Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры апазыцыі пра пэрспэктывы дэмакратычнага руху пасьля выбараў


Радыё Свабода Трэцяй інаўгурацыяй Аляксандра Лукашэнкі закончылася выбарчая кампанія, на якой апошні год была сфакусаваная ўвага беларускага грамадзтва. Апазыцыя не прызнала выніку гэтых выбараў і рыхтуецца да новага этапу дзейнасьці, у больш складаных умовах, чым было да выбараў.

У мінулыя выходныя прайшлі паседжаньні кіроўных органаў Беларускага народнага фронту і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, у цэнтры ўвагі якіх былі мінулыя выбары. Сойм Партыі БНФ у прыватнасьці заявіў, што мінулую кампанію “нельга лічыць выбарамі”, што “беларускі народ пазбаўлены магчымасьці праз працэдуру выбараў абіраць кіраўніцтва краіны”. Сойм ухваліў стварэньне вызваленчага руху “За свабоду”. Гаворыць лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка:

(Вячорка: ) “19–25 сакавіка быў не канец гісторыі і не канец кампаніі, а яе сярэдзіна, вельмі важны прамежкавы этап. Нанесены сапраўды адчувальны ўдар дыктатарскай уладзе, зьнікненьне Лукашэнкі амаль на два тыдні ёсьць таму найлепшым сьведчаньнем. Бліжэйшы ж паважны эканамічны альбо сацыяльна-палітычны крызыс неўнікнёна прывядзе да канца гэтай улады”.

Спадар Вячорка падкрэсьліў, што ў гэтых умовах дэмакратычныя сілы падвышаюць сваё яднаньне, апазыцыйная кааліцыя захоўваецца як рух “За Свабоду” і адкрываецца для ўдзелу ў ёй тых тысяч людзей, што працавалі ў кампаніі Мілінкевіча. Спадар Вячорка прыярытэтам на сёньня назваў інфармацыйна-мабілізацыйную працу.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька паведаміў, што апошняе паседжаньне Палітрады ягонай партыі пацьвердзіла курс на ўмацаваньне адзінства апазыцыі:

(Лябедзька: ) “Мы павінны імкнуцца да сытуацыі, якую палітолягі называюць рэальнае двухуладзьдзе, патрэбна ўмацоўваць дэмакратычную інфраструктуру, думаю, што трэба адмаўляцца ад тэрміна “дэмакратычныя сілы” і пераходзіць на выкарыстаньне “прыхільнікі пераменаў”. Патрэбна вярнуцца да Кангрэса дэмакратычных сіл, менавіта гэтая структура павінна быць вышэйшым прадстаўнічым і легітымным органам прыхільнікаў пераменаў”.

На думку спадара Лябедзькі, новы кангрэс мусіў бы прайсьці цягам трох месяцаў, каб зацьвердзіць падкарэктаваную стратэгію і тактыку дзейнасьці апазыцыі. Іншымі прыярытэтамі спадар Лябедзька назваў пашырэньне сацыяльнай базы апазыцыі і дэлегітымітызацыю вынікаў выбараў унутры краіны праз адпаведную інфармацыйную кампанію. Спадар Лябедзька, як і Вінцук Вячорка лічыць, што ёсьць шанец на адхіленьне А. Лукашэнкі ад улады цягам года-двух.

Менскі палітоляг Андрэй Фёдараў мяркуе, што дэмакратычныя сілы захаваюць рэальнае адзінства пасьля выбараў, гарантыяй чаго выступае магутная міжнародная падтрымка Аляксандра Мілінкевіча. Спадар Фёдараў перакананы, што пасьля выбараў Беларусь не чакае палітычны застой брэжнеўскага тыпу:

(Фёдараў: ) “Тут шмат што будзе залежаць ад дзеяньняў апазыцыі. Калі яна будзе праяўляць нейкую актыўнасьць,– ціск на яе будзе вельмі моцны, думаю, што тады будуць і затрыманьні ды пасадкі дзеячоў апазыцыі”.

Тым часам былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін, які знаходзіцца за кратамі жодзінскага сьледчага ізалятара паводле абвінавачваньне у крымінальным злачынстве за арганізацыю апазыцыйнага шэсьця 25 сакавіка і спробы прайсьці на Ўсебеларускі народны сход 2 сакавіка, 9 красавіка накіравааў чарговую скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі.

Спадар Казулін працягвае аспрэчваць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, новую скаргу ён накіраваў старшыні Вярхоўнага суда Валянціну Сукала. Аляксандар Казулін просіць спадара Сукалу вынесьці пратэст на рашэньне суддзі Мікалая Бабкова, які адмовіўся разглядаць ягоную скаргу аб непрызнаньні вынікаў выбараў прэзыдэнта з-за шматлікіх парушэньняў заканадаўства. Спадар Казулін заяўляе, што мае гарантаванае Канстытуцыяй права на разгляд скаргі ў судзе.

“Сымбалічна, што сваю законную пазыцыю я вымушаны адстойваць, знаходзячыся ў турмэмных засьценках”,– піша спадар Казулін старшыні Вярхоўнага суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG