Слухаць

Цяпер у эфіры

Ранішні жывы эфір

Наступная праграма

СТО АДРАСОЎ

ЗНАЙДЗІ НА МАПЕ!

АНКЕТА СВАБОДЫ

Алесь Бяляцкі
  ДЗЕНЬ БЛОГЕРА


Грамадзтва

Як беларусы ацэньваюць 10 гадоў знаходжаньня Аляксандра Лукашэнкі на пасадзе прэзыдэнта?

10.07.2004 14:24

Альгерд Невяроўскі, Менск

10 ліпеня споўнілася 10 гадоў з часу абраньня Аляксандра Лукашэнкі на прэзыдэнта Беларусі. Як людзі ацэньваюць ягоную дзейнасьць на гэтай пасадзе і тыя 10 гадоў, цягам якіх ён кіруе Беларусьсю? Гэтыя пытаньні людзям на вуліцы задаваў наш карэспандэнт.

Пераважная большасьць апытаных (а іх было некалькі дзясяткаў) падзяліліся на дзьве вялікія групы: тых, хто адмоўна, і хто станоўча ацэньвае 10 гадовы пэрыяд прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Вось аргумэнты праціўнікаў ягонага кіраваньня:

(Студэнты: ) “Студэнты гістарычнага факультэта. Ацэньваем яго дзейнасьць вельмі дрэнна. Ягоную палітыку не падтрымліваем – гэта чорная пляма нашай краіны”.

(Хлопец: ) “Дзейнасьць Лукашэнкі я ацэньваю як і ўсе – нездавальняюча. Ён вельмі ўжо своеасабліва кіруе нашай краінай”.

(Спадар: ) “Лепей бы гэтага больш не было. Чым больш я бачу тратуарнай пліткі тут у цэнтры гораду, тым болей гаў…ыя сажалкі каля кожнага кароўніка. Калі ад’ехаць 50 кілямэтраў ад Менску, мясцовасьць падобная на тую, што пасьля бамбаваньня”.

(Пэнсіянэр: ) “Эканоміка развальваецца. З кожным днём глыбей і глыбей заходзім мы ў бездань нейкую”.

(Дзяўчына: ) “Вельмі нэгатыўна ацэньваю, бо, па-мойму, відавочныя рысы аўтарытарнага рэжыму”.

(Спадарыня: ) “Трэба абіраць новага прэзыдэнта, каб краіна адраджалася і ўсё ў нас было добра”.

(Хлопец: ) “Гэтае кіраваньне – дай Бог каб яго больш не было. Заняпад у эканоміцы і заняпад, самае галоўнае, у культуры”.

Тыя ж людзі, хто ацэньвае 10 гадоў прэзыдэнцтва станоўча, патлумачылі сваю пазыцыю так:

(Дзяўчына: ) “Ведаеце, ён шмат зрабіў для Менска. Горад стаў прыгожым за гэты час”.

(Спадарыня: ) “Калі адносна майго асабістага жыцьця, дык дзейнасьць Лукашэнкі ацэньваю пазытыўна. Зьмены ў асабістым жыцьці, у кар’еры і ва ўсім. Асноўнае для мяне – гэта мая сям’я й праца”.

(Спадар: ) “Мне падабаецца ягоная зьнешняя палітыка, ну і ўнутраная – нічога. Усё добра”.

(Спадар: ) “Самае галоўнае і добрае тое, што ў нас стабільна. Можа, ня так стабільна як у Заходняй Эўропе, але ў параўнаньні з краінамі былога Саюзу, я думаю, мы больш стабільна жывем”.

(Спадар: ) “Прабачце, адназначна ацаніць нельга, але я думаю, што ёсьць станоўчая дынаміка”.

(Пэнсіянэр: ) “Падняў Беларусь на ногі, лепей стала жыць”.

(Дзяўчына: ) “Жывыя-здаровыя, бабуля пэнсію атрымлівае. Цудоўна, дзякуй вялікі”.

Некалькі чалавек сказалі, што цягам гэтых 10 гадоў кіраваньня ў палітыцы Лукашэнкі былі як станоўчыя, так і адмоўныя моманты. Таксама ёсьць сярод апытаных людзі, якія адказалі як гэты спадар:

(Спадар: ) “Мне здаецца, што ў нас ацэньваць кіраўнікоў небясьпечна, я бы так сказаў. Таму я ня буду выказваць сваю пазыцыю, можна?”
Апублікуй у LiveJournal:

Прадукты і паслугі:

ПадкастRSSMobile