Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускамоўны верш перамог на міліцэйскім конкурсе ў Магілёве


У паэтычным конкурсе, арганізаваным Упраўленьнем унутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму, перамог беларускамоўны верш.

Дзякуючы твору васьміклясьніка з райцэнтру Кіраўск Уладзіслава Чэкулаева беларускай мовы паболела на сайце абласной міліцыі.

У міліцэйскіх паведамленьнях беларуская мова выкарыстоўваецца рэдка. Сайты Міністэрства ўнутраных спраў і яго абласных упраўленьняў нават ня маюць беларускамоўных вэрсіяў.

Беларускамоўная назва верша-пераможцы ў спрэс расейскамоўнай стужцы навінаў на сайце абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў выглядала незвычайна.

Будынак абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму
Будынак абласнога ўпраўленьня ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкаму

Кіраўнік аддзяленьня прафіляктыкі і грамадзкіх сувязяў ведамства Дзьмітры Ігнатовіч заўважыў, што верш «Лёс — у міліцыі служыць!» перамог у конкурсе не таму, што напісаны на беларускай мове:

«У нас дзьве дзяржаўныя мовы, і беларуская, і расейская. Але гэты верш сапраўды быў найлепшы на конкурсе кампазыцыяй, рыфмай, дый сэнсам. У ім удала адлюстраваныя розныя міліцэйскія пасады, сама праца ў міліцыі. У вершы адчуваецца, што служба ў міліцыі — сапраўды лёс», — аргумэнтаваў перамогу беларускамоўнага верша Дзьмітры Ігнатовіч.

Сёлета канцэрт і ўрачыстае пасяджэньне да Дня міліцыі праходзілі ўпершыню паводле беларускамоўнага сцэнару

З журналістам міліцыянт гаварыў па-беларуску. На пытаньне, ці можа так стацца, што верш школьніка падштурхне абласное ўпраўленьне ўнутраных спраў стварыць беларускамоўную вэрсію сайта і больш выкарыстоўваць беларускую мову, суразмоўца адказаў: «Чаму і не. Гаварыць, аднак, канкрэтна, што гэтак і будзе, я, зразумела, не магу».

«Але вось просты прыклад. Сёлета ў Палацы культуры вобласьці канцэрт і ўрачыстае пасяджэньне да Дня беларускай міліцыі праходзілі паводле сцэнарнага пляну, які ўвесь быў на беларускай мове», — сказаў Дзьмітры Ігнатовіч.

Багата нашых аўтараў, сумесна з прафэсійнымі журналістамі раённых газэт, пішуць артыкулы крымінальнай і прафіляктычнай тэматыкі менавіта на беларускай мове.

«Багата нашых аўтараў, сумесна з прафэсійнымі журналістамі раённых газэт, пішуць артыкулы крымінальнай і прафіляктычнай тэматыкі менавіта на беларускай мове. І гэта ўжо не падзея. Але вось сёлетні канцэрт да Дня міліцыі на беларускай мове праходзіў упершыню. Такога раней не было».

Са слоў Дзьмітрыя Ігнатовіча, цяжкасьці пры напісаньні беларускамоўных тэкстаў палягаюць у тым, што «Крымінальны кодэкс і асноўныя дакумэнты пададзеныя на расейскай мове».

«Але ўсё роўна мы арыентуем нашых супрацоўнікаў на тое, каб яны пры неабходнасьці на беларускамоўныя звароты адказвалі на беларускай мове», — сказаў Дзьмітры Ігнатовіч.

Пазьней на сайце Ўпраўленьня ўнутраных спраў сапраўды зьявілася беларускамоўная нататка зь Бялыніцкай раёнкі «Зара над Друццю». Але, як і беларускамоўная назва верша-пераможцы конкурсу, яна гублялася ў расейскамоўным моры навін пра дзейнасьць абласной міліцыі.

Верш па-беларуску паэт-пачатковец склаў упершыню

Чатырнаццацігадовы паэт-пачатковец вучыцца ў гімназіі райцэнтру. Ён упершыню напісаў верш на беларускай мове. Пра гэта сказала ягоная маці Тацяна Сяргееўна. Паводле яе, беларускамоўны твор Уладзіславу даўся няпроста.

«Ён піша на расейскай мове, але гэты ж год — Год культуры, і настаўніца беларускай літаратуры запыталася ў яго: „Уладзе, можа паспрабуеш напісаць верш на беларускай мове?“. Ён паспрабаваў, — апавядае маці пераможцы конкурсу. — Некаторыя словы сын ня мог падабраць, дык са слоўнікамі працаваў ці ў мяне выпытваў. Раней Уладзіслаў калі і браўся за беларускамоўныя вершы, то выходзілі кароткарадкоўі. Такі вялікі верш ён напісаў упершыню».

Уладзіслаў Чэкулаеў (з архіву сям’і Чэкулаевых)
Уладзіслаў Чэкулаеў (з архіву сям’і Чэкулаевых)

Тацяна Сяргееўна не хавае, што зьдзівілася, як пачула, што сын перамог на конкурсе. «Верш жа ў яго атрымаўся з просьценькай рыфмай. На расейскай мове ў яго нашмат больш складаныя творы», — заўважае яна.

«Але радасьці ў яго было многа, а пагатоў, што яшчэ ў міліцыі адзначылі. Сыну падабаецца гэтая прафэсія. За перамогу яму далі дыплём і падарунак. Мяне найбольш уразіла, як сын у вершы апісаў будні міліцыі. Пытаюся: «Уладзе, адкуль ты ведаеш, як міліцыя працуе?». А ён адказвае: «Мама, дык цяпер у фільмах пра гэта паказваюць...»

Ня часта чую беларускую мову ў жыцьці

Уладзіслаў пацьвярджае словы маці наконт цяжкасьцяў, зь якімі ён сутыкнуся, як складаў беларускамоўны верш. «Дапамагалі слоўнікі», — адзначае хлопец.

«Для мяне беларуская мова ня дужа лёгкая, бо яе ня часта чуеш у жыцьці, таму ўвесь верш складаўся цяжка», — прызнаецца пераможца паэтычнага конкурсу Ўпраўленьня ўнутраных спраў.

Свой верш пра міліцыю паэт-пачатковец скончыў словамі:

«... Калi ты там служыць захочаш,
Зь дзяцiнства волю закаляй,
Гартуй характар днi i ночы,
Тварыць дабро не забывай!»

Паэтычны конкурс «Судьба — в милиции служить!» праводзіўся сярод навучэнцаў падшэфных школ міліцэйскага ведамства. Свой верш Уладзіслаў Чэкулаеў прысьвяціў, як пададзена на сайце ўпраўленьня, «складаным будням міліцэйскай службы». Назвай свайго твору падлетак паказаў арганізатарам, як назва конкурсу павінна перадавацца па-беларуску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG