Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ паўтара году правядзе за кратамі рэжысэр “Беларусьфільму” Руслан Зголіч


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аўтар гэтак і не паказанага шырокаму гледачу фільму “Госьці” прызнаны вінаватым у крадзяжы стужак свайго фільму і хуліганстве. Тым часам вядомая тэлевядучая Элеанора Язерская параўноўвае Руслана Зголіча з маладым Таркоўскім і не выключае, што калісьці Беларусь будзе ганарыцца такім рэжысэрам.

Судзьдзя Тацяна Рэвінская зь Першамайскага раённага суду Менску палічыла віну рэжысэра Руслана Зголіча даказанай і прызнала яго вінаватым у крадзяжы і хуліганстве. Раней пракурор прасіў пакараць Зголіча двума гадамі зьняволеньня, але судзьдзя вынесла больш жорсткі прысуд — тры гады калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Аднак дзякуючы амністыі адзін год з гэтага тэрміну лічыцца скасаваным, таксама ўлічваюцца паўгоду, якія Руслан Зголіч ужо адседзеў у сьледчым ізалятары. Такім чынам у зьняволеньні Руслан Зголіч правядзе яшчэ ня менш як паўтара году.

(Зголіч: ) “Лічу, што прысуд неабгрунтаваны. У маіх дзеяньнях не было крыміналу. Добра было бы, калі пасьля маіх ахвяраў нацыянальнае кіно ўсё ж такі адрадзілася. Таму што менавіта кіно кіруе сёньня сусьветам”.

Гэтак Руслан Зголіч пракамэнтаваў вынесены яму прысуд. Апошнімі ягонымі словамі, ледзь чутна сказанымі ў жалезнай клетцы, было “Мяне прыціснулі”. Пасьля гэтага міліцыянты прымусілі яго адвярнуцца да сьцяны і загадалі ўсім выйсьці з судовай залі.

У чым аказаўся вінаватым перад законам малады і, здавалася, удачлівы рэжысэр?

Пры канцы 2001 году Руслан Зголіч завяршаў працу над фільмам “Госьці”. Кіраўніцтва “Беларусьфільму” зьвязвала з гэтай стужкай надзею на прарыў з даволі працяглага пэрыяду творчага застою, але адносіны з маладым рэжысэрам перарасьлі ў канфлікт. “У канцы году трэба было здаваць фільм, бюджэт быў патрачаны, а Зголіч задумаў пераздымаць некаторыя сцэны. На гэта не было ні часу, ні грошай. Вось ён і сарваўся”, — распавядаў пазьней для Радыё Свабода тагачасны намесьнік дырэктара “Беларусьфільму” Ўладзімер Шышкін.

“Зрыў” рэжысэра выявіўся ў тым, што ён зьнёс дамоў частку стужак. Якую — застаецца спрэчным пытаньнем. Зголіч сьцьвярджае, што толькі адну відэа і дзьве гукавых часткі, сьледзтва, а за ім і суд палічылі, што рэжысэр скраў ажно сем частак коштам 9 мільёнаў 400 тысяч рублёў. Гэтыя грошы рэжысэр мусіць вярнуць кінастудыі.

Фільм “Госьці” гэтак і ня выйшаў на шырокія экраны, хаця ў пераробленым выглядзе, пад назвай “Эскіз на маніторы” быў паказаны крытыкам. Бачылі фільм і акторы, якія ў ім здымаліся. Сярод іх — вядомая тэлевядучая Элеанора Язерская:

(Язерская: ) “Для мяне ён у гэтым фільме выявіўся як беларускі малады Таркоўскі. Паверце, гэта так. І ў двух словах я нават ня здолею сказаць, пра што гэты фільм. Гэта немагчыма. Гэта пра жыцьцё, пра сэнс жыцьця, пра каханьне, пра чалавечыя адносіны”.

Элеанора Язерская згадвае, што падчас працы над фільмам Руслан Зголіч вельмі ператамляўся, бо графік здымак быў надзвычай напружаным. Гэтым яна тлумачыць тыя неадэкватныя ўчынкі рэжысэра. Паводле Элеаноры Язерскай, стаўленьне да яго мусіць быць іншае:

(Язерская: ) “Яму трэба было крыху падлячыцца, і ўсё было бы ў норме. А Беларусь ня страціла бы рэжысэра. Руслан Зголіч можа быць для беларускага кінэматографа імем, якім будуць ганарыцца”.

Праз год, калі прысуд уступіць у сілу і Руслан Зголіч ня будзе мець заўвагаў ад турэмнага начальства, ён зможа разьлічваць на змягчэньне свайго лёсу — працу на пасяленьні. У Беларусі ўжо ёсьць прафэсар, які на “хіміі” пасьвіць кароваў, — гэта былы рэктар Юры Бандажэўскі. Чым у падобным выпадку будзе займацца ктнарэжысэр Зголіч — невядома, але дакладна, што не кінатворчасьцю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG