Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія кіраваньня: «Вас многа – я адна!»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Клясычны зварот савецкай прадавачкі да пакупнікоў у чарзе вар'яваўся па форме ад дабразычлівага «вось ужо і памерці спакойна не дадуць» да агрэсіўнага хамства з лаянкай. У загаловак я ўзяў сярэдні пасыл.

На першы погляд, «вас многа – я адна!» як бы заклікае да спагады, да спачуваньня чалавеку, які апынуўся ў складанай сытуацыі. А насамрэч гэта дэклярацыя перавагі. Маўляў, што б вы ні спрабавалі зрабіць, я буду кіраваць не па правілах, а выключна на свой глузд. А такой вось «царыцай марской» прадавачку рабіла складаная эканамічная сытуацыя, калі ў людзей выбару амаль не было.

Ёсьць два супрацьлеглыя прыклады, калі кіраўніцтва краіны абвяшчае, што бліжэйшым часам з даходамі грамадзянаў усё будзе складана, «чакаюць цяжкія часы».

У Польшчы пасьля перамогі дэмакратыі ўрад Лешка Бальцаровіча не хаваў, што пачынаюцца рэформы, што шмат хто пацерпіць, але ўрэшце праз пэўны час уся краіна разам выберацца з эканамічнай ямы. Былі агучаныя не галаслоўныя абяцаньні, а канкрэтны плян: што, у чым, як і калі будзе зьмяняцца падчас рэформаў. Сытуацыя падабалася далёка ня ўсім, многім быў больш блізкі варыянт беднай, але стабільнай «сініцы ў руках». Але ва ўмовах дэмакратыі партыя «застабілаў» прайграла гатовым рызыкнуць дзеля ўласнай будучыні. Урэшце, польская эканоміка пачала разьвівацца.

Ёсьць іншы падыход да мабілізацыі грамадзтва перад цяжкасьцямі. Ствараецца пэўны ідэалягічны культ, кшталту, «мы маем рацыю, а вакол усе памыляюцца, а таму вакол усе ворагі». Мяркуецца, што на эмацыйным ідэйным уздыме, які штодня падсілкоўваецца прапагандай, насельніцтва мабілізуецца, і дружна пераадольвае складаны пэрыяд. Урэшце, усё ператвараецца ў Паўночную Карэю альбо ў Кубу – у залежнасьці ад мэнталітэту.

Але ў абодвух выпадках, і дэмакратычным, і таталітарным важным складнікам ёсьць ідэя. Ці высьпявае сярод большасьці і рэалізоўваецца кіраўніцтвам, ці навязваецца людзям групай узурпатараў улады, у кожным разе ёсьць моцная супольная ідэя.

У Беларусі цяпер прыдумляюцца новыя падаткі, людзей рыхтуюць да 100% аплаты камуналкі, цяпер вось за ратаваньне легпраму ўзяліся, нібы хтосьці адмовіцца ад сучаснага дызайну і якасьці на карысьць выродлівых адзёжак галіны-мутанта. Абмежаваньні на ўвоз імпарту звычайнымі людзьмі... Новаўвядзеньні пайшлі цугам і ператвараюцца ў карусэль.

І ні слова пра пляны. Маўляў, пацярпіце, усё гэта трэба, каб зрабіць паляпшэньні такім і такім чынам у такія і такія тэрміны. Проста ставяць перад фактам.

У Беларусі ўсе стаяць перад прылаўкам, і слухаюць варыяцыі на тэму «вас многа – я адна!». «Не падабаецца – ідзіце ў іншы магазін», «я вас сюды не запрашала», «бярыце што даюць», «я сама вырашаю, каго пусьціць без чаргі», «імпарт завозілі не для вас, перадайце Івану Іванавічу», «а ты яшчэ пагавары, вапшчэ абслугоўваць ня буду!».

Чарга павялічваецца, пачынаецца штурханіна, пасьля сваркі, пасьля бойкі, пасьля прыяжджае міліцыя, усіх разводзіць, каб атрымлівалі «ў адны рукі». Але тут жа побач пачынаюць круціцца непрыкметныя людзі, якія прапануюць лепшы тавар, хоць і за большы кошт. І прадавачка больш непатрэбная. Так, міліцыя страшыць, але што рабіць?

Прыблізна так я бачу недалёкую будучыню краіны. Дэмакратыі няма, але межы адкрытыя. Новыя формы кантрабанды, і новыя, і добра забытыя канфігурацыі шэрага гандлю, татальная дробная карупцыя, бо закліканыя кантраляваць і «не пушчаць» знаходзяцца ў такой самай складанай эканамічнай сытуацыі як і ўсе, а за ідэю ніхто не працуе, дый ідэі няма.

Насамрэч, ідэя была, канечне: «Я вам гарантую сініцу ў руках, а вы ў чарзе не шуміце і парадак не парушаеце». Але ідэя наўпрост не агучвалася, а таму для людзей у чарзе не відавочная. А таму ў прадавачкі цяпер пачынаецца гістэрыка, бо ня можа яна прызнацца, што прайграе тым, каму наабяцала.

Чарга адсоўваецца ад прылаўку і пачынае займацца гандлем міжсобку. Міліцыі пабайваецца, але міліцыі на ўсіх ня хопіць, а Паўночную Карэю рабіць позна. Для прадавачкі нявыкрутка, а для кагосьці замільгалі новыя магчымасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG