Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За непаўналетнюю ўдзельніцу акцыі салідарнасьці пакаралі міліцыянта. Чакаецца суд


Ганна Шкадун (другая зьлева) удзельнічае ў акцыі салідарнасьці
Ганна Шкадун (другая зьлева) удзельнічае ў акцыі салідарнасьці
Магілёўская пракуратура вынесла прадпісаньне начальніку Ленінскага аддзелу міліцыі, каб ён дысцыплінарна пакараў свайго падначаленага Ўладзімера Радзевіча. Ён складаў пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня на непаўналетнюю ўдзельніцу акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі Ганну Шкадун. У пракуратуру паскардзілася маці дзяўчыны — Натальля.

У адказе з пракуратуры гаворыцца, што выкладзеныя ў скарзе факты часткова пацьвердзіліся. Участковы Радзевіч парушыў адміністрацыйнае заканадаўства.

"Што канкрэтна парушыў міліцыянт, тлумачэньняў няма, але тое, што факт парушэньняў прызнаецца, гэта няблага. Скарга мая тычылася менавіта парушэньня адміністрацыйнага заканадаўства, а канкрэтна — складаньня пратаколу на маю дачку Ганну. Пратакол складаўся задняй датай", зазначае Натальля Шкадун.

Пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня, які склаў Радзевіч, даў падставы для разгляду справы супраць Ганны Шкадун на камісіі ў справах непаўналетніх. 24 сакавіка камісія прыняла рашэньне спыніць разгляд, бо двухмесячны тэрмін, вызначаны заканадаўствам для такіх спраў, выйшаў.

Натальля Шкадун: "На камісіі сказалі, што калі б тэрмін ня выйшаў, маю дачку паставілі б на ўлік. Мяне ў любым выпадку не задавальняе тое, што адбываецца вакол Ганны, і я падала ў суд. Адміністрацыйная камісія не павінна была прымаць такія дакумэнты. Шмат у іх выпраўленьняў. Ёсьць месцы, дзе словы замазаныя карэктарам і зробленыя праўкі ад рукі. Шмат дакумэнтаў рознага зьместу дзіўным чынам датаваныя адной датай і адным нумарам. Разыходжаньні ў копіі і арыгінале пратаколу. Яны дужа, відаць, сьпяшаліся ўсё зрабіць да 16 сакавіка — гэта быў апошні дзень для разгляду справы. Яны ня думалі, што я буду дэталёва дакумэнты праглядаць. Разьлік быў, што спалохаемся самога факту, што нас выклікаюць на камісію".

Паводле Натальлі Шкадун, Ленінскі суд Магілёва ўжо прыняў да разгляду яе пазоў на камісію ў справах непаўналетніх. Калі адбудзецца суд, ёй паведамяць дадаткова.

У акцыі салідарнасьці 16 студзеня ўдзельнічалі дзевяць чалавек. Двое зь іх, фронтаўцы Сяргей Нягацін і Валянцін Лабачоў, пабывалі пад адміністрацыйным арыштам. Беспартыйнага студэнта ўнівэрсытэту імя Куляшова Максіма Анцыповіча пакаралі штрафам у 525 тысяч рублёў. Натальлі Шкадун вынесьлі папярэджаньне. У бабруйскай турме знаходзіцца яшчэ адзін удзельнік акцыі — Яўген Васьковіч. Яму інкрымінуецца злоснае хуліганства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG