Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трасянка як нацыянальны брэнд і крыніца натхненьня


Севярын Квяткоўскі, Менск Трасянка – сумесь моваў. Беларуска-расейскай трасянкай у той ці іншай ступені карыстаюцца да сямідзесяці працэнтаў насельнікаў Беларусі. Тым ня менш фэномэн трасянкі застаецца вельмі мала дасьледаваным. Яна лічыцца нечым ганебным: рэччу, на якую ў культурным месцы не прынята зьвяртаць увагі. З другога боку, трасянка сталася сродкам камунікацыі і аб’ектам творчасьці ў альтэрнатыўных культурніцкіх колах. Гэта яшчэ адзін фэномэн найноўшай гісторыі Беларусі, які дасьледуе карэспандэнт “Свабоды”.

Сьпявак Лявон Вольскі адным зь першых пачаў культываваць трасянку сярод сваіх сяброў.

(Вольскі: ) “Бывае, зносіць на трасянку, калі трэба падкрэсьліць іранічнасьць моманту. А ў творчасьці, калі трэба падкрэсьліць іранічнасьць пэрсанажа: недалёкасьць, тупасьць, альбо рэчы проста сьмешнаватыя. Вельмі трывала трасянка ўвайшла ў жыцьцё. А дагэтуль, можа, пару словаў былі: падхадзяшчэ ці вабшчэ...”

(песьня “23 феўраля” з “Крамбамбулі”)

Цяпер многія аўтары віртуозна выкарыстоўваюць у сваёй творчасьці трасянку. Міхал Анемпадыстаў прыгадвае, што ў ягоным юнацтве менавіта гульня ў трасянку дапамагла засвоіць беларускую мову:

(Анемпадыстаў: ) “Мы спачатку проста прыдурваліся, гралі такія ролі – гаварылі на трасянцы, а пазьней зь цягам часу загаварылі па-беларуску. А трасянка зьняла псыхалягічныя бар’еры”.

(песьня “Дарагія мае масквічы” з “Народнага альбому”)

Тэкст гэтай песьні з “Народнага альбому”, якую выконвае Кася Камоцкая, напісаў Міхал Анемпадыстаў. Нямала ягоных вершаў, створаных рафінаванай літаратурнай беларускай мовай, пакладзена на музыку. Паралельна з асяродкам Міхала Анемпадыстава і Лявона Вольскага трасянка стала культавай і ў іншых сталічных культурніцкіх колах.

Вернемся да тэзы пра тое, што дзеці вялікага расейскамоўнага гораду не маглі адразу гуляцца беларускай і расейскай фанэтыкай. Наагул, дакладна ня вызначана, што лічыць трасянкай. Ці гэта прапарцыйна перамяшаныя беларускія і расейскія словы, ці гэта расейская мова зь беларускай

фанэтыкай і будовай сказаў, ці наадварот... У кожным выпадку, гутарковая мова паспалітага беларускага люду натхніла на стварэньне пасьпяховага сатырычнага праекту пад назвай “Саша і Сірожа”. Аўтары тэлевізійнага і радыйнага праекту мастак Аляксей Хацкевіч і музыкант Сяргей Міхалок:

(Міхалок:) “Я проста ня ведаю беларускай мовы ў такой ступені, каб іранізаваць. Гэта мой фальклёр, мова вуліц. Я ведаю падшэўку жыцьця. Я п’янчыўся, бываў на піўніках, панкаваўся, езьдзіў па мястэчках. На трасянцы нават крымінальнікі гавораць. На трасянцы гавораць мае сябры – Хацон, паэты, мастакі, тэатралы. Трасянка мне далася лягчэй, чым беларуская”.

Цікава, што бяскрыўдны на першы погляд праект апынуўся фактычна пад забаронаю ў Беларусі. Некаторыя лічаць, што пэрсанажы Саша і Сірожа вельмі нагадваюць манерай маўленьня і рыторыкай першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

Сучасная гарадзкая трасянка – ня толькі сродак для іроніі ў мастацтве, гэта спосаб самаабароны псыхікі. Свайго кшталту практычнай іроніі. Апавядае Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Дзе-небудзь у краме, напрыклад, за горадам, людзей можна паставіць у абсалютна аслупянелае становішча. Напрыклад, выгляд у цябе канкрэтнага рок-выканаўцы. Ты заходзіш у краму, і прадавачка кагосьці пачынае лаяць: “Саўсем ужо абнаглелі, што эта такое, я не панімаю, у міня скора перарыў, а яны ўсё лезуць і лезуць”. А ты падаграеш, гаворыш: “Дзяйсьцьвіцельна, так і есьць. Эці пакупацелі чорт знает што ўжэ”. І прадавачка проста ня ведае, як рэагаваць”.

Дарэчы, шмат хто ня ведае, як рэагаваць на трасянку карыкатураў у выданьні “БелГазета”. Кожны нумар ілюструюць вядомыя сталым чытачом карыкатурныя зайцы, якія гавораць міжсобку менавіта трасянкай. Нават графічна аўтар рысункаў падкрэсьлівае блытаніну моваў. У адным тэксьце можа быць і расейскае “и”, і беларускае “ў”. Шмат хто ўспрымае карыкатуры як непавагу да беларускай мовы. Але намесьнік галоўнага рэдактара выданьня Віктар Марціновіч патлумачыў, што іронія скіраваная да носьбітаў трасянкі:

(Марціновіч: ) “Калі мы кажам пра зайцоў, відавочна, што, як усялякі сьмешны малюнак, ён высьмейвае носьбітаў трасянкі. Ён мае мэтай сваёй, каб менш людзей гаварыла трасянкай”.

Віктар Марціновіч хацеў бы, каб як мага болей людзей карысталася той ці іншай, але літаратурнай мовай.

Большасьць маіх суразмоўцаў згодныя, што трасянка найперш асацыюецца зь нізкім сацыяльным статусам носьбіта мяшанай мовы. Але большасьць ставіцца да трасянкі без пагарды, з пэўнай сымпатыяй.

(Канавальчык: ) “Я ня раз і ня два сустракаў людзей, якія добра валодаюць і расейскай, і беларускай мовамі, але ў жыцьці карыстаюцца трасянкавым варыянтам як больш простым”.

Галоўны рэдактар выданьня “Навінкі” Паўлюк Канавальчык актыўна выкарыстоўвае ў творчасьці трасянку, да якой ставіцца спакойна, як да дадзенасьці:

(Канавальчык: ) “Пэўна, нельга адназначна сказаць, ці трасянка рэгрэс, ці разьвіцьцё. Гэта жывы працэс...”

Віктар Марціновіч мяркуе так:

(Марціновіч: ) “Трасянка – зьява вельмі нявывучаная. Яе трэба больш вывучаць, чым гэта робіцца цяпер”.

(Вольскі: ) “Пэўны момант мы нават баяліся, што трасянка настолькі забрудзіць жывую чысьцюткую беларускую мову, што хацелі гвалтам адмаўляцца ад трасянкі. Але як толькі трэба было пасьмяяцца з сытуацыі, з чалавека, зь сябе, усё роўна зносіла на трасянку. Паколькі гэтая трасянкавасьць – жывая мова, яна не давала сябе выкараніць зусім”.

Ёсьць нават меркаваньні, што менавіта праз трасянку можна будзе пашырыць сярод людзей літаратурную беларускую мову. Меркаваньні спэцыялістаў – у наступным матэрыяле, прысьвечаным трасянцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG