Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыя БНФ патрабуе ад Генпракуратуры прызнаць «Начных ваўкоў» экстрэмісцкай арганізацыяй


«Начныя ваўкі» ў Берасьці. 1 траўня
«Начныя ваўкі» ў Берасьці. 1 траўня

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 3 мая накіраваў у Генэральную пракуратуру заяву з патрабаваньнем прызнаць расейскі байкерскі клюб «Начныя ваўкі» экстрэмісцкай арганізацыяй.

Падставай для заявы, паведамляе прэс-служба партыі, сталі нядаўнія выказваньні лідэра маскоўскіх «Начных ваўкоў» Аляксандра Залдастанава, які 30 красавіка знаходзіўся ў Беларусі. Ён заявіў, што «Беларусь — гэта Расея».

Янукевіч просіць генэральнага пракурора ў мэтах выкананьня закону «Аб процідзеяньні экстрэмізму» зьвярнуцца ў Вярхоўны суд з заявай аб прызнаньні «Начных ваўкоў» экстрэмісцкай арганізацыяй і забараніць іх дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі.

«Нахабная заява Залдастанава відавочна скіравана на непрызнаньне Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы і мае на мэце падрыў тэрытарыяльнай цэласнасьці нашай дзяржавы, — лічыць Янукевіч. — Заканадаўства пра барацьбу з экстрэмізмам, якое акурат нядаўна было значна ўдасканалена, мае на мэце барацьбу менавіта з падобнымі пагрозамі і заклікамі. У нашых дзяржаўных структураў цяпер ёсьць выдатная магчымасцьь прадэманстраваць, што новыя заканадаўчыя нормы пра супрацьдзеяньне экстрэмізму насамрэч будуць выкарыстоўвацца ў адпаведнасьці з задэкляраванымі мэтамі абароны нацыянальнай бясьпекі і тэрытарыяльнай цэласнасьці Беларусі. Мы зьвяртаем увагу пракуратуры ня толькі на сам зьмест заявы, але і на тое, што яна была зроблена кіраўніком арганізацыі, якая актыўна і дзейсна падтрымлівала сэпаратызм ва Ўкраіне, а цяпер стварыла некалькі аддзяленьняў у Беларусі (ёсьць як зарэгістраваныя арганізацыі, так і незарэгістраваныя філіялы)».

Янукевіч таксама падкрэсьліў, што заявы Залдастанава «могуць быць сьведчаннем стварэньня ідэалягічнага падмурку для падрыхтоўкі гібрыднай вайны супраць Беларусі».

Нагадаем, матацыклісты клюба «Начныя ваўкі» зьдзяйсьняюць мотапрабег «Дарогі Перамогі — на Бэрлін». У мінулыя выхадныя некалькі зь іх не змаглі перасячы беларуска-польскую мяжу. Як заявіў на брыфінгу прэс-сакратар мясцовага аддзяленьня памежаховы ў Цярэспалі Дарыюш Сяніцкі, было адмоўлена ва ўезьдзе сямі матацыклістам. «Прычына адмовы — пагроза для грамадзкага парадку і бясьпекі дзяржавы», — паведаміў прэс-сакратар. Аднак частка ўдзельнікаў мотапрабегу трапілі ў Эўропу, нягледзячы на забарону Польшчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG