Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчыя падазраюць у забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай яе ўласнага сына


Любоў Лунёва, Менск Сьледчыя гарадзкой пракуратуры надалі статус падазраваных у забойстве журналісткі Веранікі Чаркасавай яе сыну і яе айчыму. Сваякі журналісткі абураюцца дзеяньнямі сьледчых і ставяць пад сумнеў іх здольнасьці знайсьці сапраўднага злачынцу. Кіраўнік сьледчай групы заявіў, што мае некалькі вэрсіяў забойства Веранікі Чаркасавай.

Кіраўнік сьледчага аддзелу менскай пракуратуры Сяргей Іваноў абверг інфармацыю “Інтэрфаксу”, паводле якой сын і айчым Веранікі Чаркасавай зьяўляюцца афіцыйна вызначанымі падазраванымі ў гэтай крымінальнай справе.

(Іваноў: ) “Вэрсіяў ня можа быць афіцыйных ці неафіцыйных. Яны альбо ёсьць, альбо іх няма. Гэта адна з вэрсіяў, і я не магу казаць, што гэтая вэрсія – асноўная. Разумееце, яны сапраўды прызнаныя падазраванымі, але гэта ні пра што не гаворыць”.

Нагадаю, 20 кастрычніка ў сваёй кватэры была забітая Вераніка Чаркасава. Праўдападобна яна сама адчыніла дзьверы забойцу, які нанёс ёй 46 удараў нажом.

Цела журналісткі знайшлі яе сын і айчым, калі адчынілі дзьверы кватэры сваімі ключамі.

Сьледчыя дапыталі журналістаў, якія працавалі ці сябравалі зь Веранікай, але гэта не дало вынікаў.

Сын і айчым забітай прайшлі ўсе патрэбныя для экспэртных высноваў працэдуры, каб выключыць усякія падазрэньні. Таму наданьне ім статусу падазраваных сталася для іх нечаканасьцю.

Маці Веранікі Дыяна Чаркасава занепакоеная здароўем свайго ўнука Антона, які перажывае моцны стрэс. Антону ўсяго 15 гадоў. Пасьля таго, як ён убачыў забітую маці, а затым некалькі дзён запар адказваў на пытаньні сьледчых, у яго пачаліся праблемы са здароўем.

(Дыяна Чаркасава: ) “Калі пад падазрэньне трапілі ўнук і муж, то страшней нічога нельга было прыдумаць. Як гэта перажыць, я ня ведаю. Гэта абсурд, гэта недарэчнасьць, гэта не гуманна ўрэшце рэшт з боку тых людзей, якія гэтым займаюцца. Я разумею, што ім трэба адпрацаваць розныя варыянты і вэрсіі, але ж трэба неяк улічваць пачуцьці людзей, якія страцілі дачку, страцілі маці…”

Судмэдэкспэрты зрабілі неабходныя аналізы ў гэтай крымінальнай справе. Дагэтуль абвінавачаньні ня выстаўленыя ніводнаму з падазраваных.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG