Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія музыкі называюць Джона Ленана “чалавекам-мэсіяй”


Ігар Карней, Менск і Вячаслаў Ракіцкі, Прага Сотні белых паветраных шарыкаў былі сёньня выпушчаныя ў неба ў Лівэрпулі – горадзе, дзе нарадзіўся Джон Ленан. Гэтак была адзначаная 25-я гадавіна ягонай сьмерці. Былога “бітла” застрэліў 8 сьнежня 1980 году каля ягонага дому ў Нью-Ёрку Марк Чэпман, які цяпер адбывае пажыцьцёвае зьняволеньне. За некалькі дзён да забойства Ленану споўнілася 40 гадоў. Пра Джона Ленана сёньня ўспамінаюць у сьвеце і Беларусі.

Адзін з самых пасьлядоўных прапагандыстаў творчасьці “Beatles” у Беларусі — старшыня менскага “Star-клюбу”, у мінулым гітарыст “Верасоў” Генадзь Старыкаў. Сёлета ў Лагойску на “Бітлз-фэстывалі” Старыкаў прэзэнтаваў гімн, прысьвечаны Джону Ленану.

(Старыкаў: ) “Я напісаў гімн памяці Ленана: “I remеmber You, my John…” Канечне, хацелася яго крутануць дзесьці… Лепш бы, натуральна, на дзень нараджэньня, але і ў такі дзень таксама можна”.

Самыя адданыя прыхільнікі Джона Ленана сёньня зьбяруцца ў менскай кавярні “Beatles-cafe”. Дырэктар гэтага папулярнага ў асяродку “бітламанаў” месца Віктар Маразевіч кажа, што гэта будзе сапраўдны вечар памяці.

(Маразевіч: ) “Гэта не сьвяткаваньне нейкае, гэта дзень памяці, таму ў нас усё пройдзе ціха і спакойна. Што да музыкаў, якія звычайна ў нас выступаюць, то ў дзень сьмерці гэта не зусім да месца. Тут зьбяруцца людзі, якія будуць абмяркоўваюць “Beatles”, гаварыць пра “бітлоў”. І проста будуць гучаць фанаграмы Джона Ленана”.

Практычна ўсе беларускія музыкі, якія гралі на пачатку 1970-х, падзяляюць музычную культуру на “да”– і “пасьлябітлоўскую”. Генадзь Старыкаў увогуле лічыць, што Джон Ленан быў першым, хто на такім узроўні ўвёў у рок-культуру тэму сацыяльнага пратэсту, голасу за мір і раўнапраўе. І ягоныя заклікі да гарманічных адносінаў паміж людзьмі былі пачутыя — адрозна ад палітыкаў, якія рабілі гэта хоць і патасна, але непераканаўча. Працягвае Генадзь Старыкаў:

(Старыкаў: ) “Я лічу, што Ленан — гэта чалавек эпохі. І ягоная эпоха ўрэшце зьменіць вось гэтую індустрыяльна-фінансавую піраміду, якая хутка рухне. А далей павінна наступіць эра, якую прапаведваў Джон Ленан — эра гармоніі з прыродай, гарманічных адносінаў паміж людзьмі. Гэта чалавек-мэсія, чалавек эпахальны. Я не прыпісваю яму функцыяў Хрыста, ні ў якім разе. Ён чалавек, але ён прадбачыў, да чаго ўсё ідзе і што здарыцца. І я стопрацэнтна пад гэтым падпісваюся”.

Музычны крытык Зьміцер Падбярэскі гэтаксама лічыць Джона Ленана эпахальнай фігурай ня толькі для свайго часу, але і для наступных пакаленьняў:

(Падбярэскі: ) “Мурат Смольскі, лідэр менскай групы “Зодчие”, заснаванай яшчэ ў 1967 годзе, нагадаў, што ў той час песьні “Бітлз” на канцэртных пляцоўках выконваць было нельга, але вось падчас граньня на танцах калектывы складалі праграмы выключна з заходняй музыкі, у тым ліку і “Бітлз”. У 1969 годзе сьпявачка Вольга Аліпава з калегамі ў залі РТІ прасьпявалі цалкам увесь альбом “Abbeу Road”. А “Песьняры”, тады яшчэ “Лявоны”, мелі ў рэпэртуары песьні “Бітлз”. Пры гэтым менавіта Джон Ленан успрымаўся маладымі як ідэоляг і маральны лідэр чацьверкі. Вядомы гітарыст Уладзімер Ткачэнка колькі гадоў таму прэзэнтаваў у канцэртнай залі філярмоніі сваю сімфонію “Beatles”. Ён жа год таму ў дуэце зь Віктарам Малчанавым гэтак уразіў піцерскую публіку, што ім адразу запрапанавалі выданьне там альбому зь іх уласнымі аранжаваннямі песень ангельцаў. Творы “Бітлз” сьпявалі й такія калектывы, як хор “Унія”, Дзяржаўны камэрны хор — нароўні з клясыкай музыкі акадэмічнай. Нарэшце, вось ужо два гады ў Беларусі адбываецца міжнародны рок-фэст з сымбалічным назовам “Beatles Forever”. Сымблічным ужо хоць бы таму, што час ня здольны неяк паўплываць на спадчыну, пакінутую нам у тым ліку і Джонам Ленанам”.

Днямі гімн памяці Ленану ў выкананьні менскага блюзавага музыкі Генадзя Старыкава будзе адпраўлены ўсім жывым на сёньня “бітлам”, а таксама на імя ўдавы Ленана Ёка Она і ягонага сына Джуліяна.

Песьні Ленана былі ня толькі фактам культуры. Яны ўпісваліся(ці іх упісвалі) ў змаганьне за мір, у пратэсты супраць вайны і гвалту. Вось жа “Give Peace a Chance” (Дайце міру шанец) зьядноўвала людзей у палітычных пратэстах ва ўсім сьвеце цягам і гэтых апошніх 25 гадоў пасьля Ленана.

Зь Ленана кпілі журналісты і палітыкі, калі ён выступіў са сваім разуменьнем барацьбы за мір, гэтак званымі ідэямі Bed peace (мір праз ложак) і hair peace (мір праз доўгія валасы). І Ленан патлумачыў, што гумар зьяўляецца дзейсным спосабам мабілізаваць палітычнае іншадумства.

(Ленан: ) “Я ня стаўлюся да гэтага занадта сур’ёзна, таму што мяркую, што цяжка зьвязаць гэтыя чатыры рэчы: “мастацтва”, “музыка” “рух за мір”,“сьвет.” Гэта – частка нашай палітыкі, і яна ня можа трактавацца ўсур’ёз. Бо, я думаю, нашы апанэнты, кім бы яны ні былі і што б ні дэкляравалі, ня ведаюць як абыходзіцца з гумарам. Мы маем лепшыя шанцы, таму што ўсе такія сур’ёзныя людзі, як Марцін Лютэр Кінг, Кэнэдзі, Гандзі забітыя.”

Цяпер візытоўкай Джона Ленана зьяўляецца песьня “Imagine”(“Уявіце”). Гэта – бачаньне з адлегласьці 1970-х утапічнага сьвету, які не падзелены на рэлігіі, нацыянальнасьці, дабрабыт. Сам Ленан тлумачыў сэнс песні так.

(Ленан: ) “Уявіце, што няма ніякіх нябёсаў. Гэта ня цяжка, калі пастараецеся. Ніякага пекла пад намі. Над намі толькі неба. Уявіце ўсіх людзей, якія жывуць сёньня. Проста так. І вы пачуеце сэнс.”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG