пятніца, 10 лютага 2012, Менск 02:39

Блогі / Пятро Садоўскі

“Карта паляка”: прагматычны патрыятызм

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Пётра Садоўскі

Нашаму скутаму грамадству, дзе СМІ і гуманістычная сфэра манапалізаваліся дзяржавай, а недзяржаўныя, так і не дасягнуўшы якасна высокага ўзроўню, маргіналізаваліся, пагражае непазьбежная прымітывізацыя. Наш розум палітызуецца, зьявы і факты штодзённага быцьця мы ўсё часьцей трактуем на ўзроўні гатовых стэрэатыпаў, што склаліся пад уплывам часам ужо неактуальных ведаў і некрытычна ўспрынятага чужога досьведу.

Водгукі ў сеціве ды інтэрвію зь беларусамі на вуліцах з нагоды ўвядзеньня ўрадам Польшчы польскай карты для этнічных палякаў за мяжой, заява нашага МЗС, якое спадзяецца на “сатысфакцыю” аж праз Вэнэцыянскі суд, сьведчаць, што гэта падзея разглядаецца выключна ў палітычнай плоскасьці. Дапускаю, што я нешта не пачуў і нешта не прачытаў. Аднак, калі мне пазваніў журналіст зь Беларускай рэдакцыі Польскага радыё і запытаўся пра маю ацэнку гэтай падзеі як колішняга дыплямата, я адчуў, што для некаторых празаічных простых рэчаў у гэтай гісторыі людзі “ня маюць вушэй”, а шукаюць вялікую геапалітыку. Выступ Лукашэнкі перад студэнтамі журфаку БДУ, а таксама ягоны камэнтар падчас наведаньня віцебскага “Віцязя” сьведчаць пра тое самае.

Нават калі шукаць вялікую палітыку ў тым, што гэтая “польская карта” скіраваная перш за ўсё на польскую дыяспару на Ўсходзе, усё роўна, як кажуць, у “сухой рэшце” застанецца жыцьцёвая проза, у якой няма нічога новага.

Незалежна ад таго, дзе і якія разумныя галовы ў Польшчы плянавалі гэты праект, нічога надзвычайнага з пункту гледжаньня фэномэну нацыянальных дзяржаваў і міжнароднага права ў ім няма. Кожны народ, дафармоўваючы сваю нацыю – асабліва ў найноўшай гісторыі – абапіраецца на свае гістарычныя (гераічныя і пакутніцкія) міты, актуалізуе нацыянальныя інтарэсы (якія могуць трактавацца суседзямі або хаўрусьнікамі як эгаізмы) час ад часу апэлюе да этнічнага і рэлігійнага патрыятызму, вырашаючы бягучыя жыцьцёвыя праблемы.

У маім уяўленьні Польшча і сёньня – больш чым нацыя ў традыцыйным эўрапейскім разуменьні. Яна чымсьці нагадвае габрэйскую супольнасьць. Хто знаёмы з патрыятычна-рэлігійнымі захапленьнямі Адама Міцкевіча ў апошнія гады ягонага жыцьця і спробы стварыць габрэйскі легіён на грошы Ротшыльда на расейска-турэцкім фронце, зразумее, пра што я гавару. Польшча, краіна з глыбокімі каталіцкімі традыцыямі, хаця і зьяўляецца чальцом ЭЗ, але не падзяляе пакуль афіцыйных мультыкультуральных “постнацыянальных” настрояў тыпу галяндзкіх ці нямецкіх, не сьпісала ў архіў гістарычны патрыятызм. Яшчэ адзін імпульс да мацаваньня патрыятызму і абароны нацыянальных інтарэсаў, хаця і не зьяўляецца цалкам паліткарэктным з гледзішча эўраінтэграцыі, аднак для Польшчы будзе карысны. Тысячы палякаў зьехалі на заробкі ў Скандынавію, Вялікую Брытанію, Нямеччыну. Навошта палякам прымаць у вызваленыя нішы імігрантаў з Бангладэш, калі можна атрымаць працавітых, дастаткова кваліфікаваных, блізкіх па мове і культуры грамадзян суседняй краіны, дзе іх, мякка кажучы, ня вельмі песьцяць? Ці не пра тое ж марыць і Расея, заклікаючы сваіх суродзічаў вяртацца на Радзіму з абшараў былога СССР, аднак ня можа па-жыцьцёваму іх прывабіць?

Ня трэба забывацца і на дэмаграфію. Узгадайце спрэчкі Польшчы і Брусэлю пра квоты, працэнты і лічэбнасьць насельніцтва краінаў-чальцоў ЭЗ. Гожыя для Польшчы беларусы хутка інтэгруюцца і з “картачных” палякаў стануць грамадзянамі. Нікога ў Беларусі указам прэзыдэнта не прывяжаш. Гэта ж трэба быць абсалютным ненавісьнікам свайго народу і ня вельмі разумным чалавекам , каб выцясьняць нацыянальных патрыётаў за мяжу і публічна ганарыцца тым, што да нас прыяжджаюць на жыхарства людзі з далёкіх краёў, часта выпадковыя асобы, не заўсёды з самай лепшай біяграфіяй, адукацыяй і намерамі!

У свой час немцы, пасьля аб’яднаньня краіны, на выключна льготных умовах дазволілі перасяленьне “савецкіх немцаў” на этнічную радзіму, што, дарэчы, адпавядала спэцыяльнаму дадатку да артыкулу аб грамадзянстве ў Канстытуцыі ФРГ, дзе генэтычныя немцы мелі прыярытэтнае права на атрыманьне грамадзянства. Праўда, скалечаная працоўная мэнтальнасьць “савецкіх” немцаў перашкаджала ім інтэгравацца і рабіць кар’еру. І ня ўсе немцы ўхвалялі палітыку дзяржавы ў падтрымцы “родных” этнічных рэпатрыянтаў. І ня ўсе палякі падтрымліваюць сёньня ідэю “карты паляка”: бясплатных месцаў ва ўнівэрсітэтах ды сацыяльных ільготаў у сёньняшняй Польшчы і “карэнным” грамадзянам не хапае. А Эўразьвяз на такую “нацыяналістычную” праграму грошай можа і ня даць. Прыйдзецца польскаму ўраду хітрыць ды закрытыя балянсы гарбузаваць. Аднак, думаю, што касьцельныя беларусы-палякі будуць удзячнымі і пасьпяховымі “картачнымі” студэнтамі і гастарбайтэрамі, а потым, можа, і грамадзянамі Польшчы.

Ці ўзгадайце тых жа прыбалтаў, што заклікалі сваіх суайчыньнікаў вярнуцца на радзіму пасьля здабытай незалежнасьці. Падобныя крокі рабілі ў свой час і вугорцы. А што амэрыканская грын-карта – ня тое самае? Краіна імігрантаў адбірае лепшых. Тут яшчэ не-постнацыянальная Польшча “зьбірае” на свае тэрэны рухавых, па-добраму авантурных, па-нэафіцку патрыятычных асобаў, якія былі часта пасынкамі на сваёй беларускай Радзіме.

Лепш бы наш МЗС заахвочваў амбасадараў за мяжой зь беларускай дыяспарай хаця б у тэлеінтэрвію па-беларуску гаварыць, чым ноты пратэсту на палякаў пасылаць. І горка, і сьмешна, і зайздросна. Палякі – разумная нацыя. Калі ж ужо ў нас хопіць розуму аб’явіць пра сваю “карту беларуса”? Пакуль што наш кіраўнік дзяржавы абяцае суседзям, што, прыехаўшы да нас, яны будуць “чувствовать себя лучше, чем дома”.

 
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: RADA
17.02.2008 23:40
Насамрэч, якая логіка заахвочваць да нас расейцаў. Чысты папулізм, ці за гэтым штосьці стаіць?

Імя:: Vlad
18.02.2008 09:15
Вельми разумна. Згодны в усiмi довадамi Cадоускага

Імя:: Валеры Грыцук
18.02.2008 13:45
"Смешались в кучу кони, люди..." Вось такі вынік спадара Садоўскага. 1. А як адрэгавала Румынія нна "карту Вннгра " і г.д. ? Усё трэба аналізаваць у катэксце. Не ўсё тоя золата, што жоўтае.

Імя:: Кася Горад:: Менск
18.02.2008 16:58
Крышачку незразумелае азначэнне "касцельныя беларусы-палякі", гэта ж не "карта каталіка", ці вы лічыце, што УСЕ каталікі палякі?

Імя:: Siarhei
18.02.2008 18:18
Karta paliaka ne mae na uwaze natcianalnast albo werawiznatcenne. Use nastcadki gramadzian Polshi, maiutc na iae atrimanne prawa. A geta znatcic sto use naselnitctwa Zahodniai Belarusi moja atrimatc " kartu paliaka".
Naiaunasc polskaga gramadcianstwa, wiratawala tisiatci belarusau u 45-46 ad departacii u SSSR. Spitaitce u belarusau ameriki, canadi, australii iah iani tudi z'ehali , iak polskie gramadziane

Імя:: Уладзімер
18.02.2008 18:33
"касцельныя палякі" - гэта беларусы якія пачуваюць сябе палякам толькі з-за таго,што належаць да касцёлу.

Імя:: ACDC
18.02.2008 20:04
Канешне,ва увядзенни карты паляка ёсць доза прагматызму, але не трэба забываць, што Польшча мае маральны абавязак перад сваими грамадзянами (и их нашчадками) якия засталися у СССР пасля 1939 года и не хацели або не магли адсюль зехаць, яны успрымаюць гэта як належнае не думаючы пра асабистую карысць.

Імя:: Lachouski Uladzimier Горад:: Uladzimier
18.02.2008 21:01
Dobry artykul, Dzic'ka Piatro.

Імя:: людзміла Горад:: В.Бераставіца
18.02.2008 21:19
Сын жыве ў Польшчы 7 год. Ажаніўся на польцы, ёсць 2 дачкі.Мае карту ПМЖ, але Ў грамадзянстве адмовілі.Дзіўна !?

Імя:: П.Садоўскі
19.02.2008 07:19
Усім, хто адклікнуўся:Разумею ўсе Вашыя заўвагі.Разумею. што ня ўсе касьцельныя беларусы ёсьць палякамі і г. д. У гэтым выразе ёсьць доля горкай іроніі.У кароткім запісе ўсе нюансы не растлумачыш.Галоўны патас маіх развагаў: калі ж мы будзем, як усе людзі, дбаць пра сваё? Ня трэба нам, як расейскім падбрэхічам,з падачы дзяржаўных мэдыяў кідацца на Польшчу.Кожная дзяржава, калі яна сувэрэнная. мае свае інтарэсы.Польшчу нельга ідэалізаваць,але ж трэба паважаць сябе.

Імя:: За нашу і вашу... Польшчу
19.02.2008 10:21
сп.Садоўскі сьцяміў службу, выказваецца паводле
вясковага лукаўства: нашым і вашым.
У той час, калі калхозны клан ажыцьцяўляе ў РБ палітыку брутальнай русіфікацыі, польскі ўрад вырашыў пацягнуць коўдру на сябе і адарваць на карысьць польскай нацыі частку нашага насельніцтва, спэкулюючы на старых чыньніках - касьцёльным паляцтве і пэрспэктыве палітычнай паняволенасьці ў выпадку анэксіі ў склад пуцінскай Расеі.Нешта падобнае адбывалася ў расейскай імпэрыі ў 19 ст,калі ў палякі перабегла незьлічоная колькасьць літвінаў. Патрэбна апроч іншага, усяго няшмат - вызнаць сябе палякамі, часткай польскай нацыі. На гэтай глебе ўсё насельніцтва РБ патэнцыйна мае шанец паваліць ў амбасады за "картамі паляка" каб трапіць у Эўразьвяз. Канфэсійнае вызнаньне нават не мае значэньня - сёньня ў РП апроч каталікоў ёсьць атэісты,праваслаўнікі, пратэстанты, . Аналіз крыві, мачы, etc. здаваць ня трэба. Гэта - цудоўны палітычны дэмарш палякаў. Калхозная тыранія ў РБ перастае момантам існаваць, а мы інтэгруемся ў Эўропу, а там далей і ў вялікі вольны сьвет. Vivat Bialorus!

Імя:: Валеры Грыцук
19.02.2008 14:27
Факты і толькі факты. Інтэрнет дае закон аб Карце паляка ад 7.09.2007
Мой пераклад. “””Арт.2 Карта паляка можа быць выдана асобе, хто заяўляе ПРЫНАЛЕЖНАСЬЦЬ да Народу польскага і выкануе ўмовы:1) пакажа сваю повязь з польскасцю праз веданьне польскага языка, які лічыць матчыным !!!!! і культываваньне польскіх традыцый і звычаеў.2)…..зложыць пісьмовую заяву о прыналежнасьці да Народу польскага 3)удаводніць, што наймней адзін з бацькоў або двое прадзядкоў былі народовосьці польскай або валодалі польскім грамадзянствам …..падцвердзіць сваі актыўныя !!! дзеяньня на карысьць языка і культуры польскай за апошнія тры гады…
Арт.3 Карта поляка ёсьць дакументам, які па падцьвярджае !!! прыналежнасьць да Народу польскага.””” http://www.abc.com.pl/serwis/du/2007/1280.htm
Напалову праўда – гэта хлусня ! Ці разумее гэта спадар Садоўскі і нейкі Siarhei ???
Шкада, што эксперты Радыё не чытаюць дакументы, а спадар Дракахруст ня хоча даць наўпрост інфармацыю дакумента.

Імя:: Stralcou-Karwacki
19.02.2008 14:46
da Hrycuka: tak usio tak jak Pan pisza, sapraudy treba sklasci deklaracyju ab prynaleznasci da polskaha narodu, ale szto u hetym niazhodnaha z nacyjanalnym swietapohladam? Ci my nie chacieli b, kab miljony naszych suajczynnikau sklali deklaracyju ab prynaleznasci da naszaha narodu? Ci Panie Hrycuk, wy baiciesia, szto bolszasc naszych suajczynnikau takuju deklaracyju z roznych pryczyn skladac nie zachoczuc? Dyk treba lepiej pracawac, a nie na palakau narakac. Pracuj pilna i tut budzie Wilnia!

Імя:: Валеры Грыцук
19.02.2008 15:14
Да пана "Stralcou-Karwacki". Ці пан ведае, што на Беларусі ёсьць пераслед за беларускую мову "
Ці пан ведае, што на Беларусі "стан военны" ужо 14 гадоў. а не 14 месяцаў ,як у Польшчы?
Вельмі лёгка даваць саветы цяжка хвораму ( беларусам), як яму стаць здаровым ...

Імя:: Stralcou-Karwacki
19.02.2008 22:13
da Pana Hrycuka. Wydatna wiedaju ab pierasledzie. Ale u historyi roznyja nacyi pierazywali pierasled. Tyja z palaki na praciahu 120 hod. Irlandcy uwohule niekalki stahoddziau da 1918 h. Sila nacyi prajaulajecca u wyprabawanniach. A bielarusy nazal na praciahu XX st u asnounym wyznaczalisia kanfarmizmam.

Імя:: Псэўда-poliak
19.02.2008 22:49
А ў Курапаты не хацеў бы, прыпольшчоны нонканфарміст Карвацкі? Немалады ўжо, але ганарыстасьць прыпольскага нэафіта адварочвае...

Імя:: Stralcou-Karwacki
20.02.2008 09:50
Pseuda-Palaku: slawa niepieramoznym agentam KGB! Niachaj zywie Feliks Edmundawicz! Wy mabyc z takich "palakau".

Імя:: Сябар
01.03.2008 11:52
Слушна, спадар Пятро, усё слушна. Але ж і вельмі скрушна, балюча. Асабліва, калі гаворым пра сваіх суседзяў як разумную нацыю (што ў мяне таксама не выклікае сумненьня), гледзячы на сябе, на тых жа беларускіх амбасадараў за мяжой... Але ж трэба памятаць, што не так даўні той час, калі амбасадарам быў і сам спадар Пятро і шмат падобных на яго -- з роднай мовай на вуснах, сэрцам патрыёта і г.д. Куды ўсё дзелася і чаму -- вось пытаньне. Трэба рэчы называць іх імёнамі, можа, тады і зразумеем, у якой пастцы нас трымаюць і хто. Дзякуй за разумны артыкул.