Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Толькі робат можа размаўляць па-беларуску ў цягніках


Прыпынкі і інфармацыю для пасажыраў у беларускіх электрычках аўтаматычны інфарматар умее абвяшчаць па-беларуску. А машыністы ня ўмеюць?

Беларуская мова выкарыстоўваецца ў рэгіянальных лініях эканом-клясу і вакзалах толькі пры наяўнасьці аўтаматычнага інфарматара, а для беларусаў выбар мовы — справа сацыяльна значная і палітычна арыентаваная, вынікае з адказу Беларускай чыгункі актывісту Ігару Случаку.

Ініцыятар кампаніі «Справаводзтва па-беларуску» сказаў Свабодзе, што хацеў праверыць факт, пра які паведамляла лякаматыўнае дэпо станцыі Лунінец — нібыта памочнікі машыніста абвяшчаюць станцыі і дадатковую інфармацыю на беларускай мове, згодна з новым распараджэньнем Беларускай чыгункі.

«Як чалавеку, які даўно займаецца справаводзтвам па-беларуску, мне гэта падалося вельмі ўжо аптымістычным, — кажа Случак. — Сам часта карыстаюся такімі цягнікамі, і за ўвесь час толькі разы два, мо паўтара месяца таму, машыніст абвяшчаў прыпынкі па-беларуску».

Случак напісаў прапанову ў галоўнае дэпо беларускай чыгункі — выпусьціць адмысловы загад пра тое, каб інфармацыя да пасажыраў у цягніках даводзілася ня толькі па-расейску, але і па-беларуску, як тое робіцца на вакзалах:

«Зь беларускай чыгункай у мяне была даволі доўгая перапіска пра беларусізацыю сайта. Яны яго беларусізавалі, пасьля доўга трэба было беларусізаваць пошукавую сыстэму, бо немагчыма было беларускай кірыліцай набіраць маршрут. Таму вырашыў працягваць».

Адказ пра недакладнасьць інфармацыі не зьдзівіў Случака, але зьдзівілі дэталі — па-беларуску будуць абвяшчаць станцыі толькі аўтаматычныя інфарматары, але ня людзі.

Ігар Случак
Ігар Случак

«І сапраўды такое зьявілася, — пацьвярджае Случак. — Літаральна ўчора ехаў на цягніку Гомель — Калінкавічы, там аўтаматызаваная сыстэма даводзіла ўсю інфармацыю па-беларуску. Але, відаць, нядаўна ўсё гэта было начытана, бо дыктар... ня вельмі часта карыстаецца беларускай мовай, нейкія доўгія выразы ён чытаў, нібы яго там катавалі. Але я, канечне, вельмі ўсьцешаны, што зьявілася і такое. Раней наагул не было на рэгіянальных лініях эканом-клясу беларускай мовы.

Але сытуацыя трошкі дыскрымінацыйная — у нас дзьве дзяржаўныя мовы, і гэта ненармальна, калі адна дзяржаўная мова можа выкарыстоўвацца толькі робатамі».

Случак адзначае, што раўнапраўе дзяржаўных моваў замацаванае Канстытуцыяй, але закона ці правіла, якое абавязвала б выкарыстоўваць беларускую роўна з расейскай, няма: у законе «Аб мовах» напісана, што або на адной, або на другой.

«Заканадаўства сапраўды недапрацаванае, — разважае актывіст. — Яшчэ ў 2003 годзе Канстытуцыйны суд прызнаў, што трэба пашыраць сапраўднае дзьвюхмоўе. Але дагэтуль пытаньне не ўрэгуляванае. Толькі нядаўна ў адным законе былі прапісаныя больш-менш правы беларускамоўных і расейскамоўных людзей. У законе аб зваротах цяпер напісана, што адказ на пісьмовы зварот даецца на мове звароту, канкрэтна прапісаны абавязак і рычагі ўплыву, калі абавязак не выконваецца. У іншых выпадках галоўны закон краіны не працуе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG