Асновай для кнігі Уладзіміра Коласа сталі ягоныя выступы ў праграме Радыё Свабода “Сучасныя мэмуары”. Там аўтар распавядаў пра той жыцьцёвы шлях, які прывёў яго да стварэньня ліцэю, і пра вынікі дзейнасьці навучальнай установы.
Уладзімір Колас сёньня ўзгадваў тыя часы, калі пачынаў сваю дзейнасьць ліцэй. Выкладчыкі дзяліліся сваімі ўспамінамі. Не бяз гонару дырэктар распавёў пра посьпехі ліцэю.
(Колас:) “Мы выглядалі ня горшымі, а часам і лепшымі: мы займалі першыя месцы на сусьветных алімпіядах. На “бізнэс-уіку” бізнэсоўцы, паплечнікі Біла Гейца, лазілі па сайтах і шукалі інфармацыю, каб зьбянтэжыць нейкімі пытаньнямі нашых ліцэістаў. Калі яны чулі адказы на пытаньні, то былі ў разгубленасьці, маўляў, адкуль такія дзеці, а потым прыехалі, каб зладзіць “бізнэс-уік” тут”.
Спадар Колас распавёў, што выдаць кнігу пра ліцэй, які існуе ў нелегальных умовах, сёньня ў Беларусі немагчыма, але ж мы й не імкнуліся.
(Колас:) “Не будзем распавядаць тут аб тым, як гэта робіцца. На вялікі жаль, усе мы тут вымушаныя існаваць фактычна ва ўмовах падпольля. Афіцыйна выдаць такую кніжку, безумоўна, немагчыма. Кніжку выдалі не ў нас, але я спадзяюся, што яна знойдзе свайго чытача”.
Намесьніца дырэктара ліцэя Ірына Сідарэнка заклікала настаўнікаў, ліцэістаў і іх бацькоў таксама напісаць свае кнігі і успаміны пра ліцэй.
(Сідарэнка:) “Сёньня мы ўзгадалі, як нам жылося, як мы трапілі ўсе ў ліцэй. Якая ў нас была цудоўная аўра! Ведаеце, мне здаецца, што кожны з нас, захоплены парывам спадара Коласа, хацеў бы таксама напісаць свае ўспаміны, кнігі. Я думаю, што такіх кнігаў будзе шмат. Мы асэнсуем жыцьцё, наш ліцэй. Не толькі мы, настаўнікі, але й нашы дзеці і бацькі, я думаю”.
Са сцэны гучалі вершы. У залі ў асноўным былі навучэнцы першага курсу. Яны прасьпявалі некалькі песень, такім чынам працягнуўшы музычную традыцыю ліцэю. Выпускнік ліцэю Франак Вячорка запэўніў, што ў ліцэі будуць стварацца новыя фільмы, музычныя альбомы, адновіцца тэатар.

