У. Пуцін: “Падыход да Беларусі – такі ж, як да Ўкраіны”
31.05.2007 15:20
Радыё Свабода
Прэзыдэнт Расеі Пуцін заявіў, што Расея будзе будаваць энэргетычныя адносіны з іншымі краінамі незалежна ад палітычных стасункаў.
Пра гэта расейскі лідэр заявіў на прэсавай канфэрэнцыі пасьля перамоваў з прэзыдэнтам Грэцыі Карласам Папульясам.
Пуцін удакладніў, што мае на ўвазе ўсе краіны Закаўказьзя: Грузію, Азэрбайджан, Армэнію, а таксама заходніх суседзяў Расеі: Беларусь і Украіну, да якіх будзе “аднолькавы падыход”.
“Мы і ўнутры краіны паводле дамовы з Эўразьвязам пераходзім на роўныя ўмовы цэнаўтварэньня”, – падкрэсьліў прэзыдэнт Расеі.
Ён заўважыў, што нягледзячы на складаныя палітычныя адносіны з краінамі Балтыі, да апошняга году Расея прадавала ім энэрганосьбіты па цэнах, заніжаных на траціну.
Пуцін патлумачыў, што гэта адбывалася таму, што гэтыя краіны сумленна пагадзіліся паступова выйсьці на эўрапейскае цэнаўтварэньне.