Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Моладзевыя арганізацыі самыя актыўныя і небясьпечныя для ўлады”


Любоў Лунёва, Менск Байцы спэцназу міліцыі ў цывільным, якія патрулююць менскія вуліцы, часам затрымліваюць маладых людзей і правяраюць іхныя асабістыя рэчы. Эўрапейскую сымболіку й налепкі з заклікам удзельнічаць у “Эўрапейскім маршы” людзі ў цывільным забіраюць, а моладзевых актывістаў адпускаюць. Пачасьціліся выклікі ў КДБ сяброў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” ды іншых актывістаў дэмакратычнага руху.

Актывісты незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” на Магілёўшчыне і Гомельшчыне амаль штодня наведваюць сьледчых КДБ — іх выклікаюць на так званыя прафіляктычныя размовы.

У Гомелі супрацоўнікі міліцыі зрабілі ператрус у штаб-кватэры Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Міліцыянты патлумачылі партыйцам, што іх цікавяць найперш прыкметы існаваньня іншай структуры — “Маладога фронту”.

Гаворыць актывістка “Маладога фронту” Тацяна Шапуцька:

“На ўладу больш за ўсё ўзьдзейнічаюць моладзевыя арганізацыі, бо яны самыя актыўныя і небясьпечныя для яе. У Салігорску і Нясьвіжы не ўдалося зьнішчыць “Малады фронт”, дык яны ўзяліся за Гомель.

Ператрус у офісе АГП зьвязаны менавіта зь дзейнасьцю гомельскіх маладафронтаўцаў. Яны шукаюць доказы існаваньня “Маладога фронту” ў Гомелі й датычнасьць хлапцоў да гэтай арганізацыі”.

Наста Азарка апроч штрафу каля 1 мільёна рублёў, які яна заплаціла за надпіс “Беларусь — гэта сьвятое”, паводле новага прысуду мусіць заплаціць яшчэ 600 тысяч за распаўсюд улётак да “Эўрапейскага маршу”. Судовыя пастановы прыйшлі адна за адной. Дзяўчына зьвязвае гэта з набліжэньнем акцыі.

Моладзевыя актывісты не выключаюць новых прэвэнтыўных затрыманьняў напярэдадні масавай акцыі.

Тым часам сёньня Першамайскі раённы суд Менску разгледзіў касацыйную скаргу актывісткі “Маладога фронту” Касі Галіцкай і пакінуў прысуд — трое сутак арышту напярэдадні Дня Волі.

“Я не плянавала падаваць ніякіх скаргаў, але адвакатка настаяла на гэтым, сказаўшы, што мы ў сваім змаганьні за правы чалавека, якія парушаюцца ў гэтай краіне, не пасьлядоўныя, што змагацца трэба да канца.

Калі мы дазваляем тое, што нас абвінавачваюць у бруднай лаянцы (тым больш, што мы гэтага ніколі ня робім і гэта абраза для вернікаў), то значыць, так нам і трэба, каб нас вінавацілі. Парушэньні ўсе трэба фіксаваць, таму што міліцыянты ды іншыя будуць адчуваць сябе гаспадарамі гэтай краіны, а яны імі не зьяўляюцца”.

Супрацоўнікі КДБ прыяжджаюць да актывістаў дэмакратычнага руху на вучобу. Маладых людзей папярэджваюць пра адказнасьць у выпадку іх удзелу ў вулічных акцыях апазыцыі.

Гомель: Ператрус зьвязаны з справай “Маладога Фронту”, 5.10.2007 Суды арыштоўваюць за распаўсюд улётак, 24.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG