чацьвер, 09 лютага 2012, Менск 05:38

Палітыка

А. Зімоўскі: “З масіраваным выкідам агітацыі за рэфэрэндум дзяржаўныя СМІ перастараліся”

Ігар Карней, Менск

Падчас візыту ў Белтэлерадыёкампанію Аляксандар Лукашэнка папрасіў кіраўнікоў дзяржаўных мас-мэдыяў зьнізіць градус агітацыі напярэдадні рэфэрэндуму. Як апавядаюць прадстаўнікі афіцыйных СМІ, Лукашэнка засьцерагаецца, што навязваньне адной пазыцыі можа сыграць супраць яго.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Прысутныя на нарадзе кіраўнікі тэлебачаньня ды буйных дзяржаўных газэтаў болей за пяць гадзінаў слухалі Аляксандра Лукашэнку. Апроч Лукашэнкі, са справаздачамі выступілі толькі кіраўнік Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўладзімер Мацьвяйчук і ягоны першы намесьнік Аляксандар Мартыненка, аналітык БТ Ігар Леднік і рэдактар “Советской Белоруссии” Павал Якубовіч.

Астатнія вымушаныя былі слухаць, што скажа кіраўнік дзяржавы. На ўмовах ананімнасьці адзін з удзельнікаў паседжаньня расказаў, што Лукашэнка быў незадаволены інфармацыйнымі кампаніямі ў СМІ напярэдадні важных дзяржаўных падзеяў — выбараў дэпутатаў і рэфэрэндуму.

А генэральны дырэктар “Сталічнага тэлебачаньня” Аляксандар Зімоўскі, таксама ўдзельнік учорашняй нарады, удакладніў: узьніклі пытаньні наконт мэтазгоднасьці такой колькасьці сацыяльных ролікаў, якія ўслаўляюць цяперашнюю ўладу. Дарэчы, спадар Зімоўскі пацьвердзіў, што на канале ОНТ гэтыя ролікі з эфіру будуць зьнятыя. Пакуль.

(Зімоўскі: ) “Практычна ўсе ўдзельнікі нашых палітычных працэсаў прадказвалі й чакалі: будзе паведамлена пра маючы адбыцца рэфэрэндум. Калі рашэньне было прынятае і быў падпісаны загад, насычаная, масіраваная інфармацыйная хваля парадзіла гэткую ж хвалю нарыхтовак — давайце ўжо ня будзем хітрыць. Так склалася ўражаньне масіраванага выкіду. Тэлеканалы, газэты, інтэрнэт-рэсурсы нарадзілі ажыятажны інтарэс да гэтай праблемы. Так, напэўна, у нейкім сэнсе перастараліся, перагрузілі інфармацыяй, але тое, што інтарэс да тэмы вялізны — без сумневу”.

Былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Бураўкін лічыць, што Лукашэнка наведаў калектыў тэлебачаньня нават ня столькі для таго, каб даць рэкамэндацыі напярэдадні рэфэрэндуму, а з мэтай асабіста выправіць занадта жвавых прадстаўнікоў СМІ.

(Бураўкін: ) “Лукашэнка вымушаны быў сказаць пра тую кампанію, якая ідзе ў зьвязку з рэфэрэндумам і выбарамі — ідзе перабор, і зразумела, у які бок. Незразумела, навошта праводзіць рэфэрэндум, а можа, і выбары, калі для афіцыйнай прэсы, тэлебачаньня і радыё, даўно ўсё зразумела. Ніякіх іншых думак, акрамя поўнай падтрымкі рэфэрэндуму, няма — хоць гаворка пра відавочныя, грубыя парушэньні Канстытуцыі. Толькі адно і тое ж, і даволі нахабна, і гучыць. Таму і запатрабавалася вымушаная заўвага залішне порсткім і старанным журналістам: ці ня будзе журналісцкае стараньне рабіць сваю справу ўжо наадварот, ці ня пойдзе яно на шкоду?”

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.