Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці патрэбнае Беларусі масонства


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Пытаньне хутчэй рытарычнае. Беларусь – апошняя ў Эўропе краіна, дзе няма сваёй масонскай юрысдыкцыі. У пэўным сэнсе нічыйнае поле, што некаторым дае падставу і за краіну нас не ўспрымаць.

Ня буду тут прыводзіць і абвяргаць шматлікія забабоны, зьвязаныя з Каралеўскім мастацтвам (адна з назваў вольных муляраў або масонаў). Як даніну традыцыі, масоны захоўваюць таямніцу рытуалаў, што і правакуе дасужых інтэрпрэтатараў на ўсялякія небыліцы.

Масонства, у якое праз сіта жорсткага адбору трапляюць толькі «людзі вольныя і добрых звычаяў», ставіць мэту ўдасканаленьня сьвету праз удасканаленьне сябе. Інакш кажучы, чым больш прыстойных людзей будуць трымацца разам, тым лепшы будзе наш сьвет. Прыстойныя людзі ўвогуле ня вельмі ахвотна аб’ядноўваюцца, а такіх прыкладаў, каб іх аб’ядноўвала нешта адно па ўсім сьвеце, увогуле не прыгадаю. Прынамсі, сусьветнае масонства, якому налета споўніцца 300 гадоў, у гэтым сэнсе ўнікальны і эфэктыўны прыклад. У гэтым і ўвесь сэнс «масонскае змовы».

Пра гісторыю масонства напісана шмат. Гэта агульнаэўрапейская традыцыя. Калі высакародныя рыцары пачалі сыходзіць у гісторыю, ім на зьмену і прыйшлі масоны. Свае рытуалы яны ўзялі ў вольных муляраў – рэальных будаўнікоў храмаў, замкаў і палацаў. Духоўныя каштоўнасьці масоны імкнуцца ўспрымаць праз сымболіку рацыянальнага – геамэтрыю, геаграфію ды іншыя навукі. Вялізная колькасьць геніяў чалавецтва былі масонамі. Вальтэр, Моцарт, Гётэ, Вашынгтон і Чэрчыль – толькі пяць адвольных імёнаў зь вялізнага сьпісу (даступна ў сеціве). Першыя беларускія лёжы ў новым часе былі закладзеныя братамі Луцкевічамі сто гадоў таму – гэта быў працэс, паралельны з высьпяваньнем новай беларускай незалежнай дзяржаўнасьці.

Для таго, каб у нашай краіне ўзьнікла масонская юрысдыкцыя, тут мусіць быць як мінімум тры беларускія лёжы іншых юрысдыкцый, напрыклад, польскай, літоўскай і расейскай або ўкраінскай. Гэта перадумова таго, што вялікія лёжы гэтых краін супольна змогуць закласьці Вялікую лёжу Беларусі або, па-масонску, прынесьці ў Беларусь сьвятло. Далей, каб беларускае масонства зьявілася, яго павінны прызнаць найбольш аўтарытэтныя ў сьвеце вялікія лёжы – Англіі, Нямеччыны, Францыі, а таксама Швэцыі і Турцыі і, само сабою, суседніх краін. Прызнаньне – адзіны ў масонстве спосаб легітымацыі. Вялікая лёжа павінна мець афіцыйную рэгістрацыю ў сваёй краіне, бо падпольнага масонства не бывае. Інакш яно не прызнаецца за рэгулярнае.

Вядома, гаворка ідзе ня толькі пра фармальную дасьпеласьць Беларусі спаміж іншых эўрапейскіх краін. У цяперашнія часы стагнацыі, дэградацыі грамадзка-палітычных структур, няяснай ролі царквы і засільля прапаганды, прыстойным людзям, якіх нямала ў нашай краіне, вельмі важна адчуваць сябе адной супольнасьцю, каб супрацьстаяць якой заўгодна дэструкцыі. Масоны называюць сябе братамі і кіруюцца выключна братэрскімі дачыненьнямі. Стаўшы масонам, беларускі чалавек будзе адчуваць братэрскую падтрымку як суайчыньнікаў, так і мільёнаў братоў ва ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG