Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Культавы ізраільскі пісьменьнік Этгар Керэт зноў выдадзены па-беларуску


На фота (зьлева направа) Сяргей Шупа, Этгар Керэт і Павал Касьцюкевіч
На фота (зьлева направа) Сяргей Шупа, Этгар Керэт і Павал Касьцюкевіч

У сталічнай Галерэі «Ў» адбылася прэзэнтацыя кнігі ізраільскага пісьменьніка Этгара Керэта «Сем добрых гадоў» у перакладзе на беларускую мову супрацоўніка Радыё Свабода Сяргея Шупы. Гэта ўжо другая кніга Керэта, што выйшла па-беларуску. Першай была кніга апавяданьняў Керэта «Кіроўца, які хацеў стаць Богам», яе перакладаў Павал Касьцюкевіч.

Этгар Керэт
Этгар Керэт

Этгар Керэт — папулярны ізраільскі пісьменьнік, які піша ў асноўным кароткія апавяданьні, дзе шмат іроніі, гумару. Спадар Керэт мае беларускія карані — ягоны бацька родам з Баранавічаў, а маці з Варшавы. Ягоныя творы перакладзеныя з іўрыту на больш як 20 моваў сьвету.

Імпрэзу адкрыла часовая павераная ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Юлія Рачынскі-Сьпівакоў, якая паведаміла, што 20 красавіка пачынаюцца Дні культуры Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь:

Часовая павераная ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Юлія Рачынскі-Сьпівакоў
Часовая павераная ў справах Дзяржавы Ізраіль у Рэспубліцы Беларусь Юлія Рачынскі-Сьпівакоў

«І сёньня вы маеце магчымасьць паразмаўляць з адным зь вялікіх сучасных пісьменьнікаў Ізраіля Этгарам Керэтам. Ужо другая ягоная кніга выходзіць па-беларуску. Для нас гэта вялікі гонар, і шчыры дзякуй выдавецтву „логвінаЎ“, якое праявіла інтарэс да нашага пісьменьніка, дзякуй перакладчыку, дзякуй арганізатарам гэтага візыту».

Правёў імпрэзу перакладчык першай кнігі Керэта на беларускую мову — «Кіроўца, які хацеў стаць Богам» Павал Касьцюкевіч. Ён патлумачыў, чаму новая кніга так называецца — «Сем добрых гадоў». А кніга гэта пра бацьку і пра сына, першая кніга жанру «нон-фікшн» у Керэта. Гэта ня выдуманыя апавяданьні, а проста гісторыі зь ягонага жыцьця, якія ахопліваюць сем гадоў — ад нараджэньня сына пісьменьніка да сьмерці бацькі.

Павал Касьцюкевіч.
Павал Касьцюкевіч.

Перакладчык другой кнігі Керэта, паліглёт Сяргей Шупа запытаўся ў аўтара, адкуль у яго літаратурны дар, чаму ён стаў пісьменьнікам. Этгар Керэт пажартаваў, што знаходзіцца ў даволі рэдкай сытуацыі — паміж дзьвюма перакладчыкамі сваіх твораў. Маўляў, «гэта ўсё роўна як знаходзіцца за сьвяточным сталом быць паміж жонкай і каханкай. А сьвет перакладчыкаў — гэта сьвет зайздросьнікаў. Я ня ведаю большых зайздросьнікаў, чым перакладчыкі... Але калі я бачу двух перакладчыкаў — Сяргея Шупу і Паўла Касьцюкевіча, я пачынаю верыць, што мір на Блізкім Усходзе магчымы». І сарваў аплядысмэнты залі.

Пісаць Керэт пачаў, калі служыў у войску. Узгадаў сьмешную гісторыю пра тое, як напісаў першае апавяданьне. Ён нёс вахту пад зямлёй па 48 гадзінаў, вакол толькі кампутары. А першым чытачом «опуса» стаў брат. Брат паказаў яму урок: «Апавяданьне — ня тое, што на паперы, што ў кампутары, але і тое, што можа быць у сьметніцы. І тады я адчуў, што хачу стаць пісьменьнікам.

Падчас трохгадовай службы ў войску я на нейкім этапе адчуў дэпрэсію і зразумеў, што пісьменьніцтва можа быць добрай зброяй для мяне. Што добра ў літаратуры — можна спаліць кніжку, спаганіць паперу, а апавяданьне застаецца ў сэрцы».

Ізраільскі пісьменьнік распавёў, што даўно хацеў прыехаць у Беларусь, але увесь час узьнікалі нейкія праблемы. Першы раз сустрэў Паўла Касьцюкевіча на Ляйпцыскім кніжным кірмашы, і той заманьваў яго ў Беларусь пагулянкамі, прыгожымі дзяўчатамі...

Першыя сутыкненьні зь літаратурай усё ж такі былі ў дзяцінстве Керэта, а ня ў войску, ня можа быць, каб літаратурны талент узьнік на пустым месцы, запярэчыў Сяргей Шупа.

Сяргей Шупа
Сяргей Шупа

«Звычайна, калі пачынаем размаўляць пра літаратурныя карані, адразу ўзгадваю Кафку. Вось і зь Сяргеем сустрэліся ў Празе, у родным горадзе Кафкі. Але, калі шчыра, самы вялікі ўплыў на маю літаратурную дзейнасьць аказалі аповеды, якія распавядалі бацькі перад сном... Маёй маме ў Варшаўскім гета, дзе не было кніжак, бацькі таксама распавядалі гісторыі, якія прыдумлялі самі. Маці паабяцала самой сабе, што калі ў яе будуць дзеці, яна будзе кожную ноч прыдумляць новае апавяданьне. Для мамы чытаць казкі ці гісторыі з кнігі было тым жа, што замаўляць піцу ці фаст фуд. Яна гэтага ня робіць. Маміны апавяданьні былі поўныя фантазіі, узьлётаў.

Этгар Керэт
Этгар Керэт

Але праблема ўзьнікала, калі мамы не было, распавядаць даводзілася тату. Тата распавядаў рэальныя, а ня выдуманыя гісторыі. Героі былі ліхія, але да іх заўсёды ўзьнікалі сымпатыі. Функцыя апавяданьня для мяне — гэта быць адвакатам, адвакатам чалавецтва», — патлумачыў Керэт.

І тут зноў ізраільскі пісьменьнік расьсьмяшыў людзей, распавёўшы, як бацька тлумачыў яму, што такое прастытутка — «гэта чалавек, які слухае пра твае беды». А алькаголік — «чалавек, які чым больш п’е, тым больш шчасьлівым сябе адчувае». А мафіёзі — «чалавек, які здымае арэндную плату за кватэры, якія яму не належаць». І ў 5 гадоў будучы пісьменьнік ніяк ня мог вызначыцца, кім ён хоча стаць — п’янай прастытуткай альбо п’яным мафіёзі.

Беларускія прыхільнікі творчасьці Керэта пераканаліся, што ён цудоўны апавядальнік зь вельмі тонкім пачуцьцём гумару — жартаўлівыя гісторыі ўвесь час перарываліся аплядысмэнтамі.

На пытаньне, ці вучыўся спадар Керэт дзе-небудзь літаратурнаму майстэрству, пісьменьнік адказаў, што пра сваю творчасьць яму цяжка адказваць словамі:

«Але калі я не магу нешта вызначыць словам, гэта я магу выказаць у маім апавяданьні. Бярэш нейкае нявызначанае пачуцьцё, якое віруе ў галаве, і спрабуеш растлумачыць звычайнымі словамі». А ва ўнівэрсытэце ён вывучаў матэматыку і філязофію.

Кожнаму наведніку прэзэнтацыі ізраільскі пісьменьнік падпісаў кнігу — аўтограф-сэсія доўжылася амаль столькі ж часу, колькі сустрэча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG