Ідэя прыцягнуць кіроўцаў да абароны памяці славутых беларусаў узьнікла на сёньняшнім паседжаньні дэмакратаў. Яны працягваюць шукаць новыя нестандартныя хады, якія б прыцягнулі ўвагу, перадусім, менчукоў да гарадзкога рэфэрэндуму. Менавіта на ім можна ў межах закону спыніць працэс перайменаваньня менскіх вуліцаў і захаваць іх старыя назвы.
Намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі згадвае, што культурніцкая акцыя лідэраў моладзевага палітычнага руху, якая прайшла 23 і 24 траўня на праспэктах Машэрава і Скарыны, падштурхнула і партыйцаў да пошуку. А пра сутнасьць новай акцыі ён гаворыць так:
(Дабравольскі: ) “Мы вырашылі рэкамэндаваць усім партыям, усім удзельнікам нашай нарады выступіць з заклікам да кіроўцаў аўтамабіляў, каб яны выставілі карткі Машэрава і Скарыны за шкло сваіх машынаў на знак пратэсту супраць перайменаваньняў”.
Спадар Дабравольскі спадзяецца, што новая ініцыятыва будзе падтрыманая:
(Дабравольскі: ) “Мы спадзяёмся і нават упэўненыя, што гэтую акцыю падтрымаюць. Упэўненыя таму, што на наш офіс штодзень прыходзіць больш за сто, нават пад дзьвесьце лістоў ад людзей, якія пратэстуюць супраць перайменаваньня гэтых праспэктаў”.
Я пацікавіўся ў свайго суразмоўцы, дзе кіроўцы, якія захочуць уключыцца ў аб’яўленую акцыю, змогуць знайсьці карткі з выявамі Скарыны ды Машэрава. Аляксандар Дабравольскі паведаміў, што ўжо 26 траўня гэтыя здымкі зьявяцца на сайтах шэрагу апазыцыйных палітычных партыяў, адкуль іх можна будзе скапіяваць. А яшчэ празь некалькі дзён зьявяцца і адпаведныя паштоўкі.
Некаторыя дэмакратычныя актывісты ня хочуць пагаджацца з тым, што імя Францішка Скарына апынулася ў адной зьвязцы з былым кіраўніком беларускіх камуністаў. Удзельнік Сталай нарады дэмакратычных сілаў Станіслаў Шушкевіч зьвяртае ўвагу на тое, што такое аб''яднаньне адбылося зь ініцыятывы Лукашэнкі:
(Шушкевіч: ) "Гэта вельмі не простае пытаньне, таму што гэта -- штучнае злучэньне, якое адбылося выпадкова. Для мяне Скарына -- гэта сьвяты чалавек. Я нічога ня маю супраць і Пятра Машэрава. Але гэта -- не простая постаць, гэта -- складаная постаць".
Гл. таксама
Акцыю пратэсту супраць перайменаваньня вуліцаў на праспэцке Скарыны разагналі амонаўцы (фотарэпартаж)