Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па Бібліі Скарыны прапаведавалі слова Божае ў сярэднявечнай Нямеччыне


Валянціна Аксак, Менск І гэта, мажліва, ня менш сэнсацыйнае адкрыцьцё, зробленае нямецкім славістам Норбэртам Рандаў, чым знойдзеная ім жа ў Нямеччыне само праскае выданьне беларускага першадрукара. Пра свае адкрыцьці Норбэрт Рандаў сёньня падрабязна распавёў журналістам, а таксама прачытаў адмысловую лекцыю студэнтам журфаку Белдзяржунівэрсытэту.

Усё адбылося амаль выпадкова, кажа прафэсар Бэрлінскага ўнівэрсытэту Норбэрт Рандаў:

(Рандаў: ) “Зь верасьня да лістапада 2003 году ў горадзе Гёрліц праходзіла выстава рэдкіх кніг Верхнялужыцкай навуковай бібліятэкі, прымеркаваная да году Бібліі, і там была гэтая кніга ў экспазыцыі”.

Гэтую выставу наведаў пастар Лёбэрс, які вывучаў расейскую мову, і здолеў на адной з выстаўленых кніг прачытаць кірылічны загаловак: “Бивлия руска, выложена доктором Франциском Скориною из славного града Полацька, Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению”.

Пачуўшы потым пра зацікаўленьне бэрлінскага прафэсара беларускаю літаратураю, пастар сказаў пра выстаўленую ў Гёрліцы кнігу. Амаль два гады дэталёвае экспэртызы прывялі Норбэрта Рандава да неаспрэчнага перакананьня пра прыналежнасьць кнігі да Скарынавых выданьняў.

Гёрліцкая Скарынава “Біблія” — гэта восем асобных праскіх выданьняў, пераплеценых у 1615 годзе пад адной вокладкай. Аклады кардонавыя, абцягнутыя пэргамінам. Памер кнігі 16,4 на 21,8 сантымэтра. Аб’ём 1316 старонак.

Картатэка бібліятэкі сьведчыць, што “Біблія” была падаравана ў Брэславе (цяпер польскі горад Уроцлаў) некаму Андрэасу Панку ў 1520 годзе, які перадарыў яе празь некалькі гадоў знанаму рэлігійнаму дзеячу Ёганэсу Гесу. Гёрліц месьціцца ў арэале расьсяленьня Верхнялужыцкіх славянаў, у асяродку якіх рэфарматар Гес, лічыць прафэсар Рандаў, прапаведаваў па Скарынавай “Бібліі” слова Божае.

Для беларусаў знаходка скарынавай “Бібліі” ў паўночнай Нямеччыне мае велізарнае навуковае значэньне з трох прычынаў, лічыць прафэсар Адам Мальдзіс. Першае, гэта кантакты Скарыны з эўрапейскімі рэфарматарамі. Другое, у гэтай кнізе зьмешчаны яшчэ адзін партрэт Скарыны. Але самае важнае, што з гэтае знаходкі вынікае, што насамрэч на пяць гадоў раней, чым лічылася, Скарына надрукаваў сваю першую кнігу ў Вільні.

(Мальдзіс: ) “Таму што калі ён у 1520 годзе быў ужо ва Ўроцлаве на шляху ў Вільню, то ён мог у 1521 годзе ў Вільні выдаць “Малую падарожную кніжку”, якая не датавана, але там ёсьць астранамічны каляндар велікодных сьвят на бліжэйшыя дваццаць гадоў. Дык вось у ім 1522 год называецца”.

Унікальная знаходка цяпер зьяўляецца ўласнасьцю магістрату Гёрліца. На пытаньне нашага радыё, ці можа яна быць падорана Беларусі, першы сакратар нямецкай амбасады ў Беларусі Шміт Ноербург сказаў:

(Ноербург: ) “Я хацеў бы сказаць, што знаходка ў Гёрліцы — гэта доказ узмацненьня дачыненьняў нашых краін, і мы хацелі б, каб дзякуючы гэтай знаходцы, Беларусь стала ў Нямеччыне яшчэ больш вядомай, як яна таго заслугоўвае”.

Знойдзеная ў Гёрліцы “Біблія” — адзінае на сёньня вядомае ў Нямеччыне выданьне Скарыны. У сьвеце іх цяпер 266. Зь іх у Беларусі толькі дзесяць, усе яны захоўваюцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. Гэтыя асобнікі былі набытыя бібліятэкай у 1925 годзе ў санкт-пецярбурскага калекцыянэра Камарніцкага. Хацела Нацыянальная бібліятэка набыць і Скарынавыя выданьні, выстаўленыя некалькі гадоў таму на аўкцыёне ў Лёндане, аднак выдзеленых дзяржаваю грошай на гэта не хапіла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG