Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За правядзеньне сходу ў офісе сваёй уласнай арганізацыі Сяргей Антончык арыштаваны і асуджаны на 15 сутак


Любоў Лунёва, Менск 15 сутак за кратамі спэцпрыёмніка правядзе Сяргей Антончык за арганізацыю сходу ініцыятыўнай групы. Створаны судовы прэцэдэнт — упершыню за правядзеньне сходу ў офісе сваёй арганізацыі чалавека асудзілі як парушальніка грамадзкага парадку.

Міліцыянты абвінавацілі Сяргея Антончыка ў парушэньні грамадзкага парадку і арганізацыі несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.

Нагадаем, 2 кастрычніка ў офісе Свабоднага прафсаюзу каля 30 чалавек сабраліся на сход, каб абмеркаваць пытаньні на заплянаваным устаноўчым зьезьдзе новай грамадзкай арганізацыі “Айчына”. Праз паўгадзіны ў офіс увайшлі людзі ў цывільным і перакрылі ўсе выхады. Пасьля іх прышлі міліцыянты і пачалі ўсіх прысутных здымаць на відэакамэру.

Нягледзячы на тое, што спадар Антончык — сябра СПБ і ніякага дазволу ўладаў на правядзеньне сходаў у офісе сваёй арганізацыі яму ня трэба, міліцыянты склалі на яго пратакол за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі.

У судзе супрацоўнікі міліцыі свае дзеяньні аргумэнтавалі толькі тым, што на правядзеньне сходу не было дазволу Менгарвыканкаму. Ніякія аргумэнты адваката Тацяны Станкевіч аб тым, што дазвол на правядзеньне сходу ініцыятыўнай групы законам не прадугледжаны, на міліцыянтаў не паўплывалі.

На думку Сяргея Антончыка, міліцыянты атрымалі адмысловы загад:

(Антончык: ) “Ёсьць стопрацэнтавы загад забараніць утварэньне любых структураў. Было відаць, што міліцыянтам было сорамна ад таго, што адбываецца. Але з усяго відаць, што на іх ёсьць моцны ціск. Яны самі разумеюць, што так жыць нельга і дазваляць такія супрацьпраўныя рэчы. Гэта было відавочна”.

Згодна з законам, перад устаноўчым зьездам грамадзкай арганізацыі мусіць сабрацца ініцыятыўная група, каб вызначыць заснавальнікаў і мэты аб’яднаньня. Усе чакалі, што судзьдзя спыніць гэтую справу. Таму прысуд — 15 сутак арышту — стаў поўнай нечаканасьцю для прысутных.

(Антончык: ) “Гэта, канечне, беспрэцэдэнтна, бо яшчэ ніколі ў Беларусі не давалі суткі за правядзеньне сходу аргкамітэту ў стварэньні грамадзкай арганізацыі. І гэта ў памяшканьні з дазволу кіраўніка і ўласьніка памяшканьня. Я ж разумею ў якой краіне мы жывем. Такія нэрвовыя рэчы яшчэ больш будуць узмацняцца, чым бліжэй да даты рэфэрэндуму. Гіне краіна. Калі парушаюцца правы сотняў тысяч чалавек, то што казаць пра нейкія адзінкавыя выпадкі”.

Сяргей Антончык прынёс у суд даведку з кардыялягічнага цэнтру аб тым, што ён месяц правёў на стацыянарным лячэньні з прычыны хваробы сэрца, а цяпер знаходзіцца на амбуляторным лячэньні. Ён мусіць шэсьць разоў на дзень прымаць лекі. Інструкцыя МУС забараняе праносіць лекі ў месцы адбыцьця арышту. Адвакат Тацяна Станкевіч падрыхтавала скаргу на рашэньне Партызанскага суду, у якой апошні аргумэнт — кепскае здароўе яе падабароннага.

У сьнежні 1994 году дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Сяргей Антончык абнародаваў на сэсіі справаздачу аб фактах карупцыі ў атачэньні Аляксандра Лукашэнкі. Газэты, якія надрукавалі даклад, выйшлі ў сьвет зь белымі плямамі. Супраць Сяргея Антончыка распачалі крымінальную справу за паклёп і як вынік — штраф 20 тысяч даляраў. У былога дэпутата апісалі маёмасьць і вынесьлі з кватэры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG