чацьвер, 09 лютага 2012, Менск 05:18

Палітыка

Клаўдыя Нольтэ: АБСЭ хоча падрыхтаваць пэўную глебу для правядзеньня дэмакратычных выбараў у Беларусі

Ул.інф.

На 13 сэсіі ПА АБСЭ ў Эдынбургу сёньня распачнуцца пленарныя паседжаньні. Беларускае пытаньне не ўвайшло ў афіцыйны парадак дня, аднак, як мяркуюць некаторыя эўрапейскія парлямэнтары, якія маюць дачыненьне да падрыхтоўкі адмысловай рэзалюцыі, дыскусіі па сытуацыі ў Беларусі могуць распачацца нават сёньня, самае позьняе заўтра. Нагадаем, што гэты дакумэнт на абмеркаваньне ўдзельнікаў сэсіі прадставіць кіраўніца працоўнай групы ПА АБСЭ Ута Цапф.

ПАМЕР ШРЫФТУ - +
Тым часам праект рэзалюцыі па Беларусі ўжо выклікаў нэгатыўную рэакцыю з боку афіцыйнага Менску. Так беларускі амбасадар ў Бэрліне Ўладзімер Скварцоў накіраваў крытычны ліст да аўтараў дакумэнту, у якім ён выказвае сваё непаразуменьне з нагоды заўчаснай крытыкі АБСЭ маючых адбыцца выбараў. Паводле ягоных словаў, парлямэнтары крытыкуюць тое, што адбудзецца толькі ў кастрычніку. На час напісаньня рэзалюцыі выбарчая кампанія ў Беларусі, як і дэбаты вакол выбарчага кодэксу толькі распачынаюцца.

Член ПА АБСЭ, дакладчыца фракцыі ХДС/ХСС па Беларусі ў нямецкім Бундэстагу Клаўдыя Нольтэ нязгодная з гэткім падыходам. У рэзалюцыі няма нейкай заўчаснай крытыкі будучых парлямэнцкіх выбараў у Беларусі.

(Нольтэ: ) “Гэта ня так. У гэтай рэзалюцыі мы заклікаем афіцыйны Менск, каб у Беларусі былі створаныя гарантыі для правядзеньня выбараў, каб правы іншых апазыцыйных кандыдатаў не дыскрымінаваліся, каб было карэктнае асьвятленьне гэтай выбарчай кампаніі, каб гэтая кампанія вялася празрыста і дэмакратычна, каб яна адпавядала міжнародным стандартам і каб прадстаўнікі АБСЭ былі запрошаныя ў Беларусь для назіраньня за выбарамі своечасова.

У рэзалюцыі няма заўчаснай крытыкі маючых адбыцца парлямэнцкіх выбараў, АБСЭ хоча падрыхтаваць пэўную глебу для іхнага правядзеньня. Калі беларускі ўрад ня хоча быць скрытыкаваным за тое, што можа адбыцца ў кастрычніку, ён мусіць пайсьці насустрач гэтым патрабаваньням”.

Спадарыня Нольтэ ўпэўненая, што рэзалюцыя па Беларусі будзе прынятая. Паводле ейных словаў, ПА АБСЭ – не адзіная міжнародная структура, якая крытыкуе афіцыйны Менск за сытуацыю з правамі чалавека. Дыскусіі на гэты конт, як і на конт сытуацыі са свабоднымі СМІ, зьніклымі палітыкамі і перасьледам апазыцыі таксама вяліся ў Радзе Эўропы, ААН, таму вельмі натуральна, што гэтыя пытаньні турбуюць і парлямэнтароў АБСЭ. Дыскусія адносна беларускага пытаньня ня вынесеная асобным пунктам ў парадак дня сэсіі, аднак Клаўдзія Нольтэ мяркуе, што дэбаты адбудуцца заўтра, а можа нават і сёньня.