Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 11 лютага: 1-я гадавіна «Менскіх пагадненьняў», дзень хворага і «Пляменьнік чараўніка» па-беларуску


"Напалеон Орда". Ляіля і Валянцін Варэцы.
"Напалеон Орда". Ляіля і Валянцін Варэцы.

Падзеі гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Менск. Менскія пагадненьні праз год: дасягненьні, выклікі, урокі. Міжнароднай канфэрэнцыя з такой тэмай пройдзе з удзелам экспэртаў з краін Нарманскай чацьвёркі — Расеі, Украіны, Францыі і Нямеччыны. На адкрыцьці выступяць міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей і прадстаўнік АБСЭ Марцін Сайдзік. Год таму ў Менску сустрэліся Ангела Мэркель, Франсуа Алянд, Пятро Парашэнка і Ўладзімер Пуцін, каб абмеркаваць пошук мірнага рашэньня для Данбасу.

Менск. Пасольства Ўкраіны запрашае на выставу «З Украінай у сэрцы». Можна будзе паглядзець творы беларускіх і ўкраінскіх мастакоў, якія ў лістападзе 2015 году правялі пленэр у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі. (Менск, вул. Старавіленская, 51, пачатак а 17-й).

Менск. У кнігарні ЛогвінаЎ — пачатак міжнароднага паэтычнага фэстывалю «Вершы на асфальце», прысьвечанага памяці Міхася Стральцова. Прыедуць паэты зь дзесяці краін сьвету. Пралёгам стане вечар Ятана Барга (Ізраіль). Удзел бяруць Андрэй Хадановіч і Павал Касьцюкевіч. Пачатак а 19-й.

Менск. Галерэя Ў запрашае на прэзэнтацыю беларускага перакладу першай часткі знакамітага раману Льюіса «Хроніка Нарніі» (Пляменьнік чараўніка). Пераклад Надзеі Кім. Магчымасьць замовіць кнігу па выгаднай цане. (пр. Незалежнасьці, 37А) Пачатак а 19-й.

Таксама сёньня:

Усясьветны дзень хворага. Заснаваны ў 1992 годзе на прапанову папы Яна Паўла ІІ. Незадоўга перад гэтым самому папу паставілі дыягназ хваробы Паркінсона.

У гісторыі:

1959 — у Менску адкрыўся Дзяржаўны цырк.

1979 — перамога ісламскай рэвалюцыі ў Іране, пасьля трох сутак вулічных баёў з ўрадавымі войскамі прыхільнікі аяталы Хамейні бяруць пад кантроль Тэгеран.

1990 — Пасьля падпісаньня апошнім белым прэзыдэнтам Паўночна-Афрыканскай Рэспублікі Фрэдэрыкам дэ Клеркам указу аб легалізацыі рухаў супраць рэжыму апартэіду выйшаў на свабоду пасьля 27-гадовага зьняволеньня Нэльсан Мандэла.

1999 — утвораная Канфэрэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

2011 — перамога рэвалюцыі ў Эгіпце: прэзыдэнт Хосьні Мубарак падаў у адстаўку, перадаўшы ўладу Вышэйшай радзе ўзброеных сілаў.

2012 — у Беларусі набыў моц новы закон пра дзяржслужбу. Паводле яго, дзяржаўныя службоўцы павінны адмаўляцца ад Карты паляка, калі пасьпелі атрымаць яе.

2015 — у Менску прайшла сустрэча «нарманскай чацьвёркі» ( лідэраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі), міжнародная спроба дыпляматычнага вырашэньня канфлікту на Данбасе.

У гэты дзень нарадзіліся:

1807 — Напалеон Орда, беларускі мастак, піяніст, кампазытар і пэдагог. Віды вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў, гарадоў, якія намаляваў Орда — часта адзінае сьведчаньне пра помнікі архітэктуры, якіх даўно няма.

1847 году нарадзіўся амэрыканскі вынаходнік у галіне электрычнасьці Томас Элва Эдысан. Усяго імем Эдысана пазначана больш за тысячу розных прыдумак і рацыяналізацыяў.

1875 — Васіль Качалаў, адзін з самых славутых актораў у гісторыі расейскага тэатру. Няшмат хто ведае, што Качалаў — гэта псэўданім, што паходзіў артыст зь беларускага роду, што нарадзіўся ён у Вільні і што сапраўднае прозьвішча яго Шверубовіч.

Цытата на памяць:

Чалавеку, які своечасова і ўмерана займаецца фізычнымі практыкаваньнямі, непатрэбна ніякае лячэньне ад хваробаў.

Авіцэна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG