Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскаму пастару забаранілі ўезд у Беларусь на 5 гадоў


Альгерд Невяроўскі, Менск Актывіст менскай эвангельскай царквы Яна Прадвесьніка, грамадзянін Польшчы Яраслаў Лукасік сёньня быў выкліканы ў аддзел грамадзянства й міграцыі Цэнтральнага раённага ўпраўленьня ўнутраных справаў Менску.

За пропаведзь на несанкцыянаваным набажэнстве ў сьвята Тройцы 27 траўня ён аштрафаваны на 31 тысячу рублёў. Яраславу Лукасіку загадалі да 7 чэрвеня пакінуць Беларусь, а таксама на пяць гадоў забаранілі ўяжджаць у краіну.

Сёньня да будынку ўправы міліцыі Цэнтральнага раёну Менску разам зь Яраславам Лукасікам прыйшлі жонка Натальля, дзеці Ян, Марцін і Міра, а таксама сябры-адзінаверцы з царквы Яна Прадвесьніка.

Прычынай выкліку стаў пратакол, складзены міліцыянтамі ў мінулую нядзелю. Яраслава Лукасіка разам з пастарам Антонам Бокунам абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванага набажэнства, на галоўнае для ўсіх хрысьціянаў веры эвангельскай сьвята Тройцы.

Антона Бокуна суд аштрафаваў на 620 тысяч рублёў.

Пастар шкодзіць нацыянальнай бясьпецы

А 8 траўня міліцыя Мядзельскага раёну анулявала Яраславу Лукасіку дазвол на сталае пражываньне ў Беларусі. Яму загадалі да 7 чэрвеня пакінуць тэрыторыю краіны.

Улады лічаць, што дзейнасьць пастара Лукасіка “накіраваная на нанясеньне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь у галіне міжканфэсійных дачыненьняў”. Яго таксама абвінавацілі ва ўдзеле ў нелегальных сходах радыкальна настроеных палітызаваных груповак.

Сёньня размова Яраслава Лукасіка з начальнікам Цэнтральнай управы міліцыі адбывалася ў прысутнасьці консула Польшчы Міраслава Ягельскага.

За казаньне пропаведзі ў часе несанкцыянаванага набажэнства спадар Лукасік аштрафаваны на 31000 рублёў. Яму цягам 5 гадоў нельга ўяжджаць у Беларусь.

Яраслаў Лукасік так пракамэнтаваў рашэньне ўладаў:

“Гэта беззаконьне. Мая жонка і дзеці беларусы. І я добрую частку свайго жыцьця аддаў Беларусі. А мяне абвінавачваюць у нанясеньні шкоды нацыянальнай бясьпецы. Да мінулай нядзелі не было ніякага пратаколу пра маю рэлігійную дзейнасьць. А штраф далі па мінімуме. Як і ўсім — апошнім часам даюць мінімальныя пакараньні”.

А вось меркаваньне яго жонкі Натальлі:

“Некалі мы прынялі сьвядомае рашэньне быць у Беларусі. І мы не павінны пытацца ні ў каго дазволу — можна, ці не нам прапаведаваць. Ёсьць Бог, якому мы служым. І мы маем права расказваць людзям. Сьведчыць пра яго цуды й веліч. І тое, што цяпер адбываецца, гэта беззаконьне, супраць якога мы павінны пратэставаць”.

Натальля Лукасік ужо зьвярталася ў адміністрацыю прэзыдэнта і ў Міністэрства ўнутраных справаў з патрабаваньнем не высылаць мужа і не разьбіваць сям’ю. Але безвынікова.

Юрыст з царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін таксама лічыць, што штраф і высылка пастара Лукасіка зь Беларусі незаконныя.

У нядзелю а 18-й гадзіне ў царкве “Благодать”, што на вуліцы Гурскага ў Менску, адбудзецца агульнагарадзкая малітва вернікаў. Яны будуць маліцца за тое, каб улады перасталі арыштоўваць сьвятароў і забараняць рэлігійныя сходы.

• КДБ затрымала пастара Яраслава Лукасіка, 27.05.2007 • Узмацняецца ціск на сьвятароў і вернікаў, 18.05.2007 • Пастара Антося Бакуна аштрафавалі, 28.05.2007 • Белорусские власти высылают евангельского христианина, “Новая жизнь”, 17.05.2007

Менск, 30.05.2007. Польскі пастар Яраслаў Лукасік высланы зь Беларусі. Яраслаў Лукасік пражыў у Беларусі больш за 14 гадоў Яраслаў Лукасік пражыў у Беларусі больш за 14 гадоў

Менск, 30.05.2007. Польскі пастар Яраслаў Лукасік высланы зь Беларусі. Жонка і дзеці пастара патрабуюць каб іх сям’ю не разьбівалі Жонка і дзеці пастара патрабуюць каб іх сям’ю не разьбівалі

Менск, 30.05.2007. Польскі пастар Яраслаў Лукасік высланы зь Беларусі. Зь імі салідарныя і сябры-вернікі Зь імі салідарныя і сябры-вернікі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG