Сёньня ў другой палове дня ў рэдакцыю праз факс і пошту ў рэдакцыю прыйшлі тры паведамленьні – адзін з друкарні “Чырвоная зорка”, дзе друкуецца “Народная воля”, другі – за подпісам Міхаіла Падгайнага з “Белсаюздруку” і трэці ліст праз кур’ера зь "Менгарсаюздруку".
Усе тры зьмяшчалі аднолькавыя паведамленьні – з 1 кастрычніка дамовы з газэтай “Народная воля” скасаваныя.
Адметна, што сёньня рэдакцыя здолела пералічыць на рахунак Ленінскага суду больш 70 мільёнаў рублёў на выплату кампэнсацыі на карысьць лідэра Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргея Гайдукевіча.
Намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна мяркуе, што ўлады даведаліся пра гэта і прынялі новыя захады каб спыніць працу незалежнага выданьня.

(Калінкіна: ) “Матывацыя ў тых, хто прадае нашу газэту, вельмі і вельмі цікавая. Яны нам напісалі, што скасоўваюць дамову на той падставе, што ў сродках масавай інфармацыі парушаецца заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Нават не ў газэце, не ў нейкім артыкуле, а наагул у сродках масавай інфармацыі. Лісты напісаныя нібы пад капірку. Адзін і той жа тэкст, што дае падставу лічыць, што гэты тэкст быў напісаны ня ў гэтых структурах, а, як мінімум, у міністэрстве інфармацыі”.
Намесьніца галоўнага рэдактара “Народнай волі” Сьвятлана Калінкіна зьвязвае гэтыя падзеі з правядзеньнем 1-2 кастрычніка ў Менску Кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якіх будуць абіраць адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкія выбары 2006 году.
(Калінкіна: ) “Ход уладаў зразумелы. З 1-га кастрычніка газэта ня можа распаўсюджвацца і друкавацца па-ранейшаму. А менавіта 1 кастрычніка – Кангрэс дэмакратычных сілаў. Адзіная штодзённая газэта, якая мае самы вялікі ў Беларусі наклад сярод недзяржаўных газэтаў, ня зможа расказаць чытачам пра тое, што адбывалася на кангрэсе, каго там абралі адзіным кандыдатам і гэтак далей. Іншымі словамі зроблена ўсё, каб інфармацыя аб Кангрэсе не дайшла да чытачоў, да людзей”.
Цяпер у рэдакцыі рыхтуецца заўтрашні нумар, у ім чытачам будзе паведамлена пра гэтую складаную сытуацыю. Будзе надрукаваны яшчэ адзін нумар 30-га верасьня. А вось што будзе далей, яшчэ невядома.
Як распавяла Сьвятлана Калінкіна, сёньня ўвечары і ўначы будзе абмяркоўвацца, што рабіць далей. Рэдакцыя правядзе кансультацыі зь лідэрамі грамадзкіх аб''яднаньняў і палітычных партый.
Галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч ужо зьвярнуўся па дапамогу да кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску, а таксама паслаў тэлеграму кіраўніку Беларусі Аляксандру Лукашэнку.
Гл. таксама
“Народная воля” зьвяртаецца па дапамогу ў АБСЭ
Іосіф Сярэдзіч зьвярнуўся непасрэдна да Аляксандра Лукашэнкі
Чытачы дапамагаюць “Народнай Волі” заплаціць 100 мільёнаў штрафу
Як С.Гайдукевіч патраціць 100 мільёнаў, што мае атрымаць ад “Народнай Волі”