Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці змогуць ўлады забясьпечыць правядзеньне свабодных выбараў?


У перадачы «Трайны ўдар» гэтую тэму абмяркоўваюць Алег Грузьдзіловіч, Валер Карбалевіч і Сяргей Навумчык.

Карбалевіч: У сераду 27 красавіка Лукашэнка правёў нараду па пытаньні парлямэнцкіх выбараў. Яны пройдуць 11 верасьня. На нарадзе было вырашана, што зьмены ў выбарчае заканадаўства ўносіцца ня будуць. Але адбудуцца зьмены ў правапрымяняльнай практыцы паводле рэкамэндацый БДІПЧ АБСЭ. І гэтыя зьмены будуць унесены пастановай Цэнтрвыбаркаму.

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына анансавала тры перамены. Па-першае, павышэньне празрыстасьці працэсу фарміраваньня выбарчых камісій. Дасюль іх фарміраваньне ў большасьці выканкамах адбывалася таемна. На паседжаньне не дапускалі прадстаўнікоў апазыцыі ці назіральнікаў. Цяпер плянуецца, што гэта працэдура будзе адбывацца публічна, галосна і нават дыскусійна.

На мой погляд, перамена нязначная. Як вядома, паседжаньні Цэнтрвыбаркаму таксама праходзяць публічна, там нават прысутнічаюць прадстаўнікі апазыцыйных партый з правам дарадчага голасу. Але што гэта мяняе? Неяк уплываць на рашэньні выканкамаў апанэнту рэжыму ўсё роўна ня змогуць. Другі момант. Усе рашэньні, якія выносяць выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, будуць публікаваць у Інтэрнэце. Тут увогуле нічога. Рашэньні і дасюль практычна не хаваліся. А вось трэцяя перамена амаль рэвалюцыйная. Паводле Ярмошынай, ўвесь падлік бюлетэняў будзе праводзіцца на адным баку стала. Назіральнікі будуць мець поўную магчымасьць бачыць працэс падліку галасоў. Гэта тое, чаго ўвесь час дамагалася і апазыцыя і незалежныя назіральнікі.

Дасюль, назіральнікі, нават калі іх і дапускалі да стала, мала што маглі бачыць. Бо кожны чалец камісіі моўчкі лічыў свой стос бюлетэняў і потым моўчкі перадаваў паперку з вынікамі старшыні камісіі, які зьбіраў ўсе паперкі ішоў у асобны пакой і пасьля даводзіў афіцыйныя лічбы.

Калі б у пастанове ЦВК было сказана, што падлік вядзе адзін сябра камісіі і робіць гэта галосна, кожны бюлетэнь паказвае і называе прозьвішча кандыдата, за якога прагаласавалі, то была б іншая справа

Цяпер плянуецца, што падлік будзе адбывацца на адным баку стала. Але фармулёўка вельмі размытая. Калі б у пастанове ЦВК было сказана, што падлік вядзе адзін сябра камісіі і робіць гэта галосна, кожны бюлетэнь паказвае і называе прозьвішча кандыдата, за якога прагаласавалі, то была б іншая справа. Менавіта гэтага дамагаліся праваабаронцы. А так і на адны баку стала можна паставіць пяць чальцоў, якія будуць па-ранейшаму моўчкі лічыць.

Таксама назіральнікам будзе прадстаўляцца інфармацыя, пра колькасьць выбаршчыкаў, пра колькасьць прагаласаваўшых выбаршчыкаў. Таму што дасюль многія камісіі хавалі гэтую інфармацыю. Калі будзе сапраўды так, як кажа Ярмошына, то гэта рэальны зрух у беларускім выбарчым працэсе.

Грузьдзіловіч: Тут я б паспрачаўся — некалькі разоў мне даводзілася як журналісту назіраць за выбарамі, і, калісьці, і як актывісту назіраць

Я скажу, што застаецца галоўны мэханізм фальсыфікацыі выбараў — датэрміновае галасаваньне, розныя маніпуляцыі з галасамі.

за падлікам галасоў. Я скажу, што застаецца галоўны мэханізм фальсыфікацыі выбараў — датэрміновае галасаваньне, розныя маніпуляцыі з галасамі. Таксама — няроўнае стаўленьне да кандыдатаў падчас выбараў, немагчымасьць у роўнай ступені агітаваць за сябе. А тое, што гэтыя маніпуляцыі вакол стала крыху паляпшаюцца, дык я б не лічыў гэта за істотнае. Сам бачыў, як ідзе падлік галасоў. Не дапускаюць вельмі блізка да гэтага стала. Фактычна застаецца таямніцай працэс датэрміновага галасаваньня, і ЦВК не пайшла нават на тое, каб дазволіць празрыстыя скрыні.

Апазыцыйным партыям, якія будуць удзельнічаць у восеньскай кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў, трэба вызначыцца ў сваім стаўленьні да пытаньня легітымнасьці альбо нелегітымнасьці гэтага органу

Навумчык: Спачатку — пра глябальны, так бы мовіць, аспэкт. Апазыцыйным партыям, якія будуць удзельнічаць у восеньскай кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў, трэба вызначыцца ў сваім стаўленьні да пытаньня легітымнасьці альбо нелегітымнасьці гэтага органу. А значыць, і рэфэрэндуму 1996 году, у выніку якога былі ўнесеныя зьмены ў Канстытуцыю і створаная Палата прадстаўнікоў. Нагадаю, што тады апазыцыя не прызнала рэфэрэндум легітымным і заклікала міжнародную супольнасьць не прызнаваць ягоных вынікаў. Часам прыводзяць у прыклад удзел БНФ у выбарах у Вярхоўны Савет 12-га скліканьня ў 1990 годзе, калі кампартыя мела татальны кантроль над выбарамі. Гэта некарэктнае параўнаньне: у 1990-м БНФ ніколі не заяўляла пра непрызнаньне Вярхоўнага Савета БССР як легітымнага органу ўлады.

Што да непасрэдна выбарчага працэсу, дык, наколькі мне вядома, асноўныя фальсыфікацыі адбываюцца ня толькі пры датэрміновым галасаваньні, пра што ўжо казаў Алег Грузьдзіловіч, але і пры афармленьні пратаколаў — як на участках, так (і асабліва) агульных пратаколаў на раённым і абласным ўзроўнях. Гэта ніяк не кантралюецца грамадзкасьцю і, выглядае, ня будзе кантралявацца.

І нарэшце — роўныя магчымасьці агітацыі ў СМІ. Як выбары — гэта ня толькі дзень галасаваньня, так і агітацыя — гэта ня толькі выступы кандыдатаў. Гэта, калі хочаце, агульная магчымасьць апазыцыі, нароўні з уладай,быць прадстаўленымі ў сродках масавай інфармацыі. А гэта залежыць ад сытуацыі ў СМІ, якія вось ужо больш як два дзесяцігодзьдзі дзейнічаюць ва ўмовах несвабоды.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG