Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ваўкавыску галадаюць Мікалай Аксаміт і Андрэй Шантаровіч


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Ваўкавыску сёмы дзень галадае Мікалай Аксаміт, які быў на мінулых выбарах даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Мікалая Аўтуховіча. Ён пратэстуе супраць вынікаў выбараў, лічыць іх сфальсыфікаванымі. Галадоўнік напісаў заяву ў райвыканкам і патрабуе расьсьледаваць усе прыклады парушэньняў ды пакараць вінаватых.

У пакоі, дзе галадае Мікалай Аксаміт, стаяць блёкі бутэлек з мінэральнай вадой і эцюднік зь недакончанай карцінай. Спадар Аксаміт кіруе грамадзкім аб’яднаньнем “Аслона”. Калісьці, у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, ён належаў да апазыцыйнай фракцыі. Пра мінулыя выбары ён гаворыць:

(Аксаміт: ) “А тое, што адбылося 17-га – гэта нельга назваць выбарамі, гэта ня проста выбары, гэта такі цынізм, гэта нагадвае былыя сталінскія часіны”.

Мікалай Аксаміт бачыў па тэлевізары, як у Менску выходзілі пратэставаць супраць вынікаў выбараў людзі, як іх зьбівалі. 17-га ў Ваўкавыску да выканкаму таксама прыйшлі некалькі дзесяткаў чалавек, але з Горадні прыслалі АМОН.

(Аксаміт: ) “І проста каб не падстаўляць людзей, каб іх ня білі, каб ім не ламалі косьці, я пайшоў на такую акцыю, як галадоўка. Гэта мой асабісты пратэст супраць таго, што ўлады зрабілі. І яны павінны ведаць: людзі ведаюць, што мясцовыя ўлады зрабілі зь іхнімі галасамі. Яны павінны разумець, што зараз, як расіяне кажуць: у Беларусі на наступным рэфэрэндуме будзе такое пытаньне вынесена – што прэзыдэнтам Беларусі можа быць толькі той чалавек, які мае прэзыдэнцкі стаж... Яны павінны разумець, да чаго яны давядуць”.

Нагадаем, што ў Ваўкавыску таксама галадае (з 20 кастрычніка) галоўны рэдактар “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч. Ён пратэстуе супраць таго, што Міністэрства інфармацыі прыпыніла выхад газэты і патрабуе, каб райвыканкам даў дазвол на разьмяшчэньне рэдакцыі ў Ваўкавыску. Яна пакуль зарэгістравана ў Смаргоні, адкуль прыехаў спадар Шантаровіч. Дарэчы, да прыпыненьня выданьня, выходзілі два выпускі “Местной газеты” – ваўкавыскі і смаргонскі.

У Андрэя Шантаровіча спачатку таксама было патрабаваньне да ўладаў – расьсьледаваць парушэньні на выбарах і рэфэрэндуме. Пасьля гэтага прадстаўнік пракуратуры наведаў рэдакцыю і ўзяў у яго зафіксаваныя на відэа факты парушэньняў.

На здымку: Мікалай Аксаміт
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG