаспэцбуд» бралася за 8 месяцаў зрабіць працы, разьлічаныя на 1,5 года.

Трагедыя здарылася ў сярэдзіне працоўнага дня на адзнацы мінус 264 мэтры.

«Падчас правядзеньня горных працаў па замене арачных умацаваньняў на адным з участкаў адбыўся абвал мінэральнай пароды, у выніку якога адзін праходчык загінуў, а другі атрымаў цяжкія траўмы і быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленьне ўстановы аховы здароўя», — паведаміў пра трагедыю Сьледчы камітэт, дзе ўжо распачалі крымінальную справу.

Паводле сьледчых, аварыя здарылася з працаўнікамі неназванай падраднай арганізацыі. Сьледчыя паведамілі, што разглядаюць у якасьці адной з асноўных прычын здарэньня парушэньне тэхнікі бясьпекі падчас выкананьня праходчых працаў.

Між тым стала вядома, што на «Беларуськаліі» працы па мантажы праходак выконвала арганізацыя «Шахтаспэцбуд», якая выйграла тэндэр на гэтыя працы і нібыта ўзялася зрабіць за 8 месяцаў тое, што разьлічана на 1,5 года.

Працаўнік «Беларуськалія», сябра Незалежнага прафсаюзу гарнякоў Аляксандар Малочка паведаміў вядомыя яму падрабязнасьці:

«Адбыўся абвал пароды, усяго абрынулася на іх каля 5 тон. Адзін загінуў фактычна адразу, 2 гадзіны яго адкопвалі. А другога закранула па датычнай, у яго шмат пераломаў, ён у рэанімацыі ў Салігорскай раённай бальніцы. Яго стан ацэньваецца як стабільна цяжкі.

Кажуць, што яны, выходзіць, дэмантавалі адразу некалькі арак, не ўсталёўваючы новых

Вядома, што яны дэмантавалі перакрыцьці. То бок, калі камбайн праходзіць, трэба ўсталяваць мацаваньні. Паводле тэхналёгіі старая арка дэмантуецца, і адразу пасьля гэтага ўсталёўваецца новая, і толькі пасьля гэтага вядуць далей праходку. Дык кажуць, што яны, выходзіць, дэмантавалі адразу некалькі арак, не ўсталёўваючы новых. І таму здарыўся абвал. Калі гэта так, дык атрымліваецца невыкананьне тэхнікі бясьпекі».

Аляксандар Малочка зьвярнуў увагу на тое, што працаўнікі, якія трапілі ў вытворчую аварыю, працавалі ў падраднай арганізацыі. Паводле Аляксандра Малочкі, гэта становіцца нормай.

«Няшчасныя выпадкі здараюцца ў асноўным з супрацоўнікамі субпадрадчыкаў. Прыкладам, калі ідзе рэканструкцыя. Памятаю, 6 гадоў таму, калі я толькі ўладкаваўся на „Беларуськалій“, дык ішла рэканструкцыя сушыльнага аддзяленьня, і тады было ажно два няшчасныя выпадкі. То ўпалі з рыштаваньняў два будаўнікі і адзін загінуў. А празь некалькі месяцаў пры рэканструкцыі з барабана сарваўся ліст, і забіла мантажніка. Рэгулярна нешта здараецца. Вось нядаўна на тэрыторыі фабрыкі 1-га рудаўпраўленьня таксама з будаўнічых рыштаваньняў пры рэканструкцыі аддзяленьня грануляцыі, якой займалася СМУ-200, упаў і загінуў мантажнік. Гэта было месяцы чатыры таму, можа болей».

Чаму ў няшчасныя здарэньні часьцей трапляюць працаўнікі падрадных арганізацыяў? Аляксандар Малочка зьвязвае гэта з розным падыходам да тэхнікі бясьпекі.

Кіраўніцтва падрадных арганізацыяў проста пагардліва ставіцца да сваіх працаўнікоў

«У нас вельмі шмат праходзіць розных мерапрыемстваў па тэхніцы бясьпекі. Знаёмяць нас з рознымі інфармацыйнымі лістамі, пераздачы ладзяць пасьля няшчасных выпадкаў, вельмі ўзмацнілі кантроль за тэхнікай бясьпекі. Але гэта толькі для працаўнікоў „Беларуськалія“. Пераканана скажу, што кіраўніцтва падрадных арганізацыяў проста пагардліва ставіцца да сваіх працаўнікоў. Таму апошнім часам, у асноўным, няшчасныя выпадкі здараюцца з працаўнікамі падрадных арганізацыяў».

Як мясцовыя прафсаюзы рэагуюць на няшчасныя выпадкі на прадпрыемстве?

Старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Мікалай Зімін сказаў, што за 30 гадоў, якія ён адпрацаваў на «Беларуськаліі», стаўленьне адміністрацыі да праблемаў тэхнікі бясьпекі заўсёды было прынцыповае, а што не ўдаецца цалкам пазьбегнуць здарэньняў, дык «умовы цяжкія, праца пад зямлёй небясьпечная».

Галоўны інжынэр «Шахтаспэцбуду» Мікалай Скрыпнік паведаміў карэспандэнту Свабоды прозьвішча працаўніка арганізацыі, які загінуў — гэта Аляксей Антановіч. Адносна камэнтару да здарэньня Мікалай Скрыпнік папрасіў накіраваць пісьмовы запыт.

Паводле калектыўнай дамовы паміж прафсаюзамі і адміністрацыяй «Беларуськалія», калі няшчасны выпадак з працаўніком здараецца па віне прадпрыемства, сваякі маюць атрымаць ад 720 да 750 мільёнаў рублёў кампэнсацыі. Але калі гаворка ідзе пра працаўнікоў падраднай арганізацыі, кампэнсацыя з боку «Беларуськалія» не прадугледжаная.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG