Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто тысяч каля Дому ўраду


Плошча Леніна, 4 красавіка 1991 г.
Плошча Леніна, 4 красавіка 1991 г.
"Людзі добрыя! Мы даволі цярпелі. Але цярпець пасьля 2 красавіка больш нельга. Заўтра нам ня будзе чым карміць дзяцей. Вярхоўныя Саветы СССР і БССР, прэзыдэнт і кабінэт Паўлава -- марыянэткі кампартыі..."

Так пачынаўся зварот, за які ўзьняліся тысячы рук на плошчы Леніна. У двух кроках ад Дому ўраду.

Не ў пераносным сэнсе, а -- літаральна ў "двух кроках".

Пазьней журналісты са зьдзіўленьнем напішуць, што за ўсе красавіцкія дні 91-га сто тысяч чалавек, якія прыходзілі да Дому ўраду, не пабілі ніводнай шыбы.

За ўсе красавіцкія дні 91-га сто тысяч чалавек, якія прыходзілі да Дому ўраду, не пабілі ніводнай шыбы.
Праз два тыдні пасьля таго, як беларусы на рэфэрэндуме сказалі "так" "абноўленаму Саюзу", саюзны Кабінэт міністраў абнавіў цэны. 2 красавіка прадукты і тавары падаражэлі ў паўтара-два разы. 3-га красавіка рабочыя Электратэхнічнага заводу спынілі працу і перакрылі трамвайныя шляхі на вуліцы Даўгабродзкай; да іх далучыліся рабочыя заводу аўтаматычных лініяў, шасьцёрняў і трактарнага. Быў створаны менскі страйкавы камітэт, і ўжо 4 красавіка колькасьць прадпрыемстваў, дзе былі створаныя страйкамы, налічвала дзясяткі.
Плошча Леніна. 4 красавіка 1991 г. Фота С. Грыца


З розных канцоў Менску да Дому ўраду рушылі калёны рабочых МАЗу, трактарнага, маторнага заводаў ды іншых прадпрыемстваў.

Плошча Леніна. 4 красавіка 1991 г. Фота С. Грыца.
Тысячы рабочых прыйшлі на плошчу і падышлі да самых дзьвярэй Дому ўраду. Лідэры страйкаму ўзьняліся на трыбуну, якая была часткай помніка Леніну. Ніколі ў пасьляваенны час на гэтай трыбуне ніхто не стаяў (у часе парадаў і дэманстрацыяў для кіраўнікоў БССР будавалі часовую, драўляную). "З гранітнай урадавай трыбуны разам з членамі стачкамаў, створаных напярэдадні, іншымі рабочымі, пэнсіянэрамі выступілі народныя дэпутаты БССР Я.Новікаў, С.Антончык, старшыня выканкаму Канфэдэрацыі працы Беларусі М.Собаль, намесьнік старшыні Сойму БНФ Ю.Хадыка," -- толькі некалькі радкоў пасьпеў уставіць карэспандэнт «ЛіМу» ва ўжо падпісаны заўтрашні нумар.

На патрабаваньне рабочых у Дом ураду для асьвятленьня перамоваў страйкаму з урадам пусьцілі журналістаў незалежных выданьняў.

"Чаму Вы ня выйшлі на пляц да народа?" -- запытаўся карэспандэнт у старшыні ВС Дземянцея.

"Ёсьць парадак звароту ў Вярхоўны Савет. Мне, як дзяржаўнаму дзеячу, паложана ахова, і калі са мной нешта здарыцца, тыя, хто мяне ахоўваюць, пойдуць у турму, а ў іх сем'і".

Акрамя эканамічных (падвышэньне заробкаў), рабочыя вылучылі і палітычныя патрабаваньні. А менавіта -- вывад КПСС з прадпрыемстваў, дэпартызацыя ўсіх дзяржаўных структураў, адстаўка Прэзыдэнта СССР Гарбачова і саюзнага ўраду, роспуск Зьезда народных дэпутатаў СССР, Вярхоўных Саветаў СССР і БССР, новыя выбары ў Вярхоўны Савет БССР на шматпартыйнай аснове.

Менавіта на гэтым настойвалі і мы, актывісты БНФ.

Ацэнкі паводзінаў Мясьніковіча ў першыя дні страйкаў розьняцца
Патрабаваньні рабочых былі перададзеныя намесьніку старшыні Савету міністраў Міхаілу Мясьніковічу. Увогуле, Мясьніковіч быў самым маладым з кіраўнікоў ураду і, як падавалася, успрымальным да прагрэсіўных прапановаў. Калі мне трэба было здабыць нешта для выбаршчыкаў маёй акругі (звычайна гэты былі дэфіцытныя каналізацыйныя трубы), я ішоў да Мясьніковіча. Не баяўся ён і палітычных дыскусіяў. За паўгады да страйку, калі я запрасіў Мясьніковіча паўдзельнічаць разам з дэпутатамі БНФ у тэлеперадачы -- ён нечакана пагадзіўся. Ацэнкі паводзінаў Мясьніковіча ў першыя дні страйкаў розьняцца -- некаторыя сьведчаць, што Мясьніковіч быў разгублены, і ў якасьці прыкладу прыводзяць словы пры адмове весьці перамовы -- "Я ня ведаю, з кім мне дамаўляцца, я атрымаў розныя патрабаваньні ад розных людзей" (у першыя дні рабочыя яшчэ не былі добра арганізаваныя). Але гэта хутчэй сьведчыць пра здольнасьць добра арыентавацца ў сытуацыі -- здольнасьць, якую Мясьніковіч потым не аднойчы прадэманструе на працягу сваёй палітычнай біяграфіі.

Што да арганізаванасьці, дык гэта было праблемай толькі першых двух дзён.

"Зьдзіўляе ня тое, што страйкі адбыліся стыхійна, але тое, як хутка яны перасталі быць такімі, -- пісаў аглядальнік "Навінаў БНФ" Юры Дракахруст. -- Менскія рабочыя выявілі здольнасьць да хуткае самаарганізацыі. Прадстаўнікоў у гарадзкі страйкам абіралі на сходах ці канфэрэнцыях заводаў. Усе заводы, якія падтрымалі забастоўку, былі прадстаўленыя ў страйкаме, таму й давер да яго ў рабочых быў поўны".

Сустаршынямі Менскага гарадзкога страйкавага камітэту былі абраныя Сяргей Антончык, Генадзь Быкаў і Георг Мухін. Усе трое -- актывісты БНФ: Антончык -- дэпутат парлямэнцкай Апазыцыі БНФ і член Сойму, Быкаў -- член Рады БНФ Партызанскага раёну, Мухін -- член Сойму і Ўправы БНФ. Сустаршынём страйкаму 4-га рудаўпраўленьня быў абраны член Салігорскай Рады БНФ Іван Юргевіч.

Нават калі б страйк пратрымаўся толькі два дні -- нават тады ён быў бы магутным ударам па КПСС
Гэтая датычнасьць лідэраў новаўтворанага рабочага руху да БНФ стала галоўнай тэмай прапагандысцкай хвалі, якая адразу, у першыя ж дні страйку, абрынулася на жыхароў Беларусі. Цэны імгненна "адкруцілі назад", але рабочыя не здымалі палітычных патрабаваньняў: адстаўка прэзыдэнта СССР і з'езду народных дэпутатаў БССР, новыя выбары ВС БССР на шматпартыйнай аснове. Прапагандысцкая машына адразу падзяліла эканамічныя ("справядлівыя") патрабаваньні і палітычныя ("інсьпіраваныя дэструктыўнымі сіламі і безадказнымі палітыкамі"). Дакладней, саміх лідэраў спачатку не чапалі -- усё ж рабочыя, і сустрашынямі абраныя рабочымі. У якасьці дэструктыўнай сілы быў названы, натуральна, БНФ, а "безадказнымі палітыкамі" -- мы, дэпутаты парлямэнцкай апазыцыі.

Камуністычнае кіраўніцтва ні ў якім разе не жадала дапусьціць, каб стваралася ўражаньне, што пралетарыят выступіў супраць кампартыі.

Плошча Леніна. 4 красавіка 1991 г.

Але факт заставаўся фактам: рабочыя ўжылі моцныя вызначэньні на адрас КПСС, заявіўшы, што "гэтая партыя прывяла нас да эканамічнага краху".

Нават калі б страйк пратрымаўся толькі два дні -- нават тады ён быў бы магутным ударам па КПСС і па тэорыі "непарушнай еднасьці камуністаў і рабочага класу".

"Перадавы кляс"


"Руки рабочих,
Вы даёте движенье планете.
Руки рабочих, мы о вас эту песню поём.
Руки рабочих создают все богатства на свете,
Землю родную прославляя трудом!"

Гэтая песьня лілася з рэпрадуктараў у савецкія часы ці не штодня і ўляпілася ў памяць, ня чуў яе больш за дваццаць гадоў, але вось цытую... Зьмест пярэчаньняў не выклікаў. Ну канечне, хто яшчэ стварае багацьці, як не рабочыя? Можна было, канечне, прыгадаць і "калгаснае сялянства", але яно стварала прадукты, а прадукты зьядаліся.

Іншае было незразумела -- чаму, паводле такой абавязковай у ВНУ дысцыпліны, як навуковы камунізм, рабочы кляс лічыўся самым перадавым і самым прагрэсіўным клясам? Адным з клясычных тлумачэньняў было -- таму, што, як казаў Маркс, "ім няма чаго губляць, акрамя сваіх ланцугоў".

Мне, наадварот, здавалася, што самым прагрэсіўным клясам -- у сэнсе, генэратарам новых, рэвалюцыйных ідэяў, ёсьць студэнцтва. Савецкія рабочыя збольшага мелі такую-сякую маёмасьць, былі забясьпечаныя такім-сякім жытлом, атрымлівалі больш за інжынэра, лекара ці настаўніка, а вось студэнту зь яго койка-месцам у інтэрнаце пры 40 рублях стыпэндыі сапраўды няма чаго было губляць. Так што тут марксісцка-ленінская тэорыя давала збой.

КПСС праз рэзыдэнтаў КДБ фінансавала заходнія кампартыі, падбухторвала рабочых да страйкаў і стварала галаўны боль кіраўнікам дэмакратычных краінаў
І яшчэ ніколі ня мог зразумець -- чаму Камуністычная партыя называлася "партыяй рабочага клясу"? У пачатку стагодзьдзя, скарыстаўшы люмпэнізаваныя, бяднейшыя слаі грамадзтва, бальшавікі крывавым шляхам зьмянілі дзяржаўны лад; у савецкі час КПСС праз рэзыдэнтаў КДБ фінансавала заходнія кампартыі, падбухторвала рабочых да страйкаў і стварала галаўны боль кіраўнікам дэмакратычных краінаў. У СССР партыйная намэнклятура (натуральна, камуністычная, іншых партыяў не было) жыла значна лепш за рабочы кляс. І калі сыну партыйнага чыноўніка рыхтавалася нейкая кар'ера, ён ішоў на паўгады-год працаваць рабочым на завод -- такі радок у біяграфіі здымаў усе магчымыя папрокі пры паступленьні ў самы прэстыжны ВНУ Саюза, якім у той час быў маскоўскі МГІМО (дзе вучылі на дыпляматаў). У астатніх выпадках, хаця гэта і не агалошвалася, праца на заводзе лічылася ў сем'ях савецкага чынавенства вялікай няўдачай.

Партыйны апарат паказаў, чаго вартае ў яго вачах меркаваньне рабочых, хай нават і самых буйных заводаў
Але і сярод рабочых камуністычную намэнклятуру не любілі. На гэтым і паспрабаваў згуляць партапарат, калі ў 1989 годзе, пасьля перамогі над плянам будаўніцтва Віцебскай АЭС, мяне вылучылі ў народныя дэпутаты СССР. Вылучэньне адбылося на некалькіх буйных віцебскіх прадпрыемствах і было для мяне абсалютна нечаканым. Затое гаркам партыі з’арыентаваўся імгненна і запусьціў на заводы агітатаратаў, якія ў якасьці кампрамату выдавалі, што вылучэнец -- сын партыйнага работніка (у красавіку 1991-га супрацоўнікі ЦК КПБ і Менскага ГК, каб спыніць страйк, пойдуць пераконваць рабочых, што яны таксама супраць манаполіі КПСС -- чаго толькі не нагаворыш, каб захаваць сябе пры ўладзе). Але аргумэнт партыйных прапагандыстаў ня меў эфэкту, і тады намэнклятура ўзяла сваё на акруговым сходзе, які і вырашаў, каго з вылучэнцаў унесьці ў выбарчыя бюлетэні. З трох сотняў удзельнікаў сходу -- членаў парткамаў і прафкамаў – за мяне прагаласавалі пару дзясяткаў чалавек, і ў выбарчыя бюлетэні я не патрапіў. Партыйны апарат паказаў, чаго вартае ў яго вачах меркаваньне рабочых, хай нават і самых буйных заводаў.

Асноўныя лёзунгі, зь якімі выступаў БНФ -- падтрымліваліся рабочымі
Праз год, на выбарах у Вярхоўны Савет БССР, калі ўжо не было акруговых сходаў, мне давялося шмат выступаць у цэхах віцебскіх станкабудаўнічых заводаў імя "Камінтэрну" і Кірава, у лякаматыўным дэпо, на іншых прадпрыемствах -- і асноўныя лёзунгі, зь якімі выступаў БНФ (дэкамунізацыя, дэпартызацыя, эканамічная самастойнасьць Беларусі, праўда пра Чарнобыль) -- падтрымліваліся рабочымі.

У выніку, у Віцебску выбаршчыкі "пралетарскага" Чыгуначнага раёну прагаласавалі за журналіста.

Але, канечне, самым прыкметным выразьнікам інтарэсаў рабочага люду ў Вярхоўным Савеце быў Сяргей Антончык.

Сяргей Антончык


1990 год. З мэгафонам — Сяргей Антончык
За два дні да пачатку страйку Сяргей Антончык адзначыў свае 35-я ўгодкі. Сын рэпрэсаванага (бацька Сяргея быў арыштаваны ў пачатку 30-ых і правёў у ГУЛАГу 17 гадоў), ён вызначаўся ўраўнаважанасьцю і вытрымкай. Ён ня шмат выступаў на сэсіях ад мікрафонаў ці з трыбуны, але калі выступаў, дык вельмі ёміста і вобразна. Сяргей рабіў шмат незаўважнай, чарнавой палітычнай працы. Антончык займаўся просьбамі грамадзян, якія няспынна, па некалькі зваротаў у дзень, ішлі да дэпутатаў Апазыцыі БНФ (у "камуністычных" дэпутатах выбаршчыкі расчараваліся), арганізоўваў нашыя сустрэчы на менскіх прадпрыемствах.

Падзеі красавіка 91-га паставілі Сяргея Антончыка ў эпіцэнтар палітычнага канфлікту
Увесну 1990-га, перад пачаткам першай сэсіі, мы зь ім паехалі па "сакрэтных" аб'ектах пад Менскам -- не, не па сховішчах ядзернай зброі, а па дачах высокай намэнклятуры. З намі быў і Юры Хашчавацкі. Мае карэспандэнцкія навыкі не спатрэбіліся -- Сяргей выдатна правёў тое, што завецца "журналісцкім расьследаваньнем", і Хашчавацкі зьняў цікавы фільм. У першыя месяцы працы Вярхоўнага Савету Сяргей ушчыльную займаўся тэмай прывіляеў намэнклятуры; у камуністычнага чынавенства ягонае імя папросту выклікала страх.

Падзеі красавіка 91-га паставілі Сяргея Антончыка ў эпіцэнтар палітычнага канфлікту, пад ціск такой неверагоднай сілы, які з нас, дэпутатаў Апазыцыі, зьведаў да яго, напэўна, толькі Пазьняк.

Сяргей Антончык у Вярхоўным Савеце. 1991 год
Менавіта Сяргею давялося весьці перамовы страйкаму з кіраўніцтвам Вярхоўнага Савету і ўраду; на некаторых я прысутнічаў. Штодня супрацьстаяньне паміж страйкамам і ўладамі нарастала, і ўзьнікалі сумненьні -- ці хопіць у Сяргея моцы вытрымаць? Але вельмі хутка няпэўнасьць зьнікла: сын рэпрэсаванага, Антончык выявіў і сілу характару, і палітычную інтуіцыю. І -- што было асабліва важным -- нацыянальную сьвядомасьць; пазьней ад старых эмігрантаў я чуў вызначэньне "моцны беларус", якое ўвасабляла адданасьць нацыянальнай ідэі (частка якой -- незалежнасьць ад Масквы). Дык вось, у красавіцкія дні 91-га Сяргей Антончык паказаў сябе якраз такім моцным беларусам, не паддаўшыся спакусе "ісьці за людзтвам" у танным папулізьме (што ў 1994 годзе зрабілі "маладыя ваўкі").

Вытрымалі ціск і іншыя фронтаўцы-лідэры рабочага руху -- не пішу пра іх так падрабязна толькі таму, што так блізка, як Сяргея, іх ня ведаў.

4-га красавіка рабочыя далі ўраду тыдзень на вывучэньне сваіх патрабаваньняў.

5 красавіка пра падзеі каля Дому ўраду напісалі вядучыя ўсясьветныя выданьні; многія былі зьдзіўленыя страйкам у "самай рахманай рэспубліцы", але ў наступныя дні падзеі разьвіваліся яшчэ больш дынамічна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG