Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Анатоль Сыс: “Ні грошай, ні славы - я волі хачу” (фотарэпартаж з прэзэнтацыі зборніка "Лён")


Іна Студзінская, Менск Сёньня ў філіі літаратурнага музэя Максіма Багдановіча, у “Беларускай хатцы”, адбылася прэзэнтацыя кнігі памерлага ў 2005 годзе паэта Анатоля Сыса “Лён”. Зборнік выйшаў у выдавецтве “Кнігазбор” накладам у 1500 асобнікаў дзякуючы сябрам паэта.

Некаторыя вершы Анатоля Сыса добра вядомыя беларускім мэляманам, асабліва па песьнях Касі Камоцкай «Мая белая лебедзь», «Залатыя краты», «Ластаўка».

«Часу тры сьняжынкі маю...» - так прароцкі-трагічна выдыхнуў паэт Сыс у апошнім вершы за некалькі дзён да сьмерці, у траўні 2005 года. Пры жыцьці Анатоль Сыс выдаў тры кнігі вершаў - “Агмень” (1988), “Пан Лес” (1989) і “Сыс” (2003). І вось праз паўтара году пасьля сьмерці – «Лён». Зборнік зьмяшчае ня толькі вершы лідэра “Тутэйшых”, але й яго публіцыстыку і інтэрвію з паэтам.

Улюбёныя вобразы Анатоля Сыса – сэрца («Мне на сэрцы золатам вышывалі краты...»), і агонь, агмень. Распавядае сястра Анатоля Валянціна.

Валянціна Сыс: «Анатоль нарадзіўся ў агні. Маці была цяжарная ім, на сёмым месяцы. А ў вёсцы здарыўся пажар, і маці была ў той хаце. А яшчэ там было васьмёра дзяцей. Калі запальвалі лямпу, маці трымала каністру з газай, і яна разарвалася. Усё загарэлася. Маці ўхваціла чужое немаўлятка, выскачыла з гэтай хаты... І ўжо па дарозе пачала нараджаць Анатоля. Так нарадзіўся Анатоль наш – у агні».

Кнігу "Лён" можна набыць у менскіх кнігарнях.











Мала хто ведае, што заўважыла нікому не вядомага карэспандэнта Веткаўскай раёнкі «Перамога Кастрычніка» Анатоля Сыса народная артыстка Беларусі, тагачасны дыктар Беларускага тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка. Дзяржтэлерадыё абвесьціла конкурс дыктараў, і мастацкія кіраўнікі езьдзілі па рэгіёнах і шукалі таленавітую моладзь. Распавядае Зінаіда Бандарэнка.

Бандарэнка: «У Гомлі ў невялікую студыю ўвайшоў Анатоль, высокі, хударлявы, усклакочаны, такі непадабны да іншых. А па ўмовах конкурсу трэба было абавязкова прачытаць інфармацыйны кавалачак тэксту з газэты «Гомельская праўда». Анатоль кажа: «І што, я буду павінен гэта чытаць, калі буду дыктарам? А можна, я пачытаю вам свае вершы?» Ён так натхнёна чытаў, што мы не маглі адарвацца і пакінуць такі талент у Гомелі».













Паэт і бард Эдуард Акулін вучыўся разам з Анатолем у Гомельскім унівэрсытэце. Калі Сыс пераехаў у Менск, Эдуард працаваў дырэктарам філіі музэю Багдановіча, той самай «Беларускай хаткі», дзе адбывалася прэзэнтацыя кнігі. Распавядае Эдуард Акулін.

Акулін: «Аднойчы мы прыехалі сюды, у «Беларускую хатку». Анатоль ня надта добра выспаўся і кажа: «Ты мне дазволь крышачку паспаць на ложку Максіма». А кажу: «Анатоль, ты што, гэта ж мэмарыяльны ложак!» А ён ў адказ: «А калі хто прыйдзе, ты скажы, што гэта сьпіць Максімаў брат...»

















Узгадвае Зінаіда Бандарэнка:

Бандарэнка: «Я ўчора гартала кніжку Анатоля Сыса і знайшла такі радочак: «Ніхто не мае права біць паэта...». Гэта пра яго. Жыцьцё яго не шкадавала. А можа, таму мы і маем такія цудоўныя вершы Анатоля Сыса».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG