Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьні ў спэцпрыёмніку на Акрэсьціна адчуваюць падтрымку сяброў з волі


Любоў Лунёва, Менск Пятнаццаць чалавек, арыштаваных за ўдзел у акцыі, прысьвечанай дзесяцігодзьдзю прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, адбываюць пакараньне за кратамі спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы Акрэсьціна. Праваабарончая арганізацыя "Міжнародная амністыя" ўсім арыштаваным надала статус вязьняў сумленьня. Паплечнікі перадалі ім харч і прэсу.

Каардынатар "Хартыі''97" Зьміцер Бандарэнка пакараны на 15 сутак – гэта самы працяглы тэрмін арышту за ўдзел у апазыцыйнай акцыі. Паводле неафіцыйных крыніц, усіх палітвязьняў трымаюць у адной камэры. Алег Корбан, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Максім Вянярскі й Артур Фінкевіч правядуць у камэры спэцпрыёмніка 10 сутак. Анастасія Азарка, Аляксандар Васілеўскі й Ігар Нязоўцаў будуць адбываць пакараньне 5 сутак.

24 ліпеня на волю выйдуць палітвязьні, якіх пакаралі на трое сутак, – Анатоль Бельскі, Аляксандар Моніч, Дзяніс Быстрык, Ігар Кіеўко, Аляксандар Козік і Павал Хівук. Сваякі арыштаваных разам зь сябрамі моладзевага руху "Зубр" перадалі за краты харч, прэсу й кнігі.

Адміністрацыя спэцпрыёмніка пагадзілася прыняць перадачы толькі ў тым разе, калі за кожнага палітвязьня тыя заплацяць так званыя "суткавыя". Цяпер, пасьля касмэтычнага рамонту, адны суткі знаходжаньня ў камэры Менгарвыканкам ацэньвае 2700 рублямі – удвая даражэй, чым раней. Палітвязьні жартуюць, што спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік з “адназоркавага” гатэлю перавялі ў новы статус – “дзьвюхзоркавага”.

Супрацоўніца прававой службы руху "Зубр" Ірына Тоўсьцік лічыць, што галоўнае – не харчы, а маральная падтрымка звонку.

(Тоўсьцік: ) "Мы перадалі харч, але таксама прэсу й кнігі. Вырашылі, што гэта будзе для іх і маральнай падтрымкай. Хочам, каб яны ведалі, што мы не забыліся пра кожнага зь іх. Мы іх памятаем і заўсёды гатовы дапамагчы. Мы тут, мы побач. Мы знаходзімся на волі – і нават нам горача. Мы разумеем, як сьпякотна, як немагчыма сядзець у гэтай цеснай камэры, дзе няма паветра. Таму пастараліся перадаць паболей яблык, цытрынаў, рознай садавіны, гародніны й пітва. Думаю, гэта будзе лепш за сала. Але каўбасу мы ўсё роўна перадалі".

У спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку няма належнай вэнтыляцыі. У такую сьпёку пятнаццаці чалавекам сядзець у адной камэры даволі цяжка. На шпацыр пакуль нікога не выводзілі. Шмат каго зьбілі ў часе затрыманьня. Некаторыя з арыштаваных трапілі за краты ўпершыню. Назіральнікі не выключаюць, што людзям пасьля стрэсу ў такіх умовах можа стаць кепска.

Каб высьветліць, ці патрэбна дапамога, адзін з арганізатараў разагнанай акцыі – дэпутат Валер Фралоў плянуе днямі наведаць палітвязьняў у спэцпрыёмніку.

(Фралоў: ) "Сёньня-заўтра спакуем для іх перадачы. Рэгулярна будзем іх туды дастаўляць. І самі туды зьезьдзім. Будзем аказваць падтрымку. Абавязкова з усімі сустрэнемся. Мне здаецца, гэты першы крок, можа, ня вельмі ўдалы. Але й надалей будуць нейкія акцыі менавіта з тымі хлопцамі, якія цяпер сядзяць. Няхай крыху "падыхаюць" там – і зноў за працу".

24 ліпеня сябры "Маладога Фронту" й "Зубру" будуць сустракаць сваіх сяброў ля брамы спэцпрыёмніка на вуліцы Акрэсьціна. Ім падрыхтавалі падарункі, і нават зьбіраюцца зладзіць адмысловую імпрэзу.


*** Сьпіс пакараных за ўдзел у акцыі 21 ліпеня

Пятнаццаць чалавек былі пакараныя арыштамі:

1. Зьміцер Бандарэнка – 15 сутак арышту 2. Яўген Афнагель – 10 3. Максім Вінярскі – 10 4. Алег Корбан – 10 5. Артур Фінькевіч – 10 6. Павал Юхневіч – 10 7. Анастасія Азарка – 5 8. Аляксандр Васілеўскі – 5 9. Ігар Нязоўцаў – 5 10. Анатоль Бельскі – 3 11. Дзяніс Быстрык – 3 12. Ігар Кіеўко – 3 13. Аляксандр Козік – 3 14. Аляксандр Моніч – 3 15. Павал Хівук – 3

Восем чалавек былі аштрафаваныя:

1. Аляксей Ляўковіч – 50 базавых велічыняў (каля 650 даляраў) 2. Павал Беланоўскі – 40 базавых велічыняў (каля 520 даляраў) 3. Андрэй Асмалоўскі – 30 базавых велічыняў (амаль 400 даляраў) 4. Сяргей Сарагавец – 30 5. Зьміцер Вайтко – 20 базавых велічыняў (каля 260 даляраў) 6. Аляксандр Беланоўскі – 20 7. Любоў Кучынская – 20 8. Сяргей Лятко – 20 9. Павал Мікуловіч – 20

Хведару Паўлючэнку і Паўлу Дзем’янюку вынеслі папярэджаньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG