пятніца, 10 лютага 2012, Менск 02:14

Палітыка

Расея зноў будзе бараніць Беларусь?

У Менск з афіцыйным візытам прыбывае міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў. Ён возьме ўдзел у супольным паседжаньні міністэрскіх калегіяў дзьвюх краінаў.

x
ПАМЕР ШРЫФТУ - +

Напярэдадні на паседжаньні ў прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Расеі паведаміў, што ў Менску “будзе ўхваленая новая двухгадовая праграма супольнай замежнапалітычнай дзейнасьці Расеі і Беларусі”. 

Дырэктар аддзелу Беларусі маскоўскага Інстытуту краінаў СНД Аляксандар Фадзееў гаворыць, што, на ягоную думку, казаць аб сумеснай замежнай палітыцы дзьвюх краінаў было б занадта:
Беларусь і Расея – занадта розныя краіны

“Замежнай палітыкі, якая б ахоплівала ўсё, дзе інтарэсы дзьвюх краінаў супадалі б ува ўсіх пытаньнях, насамрэч няма. Ёсьць паасобныя пытаньні, паасобныя вузлы, якія дзьве краіны сумесна абмяркоўваюць. Тут на міжнароднай арэне яны выступаюць з адзінай пазыцыяй.

Калі казаць аб жаданьні дзьвюх краінаў узгадняць замежную палітыку, дык, з аднаго боку, яно зразумелае. Але, з другога боку, Беларусь і Расея – занадта розныя краіны: эканамічным патэнцыялам, палітычнымі рэжымамі, мэтамі ў замежнай палітыцы. Таму ці трэба прыкладаць намаганьні для таго, каб нашы мэты ўва ўсіх пытаньнях супадалі? Я думаю, не”.

Аналітыкі падкрэсьліваюць: найбольш яскрава супольная дзейнасьць афіцыйных Масквы і Менску праяўляецца ў міжнародных арганізацыях – АБСЭ, ААН ды іншых. Тут Расея заўжды абараняе Беларусь. Апошні такі прыклад зафіксаваны на мінулым тыдні ў Страсбуры, калі палітычны камітэт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прэзэнтаваў даклад аб становішчы ў Беларусі.

Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, які беспасярэдне прысутнічаў на слуханьнях у Страсбуры, адзначае: расейцы гарой стаялі за Лукашэнку:

“Канстанцін Касачоў на паседжаньні палітычнага камітэту адназначна падтрымліваў пазыцыю лукашэнкаўскіх дэпутатаў. І падтрымліваў як мага хутчэйшае аднаўленьне ўсіх магчымых статусаў для Нацыянальнага сходу. 
Стратэгічна Масква будзе падтрымліваць лукашэнкаўскую 
Беларусь


Я так разумею: нягледзячы на ўсе нюансы ўзаемадачыненьняў паміж пуцінскай яшчэ Расеяй і лукашэнкаўскай уладай, усё роўна геапалітычна, стратэгічна Масква будзе падтрымліваць лукашэнкаўскую Беларусь як свайго геапалітычнага саюзьніка”.

Беларускі палітоляг Дзяніс Мельянцоў лічыць, што да прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі зрухаў у дзейнасьці Масквы на беларускім напрамку не адбудзецца:

“Пакуль у Расеі не адбудуцца выбары, пакуль дакладна ня стане відаць, як будзе выбудоўвацца расейская палітыка ў дачыненьні да былых савецкіх рэспублік, я думаю, у расейска-беларускіх дачыненьнях будзе зацішша. І лідэры краінаў будуць кіравацца тымі дамоўленасьцямі, якія ўжо дасягнутыя.

Візыт Лаўрова трэба расцэньваць як штатны візыт для ўзгадненьня агульнай замежнай палітыкі. Таму што, што б там ні казалі, нягледзячы на ўсе нафта-газавыя войны, каардынацыя расейскай і беларускай замежнай палітыкі існуе. І ў міжнародных арганізацыях, і ў некаторых іншых справах”.
Гэтая дыскусія закрытая.
Сартаваць камэнтары
Камэнтары
     
Імя:: saksoniec. Горад:: Warszawa.
29.01.2008 08:55
Rossija nie zasziszajet Bielarus,Rossija liubymi putiami pytajetsia razwalic Bielarus a potom prosto razmazac Bielarus kak maslo po hlebu,wot i wsio.I hotielos by cztoby Politiki diemokraticzieskih Stran wsiegda pomogali nie tolko izwiestnym oppozicyonnym no i prostym Liudiam kotoryje diejstwitielno boriatsia za wozwraszienije niezalerznaj Bielarusi w Ewropu.

Імя:: Лысевіч Міхаіл Горад:: Лiда
29.01.2008 10:41
Ад часоу расейскiх цароу пад iменамi Васiлiй ды Iван, палiтыка Масквы да Лiтвы (зараз Беларусь) нязменная - неабмежаваны кантроль, альбо суцэльнае зьнiшчэньне ды паглынаньне. Раней такую ж палiтыку праводзiлi рускiя князья Манамахавiчы да Полацкага княства. Нiчога ня зьмянiлась, i нiколi ня зьменiца. Магчыма толькi адно - вяртаньне нашай жа годнасьцi да нас i iмкненьне да вольнага i самастойнага жыцьця. Шаноуныя палiтыкi i палiтолягi - не варта памыляцца самiм i спрабаваць даць народу Беларусi нейкiя спадзевы на iншую знешнюю палiтыку Расеi да нас.