Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літвіненка перад сьмерцю прыняў іслам


Юры Дракахруст, Прага Брытанскія сьледчыя, якія вядуць справу аб атручваньні палітычнага ўцекача Аляксандра Літвіненкі, прыехалі сёньня ў Расею, каб дапытаць асобаў, якія могуць мець інфармацыю аб гэтым злачынстве. Родныя Літвіненкі паведамілі, што ён перад сьмерцю прыняў іслам і папрасіў пахаваць яго паводле мусульманскіх абрадаў.

Чатыры брытанскія сьледчыя прыляцелі сёньня ў Шарамецьева. Яны адмовіліся даваць якія б то ні было камэнтары. Паведамляецца, што яны зьбіраюцца дапытаць трох расейскіх бізнэсмэнаў – Андрэя Лугавога, Дзьмітрыя Коўтуна і Вячаслава Сакаленку, якія сустракаліся з Літвіненкам 1 лістапада, у дзень, калі ён захварэў. Скотлянд-Ярд цікавіць, чаму на борце самалётаў, на якіх Лугавой лятаў з Масквы ў Лёндан і з Лёндану ў Маскву, а таксама ў нумарах двух лёнданскіх гатэляў, дзе ён спыняўся, былі знойдзены сьляды радыяцыі. Але сустрэча зь ім можа і не адбыцца – Андрэй Лугавы, як і Літвіненка, былы афіцэр спэцслужбаў, разам з жонкай і трыма дзецьмі знаходзяцца ў маскоўскім шпіталі, высьвятляецца , ці не былі яны, як і Літвіненка, атручаныя палёніем.

Брытанскім сьледчым ня будзе дадзена магчымасьць сустрэцца з яшчэ адным афіцэрам расейскіх спэцслужбаў Аляксандрам Трапашкіным, які адбывае пакараньне за разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы. Адвакаты Трапашкіна паведамілі, што іх кліент валодае інфармацыяй, якая была б карыснай ў справе.

Яшчэ адна брыгада сьледчых сустракаецца ў ЗША з былым афіцэрам ФСБ Юрыем Швецам, які быў зьвязаны зь Літвіненкам і апальным расейскім алігархам Барысам Беразоўскім. Яшчэ адзін фігурант у справе – італьянец Марыё Скарамэла , які сустракаўся з Літвіненка 1 лістапада, знаходзіцца ў лёнданскім шпіталі. Скарамэла заяўляе, што таксама быў атручаны палёніем, хаця дактары кажуць, што стан здароўя пацыента нармальны.

Чакаецца, што дата пахаваньня Аляксандра Літвіненкі будзе абвешчаная на гэтым тыдні. Пасьля атручваньня , у шпіталі ён прыняў іслам. Паводле ягонага бацькі Вальтэра Літвіненкі, сын расчараваўся ў Рускай праваслаўнай царкве.

(Вальтэр Літвіненка: ) “Калі ён мне сказаў пра гэта, гэта было за два дні перад сьмерцю. Ён сказаў: "Тата, я стаў мусульманінам". Я яму адказаў: "Саша, гэта тваё рашэньне. Абы ты ня стаў камуністам альбо сатаністам". Я сам хрысьціянін, але муж маёй дачкі - кабардзінец і ўнук мусульманін. Мы ня страцілі Бога, Мы верым у Бога. А як маліцца — гэта як кожны лічыць, так і павінен рабіць”.

Ахмэд Закаеў, адзін з лідэраў чачэнскага супраціву, які мае палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, размаўляў з Літвіненкам аб абарачэньні ў іслам.

(Закаеў: ) “Літаральна ў першыя дні ў шпіталі ён сказаў мне, што хоча прыняць іслам. Я паставіўся да гэтага нармальна, і сказаў, што гэта асабістае пытаньне - няважна, якому Богу мы молімся, абы мы не рабілі справы, якія няўгодныя Богу. Ён вяртаўся да гэтай тэмы ізноў і ізноў. Ён зрабіў ашхаду — ісламскі сымбаль веры. У ісламе няма адмысловага рытуалу навяртаньня. Вы гаворыце суру Карана- ашхаду: “Няма Бога, акрамя Алаха”, і калі чалавек шчыры ў сваіх намерах, з гэтага моманту чалавек лічыцца мусульманінам”.

Паводле Закаева, нягледзячы на хваробу, Літвіненка захоўваў сьвядомасьць, яго 16 гадзінаў дапытвала паліцыя, якая вяла справу аб атручваньні. Перад сьмерцю Літвіненка папрасіў Закаева, каб той прывёў да яго сьвятара.

(Закаеў: ) “22 лістапада, выконваючы ягоную волю, я са згоды зь ягонай жонкай прывёў да яго багаслова, які прычытаў над ім суру Карана - ясін, якую чытаюць над паміраючымі мусульманамі. Паводле звычаяў, цела трэба абмыць перад пахаваньнем. Але сёньня на жаль гэтую працэдуру, аб якой прасіў Аляксандар, мы ня можам выканаць. Цела з радыяцыяй і труна ня можа быць адкрытая на працягу 6 з паловай гадоў”.
XS
SM
MD
LG