Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чэхіі ствараюць партыю ў падтрымку Пуціна


Новая структура хоча змагацца з «гегемоніяй ЗША» ў сьвеце і ператварыць Чэхію ў «мост паміж Усходам і Захадам».

Аб фармаваньні новай палітычнай адзінкі паведаміў (у інтэрвію чэскаму прадстаўніцтву расейскага дзяржаўнага агенцтва «Спутник») яе лідэр Іржы Вівадзіл. Палітычны рух (ці нават партыя), паводле яго слоў, ствараецца на аснове нефармальнай структуры «Сябры Расеі ў Чэскай Рэспубліцы», якая зьявілася ў сакавіку 2015 як група ў Facebook.

Іржы Вівадзіл — вядомы ў Чэхіі юрыст і палітык, у мінулым — дэпутат чэскага парлямэнту, сэнатар, намесьнік міністра юстыцыі Чэскай рэспублікі ў 2005-2006 гадах і судзьдзя Вярхоўнага адміністрацыйнага суда ў той жа перыяд.

Паводле Вівадзіла, штуршком да ператварэньня нефармальнай структуры ў палітычную стала нядаўні працяг краінамі захаду санкцый супраць Расеі. Мэта руху — стварыць «крытычную альтэрнатыву» партыям.

«Мы перакананыя, што за чвэрць стагодзьдзя, якія аддзяляюць нас ад 1989 года, легкадумны дрэйф у бок Захаду завёў нас у пастку. Мы сталі саўдзельнікамі злачынстваў у Іраку, Лібіі і Сырыі, а менавіта гэтыя канфлікты — прычына шматмільённай міграцыі, якая ахапіла сёньня Эўропу».

У інтэрвію Іржы Вівадзіл выказвае салідарнасьць зь цяперашнім прэзыдэнтам Чэхіі Мілашам Зэманам, які не валодае, згодна з чэскай Канстытуцыяй, сур’ёзнымі паўнамоцтвамі, аднак бліскуча валодае антызаходняй рыторыкай. У калядным звароце да народа Зэман, у прыватнасьці, назваў масавую міграцыю апошняга года «сплянаваным уварваньнем».

Сярод блізкіх яму сусьветных палітыкаў Вівадзіл назваў лідэра «Нацыянальнага фронту» Францыі Марын Ле Пен, былога прэм’ера Грэцыі Алексіса Цыпраса і амэрыканскага рэспубліканскага палітыка Дональда Трампа (усіх іх лічаць «сябрамі Расеі»). Асноўная палітычная тэза Вівадзіла — неабходнасць барацьбы з «панаваньнем ЗША ў сьвеце».

Пераадолець «амэрыканскую гегемонію», на думку Вівадзіла, можа толькі цяперашні прэзыдэнт Расеі ў супрацы з Кітаем або Індыяй.

Для таго, каб падаць дакумэнты на рэгістрацыю, прапуцінскі рух у Чэхіі павінен сабраць тысячу подпісаў. Па фінансаваньне сваёй дзейнасьці Іржы Вівадзіл плянуе зьвярнуцца да грамадзян Расеі. На яго думку, расейцам будзе выгадна, калі Чэхія стане «мостам паміж Усходам і Захадам».

Прарасейскія партыі ўжо існуюць у некалькіх краінах Эўропы. У прыватнасьці, у Вялікабрытаніі створаная партыя «За Расею» — «для абароны інтарэсаў рускіх і рускамоўнага насельніцтва на тэрыторыі Вялікабрытаніі». А ў суседняй з Чэхіяй Славаччыне на выбары 2016 ідзе прарасейская кааліцыя «Адвага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG