Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Івонка Сурвіла: На нашай зямлі адбыўся цуд


Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР
Івонка Сурвіла, старшыня Рады БНР

«Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды», — старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла зьвяртаецца да ўсіх беларусаў з нагоды Дня Волі.

«Дарагія суродзічы,

98 гадоў таму — ранічкай 25 сакавіка 1918-га — на нашай зямлі адбыўся цуд: паняволены, зьняможаны вайной беларускі народ заявіў, што „ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца незалежнай вольнай дзяржавай“.

Сёньня Беларусь жыве!

Жыве, дзякуючы рашучасьці нашых продкаў у 1918-м годзе, але таксама дзякуючы жыцьцяздольнасьці кожнага з нас!

Відэазварот Івонкі Сурвілы да беларусаў з нагоды Дня Волі:

Дваццатае стагодзьдзе было адным з найстрашнейшых у гісторыі чалавецтва, і асабліва моцна пацярпеў наш край. Мы вытрымалі дзьве чужыя вайны, шматлікія спробы генацыду нашага народу — высылкі, расстрэды, дыктатуры, выгнаньне траціны нашага народу ў замежжа. Чужакі нішчылі нашую прыгожую мову, нашую шматвяковую культуру, нашую веру, нашае пачуцьцё годнасьці. Нягледзячы на ўсё гэта, мы выжылі. Мы жывём, і жыве Беларусь!

Дарагія суродзічы, прыпамінаю цяжкія часы, каб вы не зьнеахвоціліся.

Калі мы часам робімся больш асьцярожнымі, ці памяркоўнымі, гэта таму, што адчуваем, што надыходзяць цяжкія часы, і нам трэба іх перажыць.

Сёньня, аднак, хачу яшчэ раз выказаць вам сваю веру, што мы дасягнем тае лепшай будучыні, пра якую мы марым. Пацьверджаньне нашай моцы бачым у зусім нядаўняй гісторыі — калі 25 жніўня 1991 году беларусы здолелі скарыстаць шанец і аднавілі Незалежнасьць, зьдзейсьніўшы мару пакаленьняў. І вось ужо чвэрць стагодзьдзя наш край незалежны — але ўсё яшчэ не свабодны.

Прыйдзе час, калі будзем сапраўды той незалежнай, вольнай дзяржавай, пра якую гаварылі нашыя Дзяды, калі наш кай далучыцца да сям’і заможных і паважаных эўрапейскіх народаў. Мы даказалі, што мы вартыя гэтай павагі.

Жадаю вам сёньня мужнасьці і вытрываласьці. Мы яшчэ пабачымся у вольнай Беларусі. Моцна веру ў гэта, і хачу, каб кожны з вас у гэта верыў.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла, Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі

Сакавік 2016».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG