Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Айцец А.Надсан: "Той, хто ня мае веры, ня можа мець і надзеі"


Радыё Свабода Сёньня ў хрысьціян ўсіх веравызнаньняў, за выключэньнем тых, хто прытрымліваеццца юльянскага календару, вялікае гадавое сьвята Раство Хрыстовае. Радыё Свабода віншуе слухачоў, якія сьвяткуюць каляды сёньня, і жадае здароўя, гармоніі і ўдачы.

У якасьці асобнага сьвята сёньняшняе было ўстаноўленае ў 4-м стагодзьдзі ў памяць народзінаў Ісуса Хрыста ў Бэтлееме больш за 2000 гадоў таму. Для хрысьціян Раство Хрыстовае- пачатак “ Новай эры”, пераломны момант ў гісторыі сьвету, а для ўсяго сьвету пачатак новага летазьлічэньня. Значэньне Хрыста для сьвету і чалавечай гісторыі прызнаюць нават няверуючыя, а як аднаго зь вялікіх Прарокаў Хрыста, а таксама Ягоную Мац і- Дзеву Марыю, глыбока паважаюць таксама мусульмане.

З нагоды сьвята, мы атрымалі шэраг віншаваньняў ад нашых слухачоў. Калядныя пасланьні да вернікаў накіравалі царкоўныя прадстаўнікі і герархі . Сёньняшнюю праграму адкрыем словамі Апостальскага Візытатара для беларусаў-каталікоў замежжа, а. Аляксандра Надсана.

(Надсан: ) "Герой Коласавай паэмы "Новая Зямля" лясьнік Міхал жыў з думкай набыць кавалак уласнай зямлі, каб запэўніць лепшую долю для сябе і сваёй сям''і. На жаль, яму не давялося бачыць зьдзяйсьненьня сваёй задумы. Зьняможаны, ён захварэў і памёр. Не дасягнуўшы сваёй мэты. Аднак думка пра ўласную зямлю не пакідала яго да канца. Ягоныя апошнія словы былі зьвернутыя да брата Антося, даручаючы яму працягваць справу. "Зямля, зямля! Туды, брат, туды! Будуй яе. Ці дай ёй выгляд на новы лад, каб жыць нанова. У характары Міхала ёсьць нешта такое, што нагадвае старазапаветных вялікіх людзей: патрыярхаў, прарокаў, якія жылі надзеяй ратунку, абяцанага Богам. Не зважаючы на насьмешкі, зьдзекі, перасьледы, якія прыходзілася цярпець ад сваіх суайчыньнікаў.

Іхная надзея грунтавалася на веры ў Бога і перакананьні ў ягонай вернасьці сваім абяцаньням. Тым ня менш, ніводзін з гэтых вялікіх людзей, якіх, паводле сьвятога Паўла, сьвет ня быў варты, не дажыў, каб бачыць зьдзяйсьненьня сваіх спадзяваньняў.

І ў гэтым падабенства між імі і лясьніком Міхалам. Але тут яно і сканчаецца. Калі Міхал імкнуўся запэўніць лепшую долю для сваёй сям''і, старазапаветныя прарокі і патрыярхі хацелі паратунку для ўсяго людзкога роду. І не часовага, але вечнага. Гэтым ратункам было - прыход на сьвет Бога ў асобе Госпада нашага Ісуса Хрыста.

Гісторыкі падаюць даты да і пасьля нараджэньня Хрыста. Для тых, хто верыць, гэта ня ёсьць звычайны спосаб летазьлічэньня. Прыход на сьвет Бога дзеліць гісторыю на дзьве эпохі. Сьвяты Павал ясна высьветліў значэньне гэтай падзеі: калі прыйшла поўня часу, Бог паслаў сына свайго, народжанага ад жанчыны, народжанага пад законам, каб адкупіць тых, што пад законам. А ў доказ таго, што вы - сыны, Бог паслаў у сэрцы дух сына свайго, якіх лічыць Абба Ойча. Таму ты ўжо не нявольнік, а сын. А калі сын - то і спадкаемца з волі Божай. Іншымі словамі, Бог стаўся адным з нас, каб узьняць да сябе і даць нам магчымасьць удзелу ў Боскім жыцьці. Надзея грунтуецца заўсёды на веры.

Той, хто ня мае веры, ня можа мець і надзеі. Для тых, хто ня верыць, месца надзеі займае ня толькі сум, але і страх. Пазбаўленыя духоўнага росту, як сказана ў Эвангельлі, яны растуць коштам іншых. І таму бачаць пагрозу для сябе ў кожным, хто думае і захоўваецца інакш, як яны. Гісторыя дае нам шмат прыкладаў такіх людзей пры ўладзе. Ад Ірада, які ўбачыў пагрозу для сябе ў нявінным немаўляці, да дыктатараў апошніх гадоў.

Дык у гэтыя сьвятыя дні, калі ўспамінаем нараджэньне Госпада, збаўцы нашага Ісуса Хрыста, пастараймася асэнсаваць для нас значэньне гэтай падзеі і з адноўленай надзеяй чакаць той сьветлай хвіліны, калі ўсе людзі стануць дзяцьмі адной сям''і, дзе бацькам ёсьць Бог.

Хрыстос родзіцца! Слаўце яго!"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG