Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рэгіянальная газэта” друкуе апошняе інтэрвію, узятае Веранікай Чаркасавай


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

“Народная воля” ў сёньняшнім нумары інфармуе сваіх чытачоў пра сытуацыю ва Ўкраіне пасьля першага туру прэзыдэнцкіх выбараў. Паводле выданьня, ад Віктара Януковіча, які прадстаўляе цяперашнюю ўладу, зараз варта чакаць канцэнтрацыі адміністрацыйнага рэсурсу. Пры такім разьвіцьці падзеяў з боку апазыцыі, якая хоча бачыць прэзыдэнтам Віктара Юшчанку, магчымыя радыкальныя дзеяньні. І таму “Народная воля” ня выключае, што лёс кіраўніка украінскай дзяржавы можа быць вырашаны ў ходзе вулічных акцыяў.

На старонках “Народнай волі” працягвае друкаваць свае ўспаміны вядомы вучоны, грамадзкі дзеяч і палітык Станіслаў Шушкевіч. Сёньня ён прапануе ўвазе чытачоў гэтага выданьня свае сустрэчы з шэрагам вядомых амэрыканцаў – ад Освальда да Клінтана. Што тычыцца Лі Харві Освальда, зь якім Станіслаў Шушкевіч у маладыя гады меў сустрэчы на менскім радыёзаводзе, то ён дагэтуль ня можа паверыць у праўдзівасьць забойства прэзыдэнта Джона Кэнэдзі менавіта колішнім знаёмцам. А вось зь Білам Клінтанам сустрэча Станіславу Шушкевічу запомнілася найперш тым, што, нягледзячы на перашкоды, яму ўсё ж удалося арганізаваць візыт амэрыканскага прэзыдэнта у Менск.

“Рэгіянальная газэта” друкуе апошняе інтэрвію нядаўна забітай журналісткі Веранікі Чаркасавай. Гэтае інтэрвію яна брала на Вілейшчыне, адным з рэгіёнаў, дзе распаўсюджваецца “Рэгіянальная газэта”. Тут, у вёсцы Забродзьдзе, Вераніка літаральна за дзень да сьмерці сустрэлася з мастаком Барысам Цітовічам. Апошняя тэма, якую дасьледавала журналістка – вайсковыя пахаваньні часоў першай Усясьветнай вайны. Мастак Цітовіч – адзін з тых, хто шмат ведае пра такія пахаваньні. “Мы дамовіліся, што Вераніка будзе пісаць пра праблемы забыцьця тэмы першай Усясьветнай вайны”, распавёў ён карэспандэнту “Рэгіянальнай газэты”. Мэта, якую ставілі перад сабой мастак і журналістка – прыцягнуць маладое пакаленьне, каб узьняць гістарычны пласт, пра які сёньня забыліся. Паводле Барыса Цітовіча, у войску, якое тады называлася расейскім, былі і беларусы. Пра ўсё гэта не пасьпела напісаць Вераніка Чаркасава, сьцьвярджае на сваіх старонках “Рэгіянальная газэта”.

Да тэмы жыцьця і сьмерці зьвяртаецца і “Віцебскі кур’ер”. Газэта прапануе сваім чытачам матэрыял пра пошук бясьсьледна зьніклых асобаў. Як вынікае з публікацыі, на Віцебшчыне праблема іх пошуку застаецца вострай. Лёсы 166 чалавек тут дагэтуль застаюцца нявысьветленымі. Своеасаблівымі лідэрамі сярод паселішчаў гэтага рэгіёну, дзе людзі зьнікаюць найбольш часта, ёсьць Першамайскі раён Віцебску і такія гарады як Полацк і Ворша. У ліку зьніклых –16 непаўнагадовых. А 22 жыхары вобласьці зьніклі на тэрыторыі Расеі. У асноўным гэта мужчыны, якія, паводле “Віцебскага кур’еру”, выехалі туды на сэзонныя заробкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG