серада, 08 лютага 2012, Менск 11:03

Палітыка

Савет рэспублікі пакуль застаецца без прэзыдэнцкіх прызначэнцаў

Алесь Дашчынскі, Менск

15 лістапада адкрыецца першая сэсія новага складу Савета рэспублікі, верхняй палаты Нацыянальнага сходу. Чакаецца, што сэнатары абяруць старшыню палаты й ягонага намесьніка. Але дагэтуль прэзыдэнт не прызначыў у палату восем сваіх сэнатараў. Няўжо гэтыя важныя кадравыя пытаньні будуць вырашацца без удзелу прэзыдэнцкіх прызначэнцаў?

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Паводле незалежных назіральнікаў прэзыдэнт наогул не надае асаблівай ўвагі Савету рэспублікі, які ня мае вялікага ўплыву на сытуацыю ў краіне. 8 месцаў у верхняй палаце прэзыдэнт трымае хіба дзеля таго, каб уладкаваць пры патрэбе асобных чыноўнікаў. Да прыкладу, пасьля адстаўкі прэм’ер-міністра Генадзя Навіцкага кіраўнік краіны прызначыў яго ў Савет рэспублікі.

Іначай тлумачыць адсутнасьць прэзыдэнцкіх прызначэнцаў у Савеце рэспублікі сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік.

(Лазавік: ) “Справа ў тым, што прэзыдэнт заканадаўствам не зьвязваецца нейкімі канкрэтнымі тэрмінамі. Ён можа прызначыць да пачатку адкрыцьця першай сэсіі, а можа і пазьней, гэта ягонае права. І як правіла робіць так: частку прызначае да адкрыцьця першай сэсіі й пакідае вакансіі. Цягам тэрміну паўнамоцтваў Савета рэспублікі магчымыя будуць дапаўненьні з боку прэзыдэнта. Як ён зробіць у гэты раз, гэта залежыць толькі ад яго”.

Паводле прэсавага сакратара прэзыдэнта Натальлі Пяткевіч прэзыдэнцкія сэнатары пакуль не прызначаны.

(Пяткевіч: ) “Прэзыдэнт не абавязаны прызначаць 8 чалавек абавязкова заўтра, ён можа цягам усяго тэрміну паўнамоцтваў парлямэнта скарыстаць гэтае паўнамоцтва”.

У любым выпадку, прызначыць прэзыдэнт сваіх прадстаўнікоў ці не, паседжаньне Савета рэспублікі будзе правамоцным, бо абрана дзьве траціны ад поўнага складу. Нагадаю, сёлета выбары ў абласьцях і ў Менску прайшлі на безальтэрнатыўнай аснове.

Сярод мінулых прэзыдэнцкіх прызначэнцаў – старшыня перадвыбарчага штабу прэзыдэнта Лукашэнкі Мікалай Чаргінец, які неаднойчы казаў у інтэрвію пра гатовасьць працаваць у Савеце рэспублікі. Два тэрміны запар ён ачольваў камісію па міжнародных справах. Ці будзе ён удзельнічаць у пасяджэньні сёньняшняй сэсіі?

(Чаргінец: ) “Ня ведаю, справа ў тым, што я ж яшчэ не прызначаны. Усё залежыць ад апошняга дакумэнта. Калі будзе ўказана, буду працаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Усё ж такі маглі б прызначыць людзей, каб загадзя яны ведалі…”

(Чаргінец: ) “Гэта такая справа, калі час ёсьць яшчэ. Працаваць галоўнае, а ня бегаць, не глядзець, гэта…Вось такія справы”.

Мікалаю Чаргінцу споўнілася 67 гадоў, а гэта азначае, што ён дасягнуў гранічнага ўзросту, устаноўленага для знаходжаньня на дзяржаўнай службе. Але ўлічваючы тое, што ў Савет рэспублікі абраны 71-гадовы Анатоль Малафееў, які дагэтуль сядзеў у Палаце прадстаўнікоў, то месца сэнатара для спадара Чаргінца, магчыма, і пакінуць. Але ці можа спадар Малафееў скласьці яму канкурэнцыю на пасадзе старшыні камісіі па міжнародных справах? Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Шчыра кажучы, я ня ведаю абсалютна. Я ж толькі прыляцеў са Злучаных Штатаў, дык тут у мяне сваіх спраў хапае”.